заплы́сці 1 і заплы́ць 1, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

Плывучы, трапіць куды‑н., за што‑н. Заплыць за востраў. Далёка заплыць. □ Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях? Гартны.

заплы́сці 2 і заплы́ць 2, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым і без дап. Напоўніцца, пакрыцца чым‑н. цякучым, сыпкім. Вочы заплылі слязамі. □ Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Нанава заплыла граззю, скупа зарасла зверху травою. Крапіва. // Зрабіцца маленькім, звузіцца ад распаўнелых або распухлых шчок (пра вочы). Вочы заплылі хіжаю сыццю. Гарэцкі.

2. чым і без дап. Распаўнець (ад тлушчу, ацёкаў, пухліны і пад.). [Верхаводка:] Табе хоць трохі трэба рухацца, а то заплывеш. І так на табе лопаецца ўсё, а тады зусім, як тая бочка будзеш. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)