сро́дак, -дку, мн. -дкі, -дкаў, м.
1. Прыём, спосаб дзеяння для дасягнення, ажыццяўлення чаго-н.
Усімі сродкамі змагацца за мір на зямлі.
2. Прадмет, сукупнасць прыстасаванняў, неабходных для ажыццяўлення якой-н. мэты.
Сродкі вытворчасці.
Сродкі сувязі.
3. Тое, што служыць якой-н. мэце, неабходнай для дасягнення чаго-н.
Мова — важнейшы с. зносін.
4. Лекі, медыцынскія прэпараты, неабходныя пры лячэнні.
Сродкі ад крывянога ціску.
С. ад кашлю.
5. мн. Грошы, матэрыяльныя каштоўнасці.
Абаротныя сродкі.
Чалавек са сродкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
сро́дак, ‑дку, м.
1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам. Брыль. Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру. Машара.
2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк. Залескі. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод! Караткевіч. // Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы. Праграма КПСС. // Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына. Лынькоў. // перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.
3. толькі мн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі. «Беларусь». Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку. Васілевіч. Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Шамякін.
•••
Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)