шко́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да школы (у 1, 2 знач.). Школьны будынак. Школьны двор. Школьная сістэма ацэнкі ведаў. // Які абслугоўвае школу, працуе ў школе. Школьныя настаўнікі. Школьны ўрач. Школьная бібліятэка.

2. Звязаны з навучаннем у школе, знаходжаннем у школе. Школьныя прыналежнасць. Школьная форма. Школьны ўзрост. Школьныя гады. Школьны таварыш. Школьныя канікулы. □ Маленства! Ты гарыш агнём начлежным, Ты школьным заліваешся званком. Панчанка.

3. Праведзены, выкананы ў школе, школьнікамі, сярод школьнікаў. Школьная насценгазета. □ Перадавалі аб усім: .. на колькі працэнтаў выканала дзённае заданне брыгада цесляроў, хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін. // Які складаецца са школьнікаў, створаны школьнікамі (звычайна адной школы). Школьны хор. Школьная самадзейнасць. Школьная каманда гімнастаў. // Прызначаны для школьнікаў; разлічаны на школьнікаў. Школьны лекторый.

4. перан. Несамастойны, вучнёўскі, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Школьныя разважанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыбо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую глыбіню (у 1 знач.). Глыбокая нара. Глыбокая яма. Глыбокая рака. □ Усюды было многа вузкіх дарожак з глыбокімі каляінамі. Чорны. // Зроблены, праведзены на значную глыбіню. Глыбокае ворыва. // Які мае большую глыбіню ў параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Глыбокая талерка. □ Твар .. [маці] заклапочаны, пад вачамі туга праклала глыбокія маршчыны. Кавалёў. // Далёкі, які не мае бачных граніц. У глыбокім начным небе высыпалі мірыяды зор. Лынькоў. // Які залягае тоўстым слоем. Снег быў глыбокі, пульхны, але добра трымаў лыжы. Алешка. [Коні] пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Брыль.

2. Які знаходзіцца далёка ад паверхні ці пранікае на значную глыбіню (у 2 знач.). Глыбокае дно. Глыбокі нырок. // Які выходзіць з глыбіні (у 3 знач.). Дыханне рабілася рытмічным і глыбокім. М. Ткачоў. Голас быў роўны, ціхі і глыбокі. М. Стральцоў. // Праніклівы (пра позірк, вочы). Глыбокі позірк. □ Перад.. [Зорыным] паўстаў мілы вобраз Надзейкі, яе нейкія асаблівыя вочы, глыбокія, як мора. Гурскі. Вочы ў Алёнкі цёмныя, глыбокія. Кандрусевіч.

3. Аддалены ад граніц чаго‑н. або размешчаны ўсярэдзіне чаго‑н. Глыбокі тыл. □ Жыў ляснік са сваёй леснічыхай Каля завадзі ціхай, Каля возера ў пушчы глыбокай Ад вёсак далёка. Куляшоў. Сябрам-партызанам [Дубяга] сказаў не чакаць З глыбокай разведкі раней як дзён пяць. Танк. // перан. Даўно мінулы; аддалены (пра час). Глыбокая старажытнасць.

4. Змястоўны, важны, грунтоўны. Глыбокія веды. Глыбокі аналіз паэмы. // Значны, істотны (пра змест, уклад у што‑н. і пад.). Пакінуць глыбокі след у літаратуры. □ Я толькі сёння распазнаў Глыбокі сэнс звычайных ісцін... Глебка.

5. Які дасягнуў высокай ступені; поўны, моцны (пра пачуцці, стан і пад.). Глыбокая любоў. Глыбокае маўчанне. □ Сцёпка падыходзіць да Алёнкі. Па голасу яго яна чуе глыбокую да яе павагу. Колас. Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора. Гартны. // Які дасягнуў найвышэйшай ступені, мяжы ў сваім развіцці. Глыбокая старасць. // Позні, глухі (у 5 знач.). У глыбокую восень, скончыўшы навігацыю, параходы заходзілі ў загон. Ракітны.

6. Нізкі, шчыры (пра паклон). З паклонам ветлым і глыбокім сустрэў пасланак гаспадар. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)