засмя́гнуць і засма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Звяць, засохнуць ад недахопу вільгаці. — Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся, — радавалася гаспадыня першаму чэрвеньскаму дажджу. Грахоўскі.

2. Высахнуць, перасохнуць (пра губы, рот). [Хвошч] цяжка, з надрывам соп.., бо не было як дыхаць — у роце ўсё засмягла. Лупсякоў. Засмаглі вусны, і запёкся рот. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Знемагчы, змучыцца ад смагі, гарачыні. Недалёка ў кустах, у траве, верасах Булькатала паціху крыніца: — Не здавайся, салдат! Ты, магчыма, сасмаг? Дам уволю табе я напіцца. Бялевіч. / у перан. ужыв. Паведаміла матка і аб крамніку Ёселю, які нібы матцы сваёй прызнаўся, што яго сэрца даўно сасмагла па Рыве. Лынькоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасохнуць (пра губы, горла, рот). Прыступамі так хапала жывот, што хоць садзіся. На твары выступіў пот і сасмаглі губы. Мыслівец. / у безас. ужыв. Сасмагла ў роце. // Звянуць, пасохнуць ад недахопу вільгаці (пра траву, пасевы і пад.). Сасмаглі дрэвы навакол. І ўсё, што з іх радні. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пасох, ‑ла; зак.

1. Зрабіцца, стаць сухім, страціўшы вільгаць; высахнуць. Бялізна пасохла. □ — Снедай, — сказала .. [Вілю] маці, — а то аладкі ў печы зусім пасохнуць. Чарнышэвіч. Дзе ўшчэнт пасохла Зямля без жывых расін, Засмягла і стала [в]охрай Лісце лясных раслін. Калачынскі. Усцяж вады лужок быў стаптаны скацінай, людзьмі, птушкамі, пабурэў за лета, пасох. Карамазаў. // Перасохнуць (пра вусны). Твар рэдактара быў памяты, пад вокам сіняк, губы пасохлі. Гурскі. // Выпарыцца, знікнуць (пра вадкасць). Лужыны пасохлі. □ Ён [амерыканскі салдат] цешыцца! Кладзе свой брудны след На той зямлі, дзе не пасохла кроў яшчэ. Панчанка.

2. Звянуць, засохнуць ад неспрыяльных умоў — пра ўсё, многае. Дваццаць пяць дзён дажджу не было, Дваццаць пяць дзён не было расы, Дваццаць пяць дзён панаваў спалох: Жыта пасохла, згарэлі аўсы. Хведаровіч. Навалам ляжала вялікае каменне. Яго панакідана так густа, што багата якія дрэўцы, заціснутыя паміж імі, пасохлі. М. Стральцоў.

3. Разм. Схуднець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

4. Сохнуць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чым 1, злучн.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца для сувязі параўнальных сказаў і членаў сказа са значэннем параўнання, супастаўлення, якія паясняюць у галоўным сказе прыслоўе ці прыметнік у форме вышэйшай ступені параўнання. Хутчэй перасохнуць крыніцы ды рэкі, Чым клятву парушу сваю. Бялевіч. Чым па-рабску жыць на каленях, лепей стоячы паміраць! Таўлай. [Паўліна:] Не, сваток, нас такім козырам не заб’еш. Мы крыху дужэйшыя, чым ты думаеш. Крапіва. Алесь бегаў на каньках значна лепш, чым на лыжах. Шыцік. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.

2. злучн. супастаўляльны. Падпарадкоўвае даданыя супастаўляльныя сказы і часткі сказа пры суадносным слове «тым» у галоўным сказе. І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.

3. Уваходзіць у склад састаўнога непадзельнага злучніка «перш чым», пры дапамозе якога падпарадкоўваюцца даданыя часавыя сказы. Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць старое карэнне... Зарэцкі. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана Томчака. Бажко.

чым 2,

гл. што ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)