Нагада́цьнапомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

напамі́нак, ‑нку, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напомніць. Зрабіць без напамінку. Падзякаваць за напамінак. Не чакаць напамінку.

2. Паведамленне, зварот, якія напамінаюць аб чым‑н. Прыйсці пасля другога напамінку. Атрымаць напамінак. □ Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе не адчуваў — пішы! Лужанін. // Прадметы, словы і пад., якія напамінаюць аб чым‑н. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго (што). Ведучы, памагчы дайсці.

П. дзяцей дадому.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго (што). Паслужыць шляхам да чаго-н.

Сляды прывялі паляўнічых да нары.

Сцежка прывяла на паляну.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго (што), да чаго. Давесці да якога-н. выніку, стаць прычынай чаго-н.

Новыя факты прывялі вучонага да важнага адкрыцця.

Усё гэта можа п. да вялікіх непрыемнасцей.

4. каго-што і ў што. Зрабіць што-н. (што ўказана назоўнікам).

П. ў захапленне. П. прыгавор у выкананне. П. ў належны выгляд.

5. каго. Даць прыплод, нарадзіць (разм.).

Свіння прывяла адзінаццаць парасят.

6. што. Паведаміць для падмацавання чаго-н., напомніць.

П. выказванне вучонага. П. прыклад.

|| незак. прыво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. прывядзе́нне, -я, н. (да 3, 4, 6 знач.) і прыво́д, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Нацкну́ць ’падтыкнуць, прыпомніць, навесці на думку’ (Арх. Федар.). Каранёвая частка дзеяслова атаясамліваецца з адпаведнай марфемай у польск. ocknąć ’разбудзіць, вывесці са сну’, якое выводзяць з *octnąć (Варш. сл., 3, 556), адпаведнага чэш. oc(i)tnoutiy славац. ociinüť ’прывесці да прытомнасці’, параўн. чэш. cititi ’адчуваць’ і пад.; калі прыняць этымалогію Махэка (Studie, 41) — з прасл. ot‑jьtnęti, што адпавядае літ. atjusti, atjuntu ад justi, juntu ’адчуць’; усходнеславянская форма ў гэтым выпадку была б *от‑чтнутьу параўн. рэальна зафіксаваныя рус. очкнуться (КСРНГ), бел. ачхнуць, гл. ачнуцца. Такім чынам, па форме нацкну́ць трэба разглядаць як запазычанне, аднак у польскай мове такога дэрывата не выяўлена. Затое названая форма вельмі блізкая да нацу́кнуць ’падбухторыць’, якое Насовіч адносіць да цу́кнуць ’нацкаваць; падбіць на дрэнны ўчынак’ (гл.), параўн. таксама наткнуцьнапомніць, нагадаць’ да цікнуць ’раптоўна ўспомніць’ (гл.), што можа сведчыць пра іншае паходжанне слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Паказацца падобным на каго‑, што‑н. Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Шыцік. Раптам, аднекуль зверху, данёсся жалобны пералівісты звон, які нагадваў звон маленькага ляснога вадаспада. Аляхновіч.

2. што, пра што, аб чым, з дадан. сказам і без дап. Напомніць каму‑н. пра што‑н., выклікаць успамін. Заспявалі пеўні, як гарністы, Нагадалі, што ўставаць пара. Скарынкін. У кішэньках астаткі махоркі Нагадалі мне восені пах. Хведаровіч. Помнік, што ўзняўся да зор, Парой нагадае былое... Кляўко.

3. што і без дап. Разм. Успомніць. У аповесці ёсць час — другая палова дваццатых гадоў, ёсць тапаграфія мясцовасці, ёсць добра выпісаны пейзаж. Варта нагадаць хоць бы ваколіцы Зялёнай Дубровы. Шкраба. Часамі, калі ў думках нагадаеш тую раннюю пару, уяўляюцца ласкавыя рукі маці. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аказа́цца, акажуся, акажашся, акажацца; зак.

1. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Паліна, вясёлая і рухавая, адразу ж аказалася ля механізмаў. Кавалёў. Гомель, у якім у той час жыла.. сям’я [Кавалёвых], аказаўся на крыжавых дарогах рэвалюцыі. Дуброўскі. // Апынуцца ў якім‑н. становішчы. Аказацца на волі. Аказацца ў небяспецы.

2. Стаць, з’явіцца на справе, у сапраўднасці якім‑н., кім‑, чым‑н. [Страмілін:] Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Крапіва. Пятро аказаўся чалавекам гаспадарлівым. Пальчэўскі. // безас. Стаць вядомым, відавочна выявіцца. У .. [Савося і Аксені], аказалася, было даўнішняе, старое каханне. Гамолка.

3. Знайсціся, быць у наяўнасці. Чыстай паперы за вокладкамі не аказалася. Лобан.

4. Падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. [Астаповіч:] — Можа.. [Вялічка] там жыве сабе шчасліва. І табе, адзінокаму бацьку, калі-небудзь акажацца. Чорны. // Адгукнуцца, прагучаць. Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька. Якімовіч. // Выдаць сваю прысутнасць. Мне здавалася, што калі б я не ўстаў сам з-за стала, не аказаўся, дык яна б магла мяне замкнуць на ўсю ноч. Сабаленка. // Напомніць пра сябе, паявіцца зноў. Пройдуць гады, а старыя звычаі, як тая хранічная хвароба, не-не ды і акажуцца. Асіпенка.

•••

Аказацца за бортам — тое, што і апынуцца за бортам (гл. апынуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́кінуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць вон, пазбавіцца ад чаго‑н. непатрэбнага, лішняга. Выкінуць недакуркі з попельніцы. □ [Крушынскі] непрыкметна для Івана Мацвеевіча выкінуў з каляскі мяккі пакунак. Бядуля. // перан. Выключыць, апусціць. Выкінуць раздзел з кнігі. // Разм. Звольніць з работы, пасады. Выкінуць прагульшчыка з завода.

2. Выдаліць сілаю, выштурхнуць; выгнаць. У маі захопнікаў выкінулі з Крыма. Мележ. І зноў, як і першы раз, выбух выкінуў на паверхню процьму рыбы. Асіпенка. / у безас. ужыв. [Дзед Тарас:] — Ну, Грышка, залазь у машыну. І, глядзі, трымайся добра, каб не выкінула на выбоінах! Паслядовіч. Відаць, хваля выкінула .. [рыбку] у час прыбою. Якімовіч.

3. Выставіць, высунуць рэзкім рухам. Выкінуць руку ўперад. // Узняўшы, вывесіць. Выкінуць сцяг.

4. Выпусціць, вылучыць што‑н., вывергнуць. З-за небасхілу сонца выкінула першыя праменні, разагнаўшы цьмянасць неба. Дуброўскі. Сухое ламачча, палітае бензінам, выкінула высока ў неба вогненныя языкі. Новікаў. // Пусціць парасткі, лісты і пад. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лістоў. Шахавец. Быў май. Дрэвы апрануліся ўжо ў маладую клейкую лістоту, і стогадовы каштан ля тэрасы выкінуў да неба тысячы белых конусаў-свечак. Караткевіч.

5. Выслаць наперад ці ў які‑н. бок. [Генерал-маёр:] — Цяпер прыйдзецца вам [начальніку штаба] самому ўзначаліць абарону. Выкіньце наперад каменданцкі ўзвод. Гурскі.

6. Разм. Пусціць у продаж. [Кукарэка:] — Мы ўжо на рынак спрабуем выкінуць гэту сыравіну. Грамовіч.

7. перан. Разм. Зрасходаваць, дарэмна патраціць. Трэба ж выкінуць столькі грошай!

8. Разм. Учыніць што‑н. нечаканае, незвычайнае. Выкінуць жарт. Выкінуць штуку.

•••

Выкінуць дурасць з галавы — абразуміцца, адумацца, паразумнець.

Выкінуць з галавы (сэрца, памяці) — забыць, перастаць думаць пра што‑н., спадзявацца на каго‑, што‑н. Так яно, мусіць, і было, але нельга ж выкінуць з памяці мінулае. Арабей.

Выкінуць за борт — адкінуць што‑н. або вырачыся каго‑н. як непатрэбнага.

Выкінуць каленца (калена) — а) зрабіць нечаканую фігуру ў танцы; б) учыніць што‑н. неспадзяванае, нечаканае. [Мароз:] — Чалавек — гэта, брат, пацёмкі: ты яму верыш, а ён табе такое каленца выкіне, што і галавы не дабярэш. Лобан.

Выкінуць коніка — сказаць або зрабіць што‑н. нечаканае, недарэчнае. — Натурай, натурай, дык яна [Вольга] выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна. Шамякін.

Выкінуць лозунг — заклікаць да чаго‑н., абвясціць што‑н.

Выкінуць (грошы) на вецер — марна зрасходаваць, патраціць што‑н.

Выкінуць на воканапомніць, сказаць што‑н. непрыемнае. Ну, й надаедная ж кабета: Вось так і выкіне на вока. Колас.

Выкінуць на вуліцу каго — а) выселіць з жылога памяшкання; б) звольніць з работы, пазбавіць сродкаў існавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)