Джґаць ’біць, муштраваць’, ’сячы (пра ападкі)’, ’хутка ісці, заўзята есці’ (Сцяц.), ’хутка ісці, ехаць’ (Шат.), ’джаліць’ (БРС). Запазычанне з польск. dźgać ’калоць, пароць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмі́ндзіць ’есці’ (гродз., Сцяц.), ’пляткарыць’ (лях., Янк. Мат., 123), ’муштраваць’ (клец., Жыв. сл., 180), жмі́ндыць ’плявузгаць’ (бялын., Яўс.). Укр. жміндати ’скнарнічаць’. Утворана ад дзеяслоўнага кораня žьm‑ (жаць2) з экспрэсіўным суфіксам ‑i‑nd‑a/i‑. Як і іншыя словы з гэтым коранем, развівае першаснае значэнне ’сціскваць’: ’гаварыць невыразна, сціскваючы рот’, ’пляткарыць, плявузгаць, нудна паўтараць, муштраваць’, ’есці жвякаючы, чмякаючы’; ’скнарнічаць’, ’прыціскацца’. Апошняе не адлюстравана ў запісах, аднак фіксуецца ў вытворным назоўніку жмінда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мушка́рыцьмуштраваць’ (мсцісл., Юрч.Полымя, 7, 1987), мушке́рыць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. вяц., валаг. мушка́рить ’тс’, ’выхоўваючы, сурова караць’, якое (пры ад’ідэацыі мушка́рь ’вялікі драўляны молат’) з му́шкель ’тс’ < гал. moskuil ’тс’ (пра апошняе гл. Фасмер, 3, 20).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муштр, муштра́ ’ваеннае навучанне, заснаванае на механічнай дысцыпліне і завучванні прыёмаў ваеннай справы’, му́штры ’прыдзіркі, празмерныя патрабаванні’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк.), муштроўны ’задзірысты’ (дзятл.), муштроўна ’наўмысна’ (іўеў., Сл. ПЗБ), муштрава́ць, муштрува́ць ’выхоўваць, навучаць залішне строга’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.), муштроўка ’працэс навучання маладога паляўнічага сабакі’ (Інстр. III). З польск. musztra, mustra, muster і musztrować ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 152; Кюнэ, Poln., 79; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 91), якія з ням. Muster ’узор’, mustern ’рабіць агляд’ < італ. mostra < с.-лац. monstra ’паказ, дэманстрацыя’ (Праабражэнскі, 1, 573; Варш. сл., 2, 1075; Фасмер, 3, 21).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)