тулі́цца, тулюся, тулішся, туліцца; незак.

1. Гарнуцца, прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Хлапчанё тулілася да маці і палахліва шаптала: — Я баюся, мамачка. Шамякін. Нібы да знаёмых, туліліся дзеці К савецкім байцам, абнімаючы іх. Астрэйка. За гэты час ласяняты добра падраслі; яны дрыготка пацепваліся ад холаду і туліліся да ласіхі. Кірэйчык. // Гарнуцца, прыхінацца, кахаючы каго‑н. Соладка замірала маё сэрца, калі я кружыў Таню і яна боязна тулілася да мяне. Марціновіч. — Якая ты добрая, што прыйшла ў гэтую ноч, Танечка! — шэпча абрадаваны Міхась і .. моцна туліцца да яе. Машара. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н., быць у прыязных адносінах з кім‑н. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Колас. // Набліжацца і шчыльна прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Я шчыльна тулюся да халодных аконных шыб, хапаюся рукамі за гладкую сцяну і паглынаю вачыма далёкія прасторы. Галавач. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны, туліліся бліжэй да цёплых чараноў. Мележ. Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. Гарэцкі. / у вобразным ужыв. Хвалі мора да берага туляцца. Глебка. Вечар туліўся да шэрых сцен старасвецкай будоўлі. Чорны. І вось ужо Мяне глынула вуліца, Дзе ў змроку непрагляднае начы Не толькі людзі — Дрэва к дрэву туліцца! Макаль. // Хавацца ў што‑н. Генерал туліцца ў бурку, працірае вочы. Пестрак. — Ой, я баюся! — туліцца мама ў падушку. Брыль.

2. Знаходзіць прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе‑н. у цеснаце, у непадыходзячым месцы. У часы вялікага заводу ваўначоска працуе і дзень і ноч, завозчыкі запруджваюць двор, па начах туляцца ў сенцах, у адрыне, на прыгрэбцы, а некаторыя, найбольш знаёмыя, і ў хаце. Кулакоўскі. Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. Васілевіч. Калісьці .. [музычная школа] тулілася ў двух невялічкіх пакойчыках пры Доме асветы. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы. Колас. // Ціха стаяць дзе‑н., прытаіўшыся. Не ведалі сакратар і яго маладзёжная дружына, што за яблыняй на падворку за парканам туліўся не хто іншы, як сам Мацей Гусак. Пестрак. Быццам туліцца цішком Нехта за капліцаю! Дзяргай. // Хавацца дзе‑н., ратуючыся ад каго‑, чаго‑н. Так, дорага абышлася народу гэтая блакада. Вёскі пагалелі канчаткова, людзі туліліся ў лесе, ратуючыся. Лось.

3. перан. Размяшчацца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. Прыборны і Паўленка настойвалі спыніцца ў Выселках — невялічкай вёсцы, што тулілася каля самага лесу. Шамякін. [Будынак] туліўся ля падножжа высокай скалы, нібы зрэзанай нажом зверху ўніз. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)