вы́пусташыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
1. Разм. Зрабіць пустым; апаражніць. Выпусташыць торбу сухароў.
2. перан. Пазбавіць маральнай, творчай сілы.
3. перан. Пазбавіць жывога зместу, галоўнага, самага істотнага (у вучэнні, тэорыі і пад.). Выпусташыць ідэю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распу́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца маральнай разбэшчанасцю, амаральнымі паводзінамі. [У пісьме] апісвалася, як Паходня .. бярэ пры ўсякім зручным выпадку хабар, п’е, часта начуе ў вядомай у Старыцы самагоншчыцы, распуснай жанчыны, па мянушцы — Прыхіляха. Хадкевіч.
2. Разм. Свавольны. Ладны такі хлапчучок [Валодзька], толькі .. распусны, вельмі распусны. З дзецьмі так і задзіраецца. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
боль, ‑ю, м.
Адчуванне фізічнай або маральнай пакуты. Гэтае яго [Іванава] недаўменне абарваў ашалелы ўдар у грудзі, нясцерпны боль пранізаў горла, коратка бліснула хмарнае неба, і ўсё назаўжды знямела... Быкаў. Я спачываў не раз у іх цішы, А сум і боль не гаслі ў душы: Палезлі ў бітве мінскія сады, Як адшукаць любімых дрэў сляды? Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забру́дзіць, ‑бруджу, ‑брудзіш, ‑брудзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць брудным; запэцкаць. Забрудзіць сукенку. Забрудзіць падлогу. Забрудзіць ваду.
2. перан. Пазбавіць маральнай чысціні; запляміць, зняславіць. Але знайдзі ў сабе сілы, бо гэта адзіная магчымасць ратаваць сваё шчасце, інакш яго растопчуць, забрудзяць. Шамякін. Сваім учынкам Мачулін кінуў цень і на [Ціхана], нібы забрудзіў яго чыстыя і шчырыя пачуцці да Мальвіны. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пуры́зм, ‑у, м.
1. Празмернае імкненне да ачышчэння мовы ад іншамоўных слоў, неалагізмаў, скажэнняў нормы і г. д. Ужыванне абцякальных слоў і выразаў, эўфемістычнасць, ілжывы акадэмічны пурызм і мяшчанская грэблівасць да «простых» і «моцных» слоў і выразаў — вось характэрныя прыкметы стылю і моўнай манеры буржуазнай публіцыстыкі. «Полымя».
2. перан. Празмернае, часта паказное, імкненне да маральнай чысціні.
[Ад лац. purus — чысты.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.
1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.
2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сям’я́, -і́, мн. се́м’і і (з ліч. 2, 3, 4) сям’і́, сяме́й і се́м’яў, ж.
1. Група блізкіх сваякоў, якія жывуць разам і звязаны агульнасцю побыту, узаемнай дапамогай, маральнай і прававой адказнасцю.
Вялікая с.
Мадэль сям’і.
2. перан., каго або якая. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі.
Студэнцкая с.
3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам, а таксама група некаторых жывёлін або раслін аднаго віду.
С. мядзведзяў.
С. бяроз.
○
Сям’я моў — у лінгвістыцы: група роднасных моў.
|| памянш. сяме́йка, -і, ДМ -ме́йцы, мн. -і, -ме́ек, ж. (да 1 знач.).
|| прым. сяме́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тытані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытана 1; вызначаецца велізарнай фізічнай або маральнай сілай, розумам, талентам. Тытанічны герой «Адвечнай песні», Мужык.., стаў для Купалы чымсьці накшталт маральнага крэдытора. Бярозкін.
2. Уласцівы тытану 1; вялікі па сіле, размаху; грандыёзны. Нельга не здзіўляцца яго [А.Я. Багдановіча] сапраўды тытанічнай працаздольнасці. «Полымя». Ул.І. Ленін вёў у Кракаве тытанічную рэвалюцыйную работу. «Работніца і сялянка». З кожным годам усё больш велічна і неадхільна паўстае ў вачах сучаснікаў тытанічны подзвіг народа, які зламаў хрыбет шалёным звяругам. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)