мо́крядь прост.

1. (дождливая погода) макрэ́ча, -чы ж.; (слякоть) сло́та, -ты ж., слата́, -ты́ ж.; (сырость) макрата́, -ты́ ж., вільго́тнасць, -ці ж.;

2. (о чём-л. мокром, влажном) макрэ́ча, -чы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ві́льгаць ’сырасць, макрата; вада, вадкасць’ (БРС, КТС, Нас.; КЭС, лаг.; Мал., Бяльк., Шат., Касп.); ’адліга’ (Нас.). Укр. ві́льгість ’вільгаць, сырасць’. Лексема запазычана з польск. wilgoć ’тс’ (Шатэрнік, 46; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Цвяткоў, 60) ці дакладней са ст.-польск.: ст.-бел. вилкость (з XV ст.) ст.-польск. wilkość (Карскі, Труды, 310). У сучаснай бел. мове маецца вельмі шмат новаўтварэнняў з пачатковым вільгаць‑: вільгатнець, вільгацеабмен, вільгацеаддача, вільгацелюбівы, вільгацепадʼёмны, вільгаціць, вільгацеёмістасць, вільгацястойкі, вільгацяўстойлівы і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вільго́та1 ’адліга’ (Яруш., Нас., КТС). Запазычана з польск. wilgotaмакрата, вільгаць, вільготнасць’.

Вільго́та2 ’ільгота, аблягчэнне’ (Нас.); ’выгада’ (карм., Мат. Гом.), перан. ’прыволле, раздолле’ (Юрч.). Укр. вільгота ’ільгота, аблягчэнне’, палес. вильгота ’тс’, рус. вольгота ’вольнае жыццё, воля, вольнасць, аблягчэнне’; ’прастор’; ’вызваленне ад дзяржаўнай павіннасці’. Беларуская лексема ўзнікла з ільгота з прыстаўным в‑. Рускія дыялектныя формы, магчыма, з’яўляюцца вынікам кантамінацыі з лексемай воля. Параўн., аднак (Шанскі, 1, В, 154–155). Украінская лексема, відаць, запазычана з бел. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маква́ ’дождж’ (ельск., Мат. Гом.), укр. моква́ ’слота, мокрае надвор’е’, ’нізкае, заліваемае вадой месца’, рус. дан. моква́ ’сырасць’, польск. mokwa ’дождж’, славац. mokva ’вадкасць’, moskva ’мокрае збожжа’, mokvať ’мокнуць’, ’сачыцца (аб ране)’, ’пацець (аб войнах)’, mokvavý ’сыры’; чэш. mokvavý ’які мокне’, mokvati ’цячы (аб гнойнай ране)’, ’раставаць (аб лёдзе, снезе)’, славен. močvírje ’балота, дрыгва, балацявіна’, močvírnat ’балоцісты, багністы’, серб.-харв. мо̏чвар ’сырасць, макрата ад дажджу’, ’дажджлівае надвор’е’, мо̀чвара ’лужа, стаячая вада, балота’, макед., балг. мочур ’балота, дрыгва’, ’багністая мясцовасць’. Прасл. moky, mokъve (Фасмер, 2, 639). Менш верагодна Махэк₂ (372). Ён у канчатку слова бачыць ‑var, якое рэдукавалася ў ‑va паводле слоў на ‑а (напр., mokrota).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́та1 ‘сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам’ (ТСБМ, Нас., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; ЛА, 2), ‘нешта вільготнае, ліпкае, назойлівае’ (Жыв. сл., Нар. словатв.), слата́ ‘сырое вільготнае надвор’е’ (ТСБМ, Сцяшк., Гарэц., Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., ПСл, Сл. ПЗБ), ‘назола, прыліпала’ (Ян., Нар. лекс.), слота́ ‘тс’ (ЛА, 3), слоць ‘мокрае надвор’е’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), слю́та ‘слота’, слута́, слюта́, слёта́, слю́та, слоць, слокі́та ‘тс’ (ЛА, 2). Сюды ж слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Укр. слота́, сльота́, рус. сло́та́, слоть, стараж.-рус. слота ‘непагадзь’, польск. słota, чэш., славац. slota, славен. slóta, серб. дыял. сло̏та ‘тс’, балг. сло́та ‘град’. Прасл. *slota. Роднасныя літ. šáltas ‘халодны’, šaltis ‘холад, мароз’, šálti ‘мерзнуць’, лат. sal̂ts ‘халодны’, авест. sarəta‑ ‘халодны’, новаперс. serd ‘тс’. Гл. Траўман, 298. Далей параўноўваюць з нарв. sletr н. р., sletta ‘дождж’; гл. Фасмер, 3, 675 з іншай літ-рай. Да і.-е. кораня *ꝁel‑ у значэнні ‘мерзнуць, халодны’ (Покарны, 1, 552; Гарачава, Этимология–1976, 62). Махэк₂ (556) беспадстаўна аддзяляе slota у значэнні ‘нягоднік, жулік’, slotit ‘абражаць’ ад slota у першасным значэнні. Паводле Карскага (Белорусы, 149), варыянт з націскам на першым складзе запазычанне з польск. słota, што цяжка давесці. Бязлай (3, 265), Борысь (559) параўноўваюць з літ. šlapa ‘непагадзь, даждлівае надвор’е’, лат. slapt ‘зрабіцца вільготным, мокрым’, грэч. κλέπας ‘вільгаць, макрата’, якія да і.-е. *kʼlep‑ ‘вільготны, мокры’; тады прасл. *slota < *slopta. Гл. яшчэ Скок, 3, 287; ЕСУМ, 5, 311–312.

Сло́та2 ‘насланае няшчасце’ (Касп.), ‘нешта як бы чарамі насланае’ (Варл.); сюды ж, відаць, слата́ слато́й ‘незлічона, шмат’ (Барад.). Ад слаіць (гл.) з суф. ‑от(а), аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)