гмах, ‑у, м.
Вялікі вышынны будынак. Я ў сталіцы ізноў Сярод гмахаў-дамоў, Што здзіўляюць красой небывалай. Журба. Высокі клён, Але і ён — Па пояс дому-гмаху. Макаль. // перан. Увогуле пра што‑н. вялікае, велічнае. Дуб і сосны — векавыя гмахі, Не баяцца бур і навальніц. Пысін. Грамада — вялікі гмах: Адзін ляжа, сто ідзе, А хто ж роўны грамадзе?! Купала.
[Польск. gmach з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што, чаго, аб кім-чым, пра каго-што, з дадан. сказам.
Тое, што і пытаць. Чалавек з перавязанай рукой усё пытаўся: — Братцы, а ў вас немцаў часам нямашака? Лынькоў. І прагна пальцы з пальцамі спляталіся, І нічыйго дазволу не пыталіся. Макаль. Рыгор пытаўся [у доктаркі] пра жыццё, пра бальніцу, так, пустую размову заводзіў. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спадзява́нне, ‑я, н.
Чаканне нечага, што павінна адбыцца, здзейсніцца, надзея на што‑н. У гэтай усмешцы былі і просьба, і раскаянне, і спадзяванне на нешта добрае і вялікае. Гамолка. Знікалі ўсе .. добрыя намеры і спадзяванні [Рыгора] пабудаваць сям’ю. Краўчанка. // Пра чалавека, на якога спадзяюцца, ускладаюць свае надзеі. І засталася б у маім жыцці Ты лепшай марай, лепшым спадзяваннем. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таўкатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.
2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасла́ннік, ‑а, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік адной дзяржавы ў другой, рангам ніжэй за пасла.
2. Кніжн. уст. Тое, што і пасланец. Пайшоў ён [Алёша] пасланнікам іхнім, Палез да вяршыні па схілу, І згаслі пажары, Грымоты заціхлі, Адчуўшы, што ўзняўся асілак. Калачынскі. Сплю ў каменным сховішчы кватэры, Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — Хлеб. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ато́жылак, ‑лка, м.
1. Малады парастак расліны. Каранёвы атожылак. Вішнёвыя атожылкі. □ Дрэвы так раскупчасціліся атожылкамі і шырокімі лапушнымі лістамі, што цяжка было знізу разглядзець, што робіцца на верхавіне. Вітка. А недзе ў шафе — пахавальны ліст — Яе ўдаўства мандат бестэрміновы... І зноў з пупышкі выбухае ліст — Атожылак вясновае абновы. Макаль.
2. Адгалінаванне руданоснай жылы.
3. перан. Нашчадак, патомак. Сыны ўзмужнелі, унукі падраслі — Атожылкі няскоранай дубровы. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заразі́ць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; зак., каго-што.
1. Перадаць заразу каму‑, чаму‑н. Заразіць ангінай. // Напоўніць чым‑н., шкодным для жывога арганізма. Заразіць калодзеж. Заразіць паветра міязмамі.
2. перан. Перадаць каму‑н. сваё пачуццё, схільнасць да чаго‑н. Заразіць любоўю да музыкі. □ Сваім новым жаданнем Лясніцкі заразіў і Славіна. Зарэцкі. // Перадаючыся, распаўсюджваючыся, як зараза, ахапіць каго‑н. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гайда́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца і го́йдацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рытмічна хістацца з боку ў бок або зверху ўніз. Гайдацца на гушкалцы. □ Над пожняй хвоя, Быццам памяло, Гайдаецца і размятае хмары. Макаль. // Мець хвалісты выгляд, пералівацца хвалямі (пра якую‑н. паверхню). Акіян гайдаўся на прасторы. Звонак. Густы, працяглы шолах на кукурузным полі. Радасна пазіраць Тасі, як плыве, гайдаецца пад ветрам зялёнае мора. Бялевіч.
2. Зал. да гайдаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбе́г, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разбягацца — разбегчыся (у 6, 7 знач.). Прабіўся [ручай] праз снег І вось пачынае паволі Разбег. Макаль.
2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разбягацца — разбегчыся (у 5 знач.). Назаўсёды палюбіў імклівы разбег сталёвых рэек чыгункі Пеця Трацэнка. Шыловіч.
•••
З разбегу — а) набраўшы скорасць, разбегшыся. І па снезе коні мчацца, Ім з разбегу не стрымацца. Русак; б) не змогшы спыніцца пасля бегу. [Андрэй] з разбегу торкаецца галавой у траву. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тысячаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў тысячу год. Трэцяе тысячагоддзе да н. э. // звычайна мн. (тысячаго́ддзі, ‑яў). Вельмі вялікі прамежак часу. Не дні і не месяцы — Тысячагоддзі ідуць неўміручыя людзі да зор. Макаль. Пад няхітрую музыку адной скрыпкі і часам двух барабанаў віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагоддзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагоддзі. Чорны.
2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося тысячу год таму назад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)