Саката́ць ’сакатаць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шн., Янк. 3.. Інстр. 2, 3, Зн., дыс.), сокоті́ты ’раўнамерна, хораша пастукваць (пра новы воз)’ (Нар. лекс.). Рус. сокота́ць ’балбатаць (як сарока), гагатаць’, ’кудахтаць’. Звязваюць з слав. *sokъ ’ісцец, выведнік, лазутчык’, рус. са́кать ’перагаворвацца’, балг. са́кам ’патрабую, хачу’ і далей з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’ (Мікуцкі, 70, 365), лат. sacît, saku ’тс’, лац. in‑seque ’абвясці’, ст.-в.-ням. sagên ’гаварыць’, грэч. ένισπου ’скажы’ (Траўтман, 255; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 51; гл. таксама Фасмер, 3, 708, там жа і іншая літ.). Сюды ж со́кот — дэвербатыў ад сакатаць і сакату́ха ’курыца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

саката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

1. Кудахтаць, утвараць сокат (пра курэй). У сенцах спакойна, непалохана ходзяць белыя куры — кудахчуць, сакочуць. Сіпакоў. Ходзіць курачка ля току і сакоча: — Ко-ку! Ко-ку! Шушкевіч. // Стракатаць, утвараць строкат (пра насякомых, птушак). Бясконцым, здаецца, на ўсю зямлю, хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі. Толькі сарока, пералятаючы з дрэва на дрэва, трывожна сакатала. Бажко.

2. Часта стукаць, страляць, трашчаць. Раўлі гарматы, трывожна сакаталі кулямёты на Валакаламскай шашы. Няхай. Калёсы часта і дробна сакаталі па мёрзлай зямлі. Мележ. За сцяною плаўна.. сакатала швейная машына. Ракітны.

3. перан. Разм. Хутка, не сціхаючы, гаварыць; балбатаць. Сам.. [Бабіч] гаворыць мала, а толькі слухае, як другія сакочуць, прычым на яго твары ўвесь час красуе найдабрэйшая ўсмешка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)