фацэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Камічны, забаўны. На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста, павольна і стала, і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека. Колас. Ва ўкраінскім мястэчку, куды, асмялеўшы, Сяргей завітаў, цырульнік зрабіў яму фацэтную прычоску. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фацэ́т, ‑а, М ‑цэце, м.

Разм. Камічны, забаўны чалавек. У галаве дзеда Талаша прамільгнула некалькі думак: адкуль з’явіўся гэты фацэт? Колас. // Нехта мала знаёмы; хто‑н. Карэта звярнула на Мойку. За ствол голай таполі кінуўся нейкі фацэт: каб не ўквэцала брудным снегам. Караткевіч.

[Польск. facet ад лац. facetus — вясёлы, дасціпны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экспрэ́сія, ‑і, ж.

Выразнасць; сіла праяўлення, выражэння якіх‑н. пачуццяў, перажыванняў і пад. На прыкладзе прыказак можна з поспехам вучыцца і экспрэсіі слова, і выразнай рыфме, і цікавай рытмічнай структуры. Шкраба. Перавядзеннем вобразаў антычнай паэзіі ў рэзкі камічны план разбіваецца ўзвышаная экспрэсія антычных назваў. «Полымя».

[Ад лац. expressio — выражэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́месь, ‑і, ж.

1. Мешаніна розных рэчываў, элементаў, прадметаў. [Паўлік] стаў разбірацца, якая ж гэта сумесь, колькі тут культур. Выцягваючы па сцяблінцы, ён набраў і вікі, і гароху, і сырадэлі, і лубіну, і аўса, і ячменю, і бобу, і нават сланечніку. Дуброўскі. З сумесі цукру і патакі .. атрымліваюць цукрова-патачны сіроп. Рунец. // Прадукт, які атрымліваецца змешваннем якіх‑н. рэчываў. Аргана-мінеральныя сумесі. □ Мы падпальвалі .. [танкі] бутэлькамі з гаручай сумессю, падрывалі гранатамі. Хомчанка.

2. Спалучэнне чаго‑н. рознага, разнароднага. Сумесь урачыстай біблейскай мовы з бытавымі вобразамі надае ўроку дзяка цікавы камічны эфект. Шкраба. Хата сустрэла [Рыбака і Сотнікава] затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)