адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.
1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.
2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.
3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.
4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.
5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.
6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.
7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дро́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Невялікі па аб’ёму, велічыні. Дробнае каменне. Дробныя яблыкі. Разбіць на дробныя кускі. □ Ён нагатаваў дробных паленцаў, збіраючыся раскладаць агонь на прыпеку. Колас. Як чырвоныя пацеркі, рассыпаліся .. [суніцы] між дробных лісцікаў ягадніку на мяккім моху. Якімовіч. // Малога веку; малалетні. Не спіць гэтаксама і Марыля са сваімі дробнымі дзеткамі, прыслухоўваецца. Нікановіч. // Невялікі па колькасці. Разбіцца на дробныя групы.
2. Невялікай, нязначнай вартасці. Дробныя грошы.
3. Які складаецца з малых аднародных частачак. Дробны пясок. □ Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас. // Кароткі, з частым паўтарэннем аднолькавых кароткіх элементаў. Дробныя крокі. □ Ззаду па дарозе пачуўся дробны стукат колаў. Краўчанка. На гнуткіх дошках Колька адбіў дробную чачотку. Грахоўскі.
4. Шчуплы, нешырокай косці; маларослы. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя. Колас.
5. З малымі матэрыяльнымі магчымасцямі; эканамічна слабы. Дробная буржуазія. Дробны ўласнік. Дробныя прадпрыемствы. □ Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара. Колас. // Які рэалізуецца ў малых маштабах, звязаны з малакаштоўнымі рэчамі. Дробны гандаль.
6. Які займае невысокае грамадскае або службовае становішча. Дробны чыноўнік. Дробная шляхта. □ Гэта — вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі. Мікуліч.
7. Нязначны; неістотны. Дробныя справы. Дробныя крыўды. □ Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын. Чорны. // перан. Пазбаўлены ўнутранай значнасці; нікчэмны. Смяльчак не зробіць шкоды. На гэта здольна толькі дробная парода, — Мышыная душа. Корбан. Хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам. Лужанін.
•••
Рассыпацца дробным макам гл. рассыпацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)