абазна́цца, ‑знаюся, ‑знаешся, ‑знаецца; зак.
1. Памыліцца, палічыўшы каго‑н. за другога, што‑н. за другое. [Люба:] — Мне таксама здалося, быццам ён [Пятро Расчэня] прыехаў. Толькі я думала, што абазналася. Асіпенка.
2. Пазнаёміцца, звыкнуцца з чым‑н. Пятрусь каля трох месяцаў папрацаваў падручным,.. абазнаўся з варштатам і станкамі. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыцярпе́цца, ‑цярплюся, ‑церпішся, ‑церпіцца; зак.
Прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго‑н. непрыемнага, непажаданага; звыкнуцца з чым‑н. Спачатку не па сэрцы была .. [Кулінчыку] гэта праца. Але з часам прыцярпеўся і здавалася яму, што жыве ён цяпер не так ужо кепска. Сіняўскі. Абвыкся, прыцярпеўся б Васіль у турме, калі б балела яму толькі тое, што арыштант. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцярпе́цца, сцерпіцца; зак., з чым і без дап.
Звыкнуцца, змірыцца з чым‑н.; прыцярпецца да чаго‑н. Калі чалавека спасцігне гора адзін раз — ён востра ўспамінае яго. Калі ж яно прыходзіць занадта часта, ён ужо сцерпіцца з ім. Новікаў. Колькі разоў [Васіль], асабліва ў пачатку — пакуль не прывык, не сцярпеўся трохі — успамінаў з жалем Ганну. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Разбазу́ліць, разбязу́ліць ’распесціць’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.; ваўк., рагач., Сл. ПЗБ), разбазу́ліцца ’раздурэцца’, ’панадзіцца, звыкнуцца’ (гродз., ваўк., Сл. ПЗБ; Нас.), разбазу́лены ’распусны, разбэшчаны’ (Сцяшк. Сл.); параўн. рус. смал. разбезу́литься ’разбалавацца, раздурэцца’, што да базу́лить ’балаваць каго-небудзь’, базу́льнік, базу́ла ’свавольнік’. Здавальняючая этымалогія зыходнага *базуліць адсутнічае, параўн. бязула ’гультай’, (< без + ул‑), гл. ЭСБМ, 1, 437. Няпэўна. Магчыма, роднасныя з рус. дыял. базли́ть ’крычаць’, базло́ ’крыкун’, ’злы чалавек, падманшчык’, ’горла’, этымалогія якіх няясная. Сюды ж і разбазы́ляць ’разпесціць, раздурыць’ (Янк. Мат.). Магчыма, гэта запазычанне з літ. bỹzulioti ’зыкаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.
2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здружы́цца, здружуся, здружышся, здружыцца; зак.
Завесці з кім‑н. моцную дружбу; падружыцца, пасябраваць. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. Расставанне было не лёгкім. За няпоўны год усе здружыліся, палюбілі сваю школу майстроў. Асіпенка. // Зжыцца, звыкнуцца з чым‑н. Пакуль жа за партай, у школе сваёй, Ты з кнігай здружыся юначай душой. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; заг. агледзься; зак.
1. Паглядзець вакол сябе, па баках. [Настаўнік] зняў акуляры, па прывычцы працёр іх хусцінкай, адвёў і агледзеўся навокал. Даніленка.
2. Звыкнуцца, асвойтацца з новымі абставінамі. Не паспелі агледзецца [дзеці] — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца ў дарогу. Пальчэўскі.
3. Хапіцца, апамятацца; заўважыць што‑н. Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк. Бядуля. Злосная Валя ўвайшла ў Любіну кватэра, не думаючы, і толькі там агледзелася, што яе акружае. Чорны.
•••
Не паспець агледзецца, як... гл. паспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак., з кім-чым.
1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж сабой і кім‑н. Валя, як мы пераехалі, сама варыла абеды, наогул яна ўсё рабіла сама, каб неяк прымірыцца з маці. Гаўрылкін. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў, але непрыязнасць да пасынка не давала яму зусім прымірыцца з жонкай, і яны дзьмуліся адно на аднаго. Карпаў.
2. Памяркоўна аднесціся да чаго‑н.; звыкнуцца з чым‑н. На першым пачатку Вера нібы прымірылася з тым, што мары яе стаць урачом не здзейсніліся. Дуброўскі. Бацькі хутка прымірыліся з тым, што хлапец астаўся ў калгасе: нахлебнікам у сям’і ён больш не быў. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зжы́цца, зжывуся, зжывешся, зжывецца; зжывёмся, зжывяцеся; зак.
1. з кім. Жывучы, працуючы, часта бываючы разам з кім‑н., звыкнуцца, здружыцца. [Гапанюк] зжыўся з людзьмі і не адчуваў сябе чужым. Дуброўскі. Чалавек, калі ўжо зжыўся добра з усімі парабкамі, калі ўжо ведаў усіх, расказаў усё як мае быць пра сябе. Чорны.
2. з чым. Пастаянна знаходзячыся дзе‑н., думаючы пра што‑н., прывыкнуць. Марыў Андрэй паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут. Ён зжыўся з гэтай марай і не мог уявіць, што яна не здзейсніцца. Чарнышэвіч. Нахмураны і сур’ёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго, і ў думках сваіх жыў і вучыўся ў ім, і не прынялі! Колас. // Працуючы над роллю, пераўвасобіцца ў мастацкі вобраз (пра акцёра). Зжыцца з вобразам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ужы́цца, ужывуся, ужывешся, ужывецца; ужывёмся, ужывяцеся; зак.
1. Наладзіць сумеснае згоднае жыццё; зжыцца з кім‑н. — А мае развяліся, — сказала .. [Куліна] праз момант і паківала галавою. — Не ўжыліся. Чыгрынаў. Ужо месяц, як пакінула [гаспадароў] работніца — не ўжылася з Фядорай Антонаўнай. Пестрак. // перан. Спалучыцца, пачаць суіснаваць, узаемадзейнічаць. Хіба могуць ужыцца ў адным сэрцы нянавісць і каханне? Каваль.
2. Прывыкнуць да жыцця дзе‑н., у якіх‑н. умовах; звыкнуцца з чым‑н.; прыжыцца. Кірылу дзівіла толькі адно: як жа можна, каб з такім характарам і з такімі рукамі нельга было ўжыцца на адным месцы? Скрыган.
3. Глыбока асэнсаваць, пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Настаўнік:] — Трэба ўжыцца ў вобраз героя, бачыць яго перад сабою. Пальчэўскі. Да артыстаў маладых Не адразу ўдача прыйдзе: Цяжка ўжыцца ў ролі тых, Каго людзі ненавідзяць. Свірка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)