уда́рыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны; зак.

1. каго (што) па чым, у што і без дап. Нанесці ўдар (у 1 знач.) каму-н., зрабіць удар аб што-н.

У. палкай.

Ударыла токам (перан.; безас.). У. кулаком па стале.

У. у грудзі.

2. каго-што. Пашкодзіць, прычыніць боль ударам.

У. калена.

3. што і ў што. Ударамі апавясціць, адзначыць што-н., а таксама ўвогуле раздацца (пра рэзкі гук).

У. трывогу.

Ударыў гром.

4. па кім-чым. Нанесці ўдар (у 3 знач.).

У. знянацку па ворагу.

5. перан., па кім-чым. Спыніць чые-н. адмоўныя дзеянні, знішчыць што-н. адмоўнае.

У. па бюракратах.

У. па недахопах.

6. што, чым і без дап. Пачаць энергічна рабіць што-н., энергічна дзейнічаць чым-н. (разм.).

Музыканты ўдарылі вальс.

Матросы ўдарылі вёсламі.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Раптоўна, з сілай наступіць.

Ударыла засуха.

Ударылі маразы.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., у што. Моцна падзейнічаць на што-н.

Віно ўдарыла ў галаву.

|| незак. удара́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1, 2, 3 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вёдра ’добрае надвор’е (Інстр. II). Укр. ве́дро ’яснае надвор’е’, рус. вяц. вёдрецо, арханг. ве́дрие, смал., пск. ведри́на ’яснае сонечнае надвор’е’, ст.-рус. ведро ’тс’ (з XII ст.); ’гарачыня, спякота, засуха’ (з XII ст.), ст.-польск. wiadro, wiodro (з XV ст.) ’спякота, гарачыня’, н.-польск. wiadro ’надвор’е, стан паветра’, каш. vʼodro ’надвор’е, паветра’, палаб. vedrü ’надвор’е’; ’сонца’, н.-луж., в.-луж. wjedro ’надвор’е’, чэш. vedro ’спякота, гарачыня’, славац. уст. vedrný, vedro ’яснае надвор’е’, славен. védro, vedrína ’тс’, vę̑drtia ’вясёлка’, серб.-харв. ве̏дро, ведрѝна ’яснае, сонечнае надвор’е’, макед. ведорница, ведрина ’тс’, балг. ведрина, ведринка, ведрост ’тс’, ведър ’ясны, бясхмарны (аб надвор’і)’, ст.-слав. ведро ’добрае надвор’е’. Прасл. vedro з’яўляецца старым адпрыметнікавым назоўнікам. У балтыйскіх адпаведніках, паводле Скока, 3, 572, адсутнічае пачатковае v‑ (< і.-е. u̯e‑); параўн. літ. gaidrùs giẽdras ’ясны, светлы’, лат. gẽdrs, skaidrs ’ясны’. Праабражэнскі (1, 69) аспрэчвае роднасць балтыйскіх лексем да слав. vedro. Славянска-германская ізалекса звычайна інтэрпрэтуецца як звязаная з і.-е. *u̯e‑ і ўтвораная пры дапамозе суф. *‑dhro; параўн. таксама ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра, надвор’е’, ст.-в.-ням. wetar, н.-в.-ням. Wetter ’надвор’е’, англ. weather ’надвор’е, ветранае надвор’е; шторм’. Гл. Міклашыч, 377; Праабражэнскі, 1, 69; Брукнер, 622; Голуб-Копечны, 410; Фасмер, 1, 284; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 72; Скок, 3, 572; БЕР, 1, 127–128. Аднак прагерм. weðra суадносіцца са ст.-грэч. (Ϝ)έτος ’год’, δυσ‑ετηρία ’дрэннае надвор’е’, ст.-інд. vatsaraḥ ’год’ і інш. Калі гэта так, тады прасл. vedro трэба лічыць запазычаннем з герм. (Мартынаў, Лекс, взаим., 56–58). Махэк₂ (681) суадносіць vedro з (s)vęd‑ ’сушыць цяплом, сушыцца, вянуць’, магчыма, сюды ст.-польск. wiądro (?), аднак цяжка звязаць з гэтым коранем прасл. vedro без назальнага ‑e‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)