стая́лы, ‑ая, ‑ае.

Не праточны. Каля стаялых азярын засвяціліся залацістыя шарыкі вербалозу. Даніленка. // Які страціў свежасць ад працяглай і доўгай нерухомасці. Стаялы квас. / у вобразным ужыв. [Творчая думка] Не хоча спыніцца ў стаялай вадзе, хоць там і люструюцца зоры. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

масляні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. У склад якога ўваходзіць масла; тлусты. Нафта — масляністая вадкасць з рэзкім пахам. □ Плавіліся ў масляністай вадзе залацістыя зоры, рэдкія агеньчыкі партовых ліхтароў. Лынькоў.

2. Як бы пакрыты слоем масла. Масляністыя светлыя вочы [Віктара] насмешліва бліснулі. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́рык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да шар (у 2 знач.); невялікі шар. Каля стаялых азярчын засвяціліся залацістыя шарыкі вербалозу. Даніленка. Сядзела [Саша] моўчкі, хмурылася і ляпіла з хлеба шарыкі і зоркі. Шамякін.

•••

Белыя крывяныя шарыкі — лейкацыты.

Чырвоныя крывяныя шарыкі — эрытрацыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіра́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Памянш.-ласк. да спіраль (у 1, 2 знач.). Спрытна хадзіў у яго руках рубанак, і тонкая стружка, завіваючыся ў залацістыя пад сонцам спіралькі, з ціхім шолахам ападала на дол. Лынькоў. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каніце́ль, ‑і, ж.

1. Вельмі тонкая металічная, звычайна залатая або сярэбраная, ніць для вышывання. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі. Караткевіч.

2. перан. Разм. Нудная зацяжная справа, валакіта. — Бачыш, у брыгадзе і з ворывам дрэнь, і з фермай не клеіцца, і з куратнікам каніцель. Гурскі. // Дарэмная трата часу.

•••

Цягнуць (разводзіць) каніцель гл. цягнуць.

[Фр. cannetille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распушы́ць, ‑пушу, ‑пушыш, ‑пушыць; зак., што.

1. Расцерабіўшы, расчасаўшы, зрабіць пушыстым (шэрсць, валасы, пер’е і пад.). Вецер распушыў яе густыя залацістыя косы. «Маладосць». // Натапырыць (поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак). [Папугай] чубок распушыць і скрыпіць, як стары дзядок: «Добры вечар». Даніленка. // Раскрыць, распусціць (пупышкі, кветкі). Вербалоз толькі што распушыў свае каткі. Дамашэвіч.

2. перан. Разм. Раскрытыкаваць каго‑н., насварыцца на каго‑н. Бацьку сёння на сходзе распушылі пасля справаздачы, знялі з старшыні калгаса. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́ча, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.

2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спада́ць, ‑ае; незак.

1. Незак. да спасці.

2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.

3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выспеў, паспеў (пра садавіну, гародніну, злакі). Між густой зялёнай травы ўсюды чарнелі спелыя ягады. В. Вольскі. Маці ў сенцах рэзала нажом спелыя гарбузы. Гамолка. Арэхі былі спелыя і вельмі смачныя. Ваданосаў. Мора калышацца, мора жытнёвае, Спелым калоссем звіняць берагі. Трус. // Прыгодны для выкарыстання або які дасягнуў гранічнага ўзросту. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч. // Пра яркі, насычаны колер. А можа, гэтая красуня вялікая модніца і вырашыла ўпрыгожыць сябе такімі спелымі колерамі? Паслядовіч. Завывала ў топцы полымя .. Струменіліся, снавалі празрыстыя залацістыя ніці. Яны прымалі самыя нечаканыя абрысы, дзівосныя адценні: ад расплаўленага золата да спелай жаўціні аўсянага снапа. Лынькоў.

2. перан. Які дасягнуў майстэрства, вопытнасці (пра музыканта, мастака і пад.). І ў гэтым асаблівая сіла .. даступнай толькі спеламу майстру метафары. Бугаёў. Наогул, небяспечна што-небудзь раіць такому спеламу майстру, як Янка Брыль, але думаецца, што ён можа паставіць перад сабой талстоўскую задачу — патрошкі абмяжоўваць лірычную стыхію свае творчасці. Кучар.

3. перан. Дасканалы; закончаны, грунтоўна абдуманы. Паволі, радок за радком, вырысоўваўся, няхай і не надта дасканалы, спелы, але ўсё-такі ёмкі малюнак іх студэнцкага жыцця. Дамашэвіч. Нашу літаратуру ведаюць і далёка за межамі, і ў гэтых поспехах — вялікая заслуга нашай дасканалай і спелай літаратурнай мовы. Скрыган. Новыя часы — новыя духоўныя павевы. Яны асветлены звычайна больш спелымі поглядамі на працэс сацыяльнага развіцця. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)