сы́пкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.
2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цёплы, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.
2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.
3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.
4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.
•••
Цёплае месца гл. месца.
Цёплая кампанія гл. кампанія 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)