гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.

1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я. Шахавец.

2. на што або з інф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі. Колас. // з інф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. Лынькоў. // Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш. Курто. // Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема. / у знач. наз. гато́вае, ‑ага, н. Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш. Прыказка.

4. толькі кар. ф., у знач. вык. Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся! // безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова! Гамолка.

•••

Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.

На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).

Раз-два і гатова гл. раз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае пачуццё сораму; сараматны. Зірнуў [Алесь] са страхам. Гатоў быў кожны момант кінуцца наўцёкі. Потым ужо гарэў, нібы яго злавілі на нечым саромным. Мележ. Цяпер сумненняў не аставалася — каханне ў іх [Лёдзі і Юркі] было бяскрылае, сляпое, саромнае. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыхлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Фанабэрысты, празмерна ганарысты. Нібы абудзіўшыся ад сну, .. [Ганна Паўлаўна] ўбачыла перад сабою рэальнага Падаляку — самазадаволенага, пыхлівага, з трох’ярусным падбародкам і чырвоным паркам. Вірня. // Які выяўляе, выказвае фанабэрыстасць, ганарыстасць. Прыняўшы пыхлівую паставу,.. [Мельнік] гатоў быў абвінаваціць праціўніка ва ўсіх зямных грахах. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рукза́к, ‑а, м.

Заплечны рэчавы мяшок. [Антось:] — Ну, я гатоў. А вось і рукзак. Ого, які цяжкі! Ён мне плечы абарве. Цікава, чаго гэта мама паклала ў дарогу. Бяганская. Рукзак паходны рэжа мае плечы, Ды я маўчу, маўчаць мае сябры. Свірка.

[Ням. Rucksack.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шух, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку ад глухога, кароткага шуму. Крумкач падымаецца — шух-шух-шух. Барадулін.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шухаць, шухнуць і шухнуцца. Я паперы свае — шух у шафу. Гатоў, маўляў, ісці. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Зрабіць больш павольным; збавіць (рух, рост і пад.). Па вуліцы ішоў статак кароў, і машына запаволіла ход. Гамолка. «Давай, давай, яшчэ, яшчэ!» — гатоў быў крычаць Кірэй, каб толькі падахвоціць брата, каб толькі ён не запаволіў бег. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Даць ганьбу каму‑, чаму‑н., дрэнна адазвацца аб кім‑, чым‑н. Аксіння Хвядосаўна зганіла амаль усё, што да яе прыходу нагатавала Раіса. Шамякін. Цімох ганарыўся ім, і быў гатоў біцца з тым, хто асмельваўся зганіць Чорана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашэ́пты, ‑аў; адз. няма.

Разм. Перагаворванне шэптам, гукі перашэптвання. Скончыць перашэпты. □ Бразджалі лічыльнікі і чуліся ціхія перашэпты. Гартны. // перан. Ледзь чутны шум, шэлест. Я спыняюся і услухоўваюся ў перашэпты чаротаў. Пестрак. Я гатоў слухаць там ад зары да зары перашэпты вяршалін густых угары. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упаі́ць, упаю, упоіш, упоіць; зак., каго.

Разм. Напаіць дап’яна. [Іван:] — Мяне не ведаеш, Тацяна, Гарэлкай цяжка ўпаіць. Па тым, што выпіў я, да рана Гатоў нагамі малаціць. Танк. Хлопцы знайшлі Хомку, пацягнулі з сабою і ўпаілі нейкаю бурдою — мешанінаю гарэлкі з півам і салодкаю вадою. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспа́цца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; зак.

1. Выспацца. Праспаўся хлопчык, есці хоча, З калыскі вылезці гатоў. Колас.

2. Працверазіцца пасля сну (пра п’янага). Калі ж нахабнік заваліўся спаць, Дык Ліс каля бярлогі сеў чакаць, Пакуль Мядзведзь праспіцца, Каб запрасіць назаўтра пахмяліцца. Корбан. — Ідзі, брат, праспіся. Ад цябе нясе яшчэ перагарам. Прокша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)