храсто́к, ‑тка, м.

Гнуткая і шчыльная злучальная тканка пазваночных жывёл і чалавека, якая ўтварае некаторыя часткі шкілета і дыхальных шляхоў дарослага чалавека. Храсткі гартані. □ Перасадка чалавеку такіх тканак, як храсток, косці, рагавіца вока, — ужо не праблема. «Звязда». Чалавек азірнуўся і пайшоў паволі назад. Храсткі яго носа варушыліся. Чорны.

•••

Надгартанны храсток — надгартаннік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кады́к ’выгнутая храстковая частка гартані ў мужчын’ (БРС, ТСБМ). Паводле даных КЭС, слова ведаюць у розных раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, але статус яго ў гаворках няясны. Вядомае рус. мове, дзе лічыцца запазычаннем з тат. kadyk ’моцны, цвёрды, які выступае’, гэта этымалогія часоў Бернекера і Праабражэнскага з’яўляецца прымальнай з-за адсутнасці больш абгрунтаванай. Бел., як можна меркаваць па розных значэннях слова кадык у рус. гаворках ’рот, горла, чэрава і інш.’, з’яўляецца запазычаннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. звязваць — звязаць (у 2 знач.).

2. Некалькі аднародных прадметаў, звязаных разам. Звязка ключоў. Звязка кніг. Звязка гранат. // Група альпіністаў, якія ідуць адзін за адным, звязаўшыся вяроўкай.

3. Сухажылле, якое змацоўвае часткі шкілета або асобныя органы цела. Расцяжэнне звязак. Мышачныя звязкі.

4. Частка суджэння, якая злучае суб’ект з прэдыкатам. Адмоўная звязка.

5. Дапаможны дзеяслоў, які з’яўляецца часткай састаўнога выказніка. Дзеяслоў-звязка «быць».

•••

Галасавыя звязкі — дзве эластычныя складкі на ўнутранай паверхні сценак гартані, якія служаць для ўтварэння гуку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рла, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Храстковая трубка ў пярэдняй частцы шыі, якая з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў.

У горле перасохла.

Браць за г. (таксама перан.: сілай прымушаць рабіць што-н.). Г. перагрызці (таксама перан.: бязлітасна расправіцца з кім-н. са злосці).

2. Агульная назва зева, глоткі і гартані.

Хвароба г.

3. Верхняя звужаная частка пасудзіны.

Г. збана.

4. Вузкі выхад з заліва, вусце (спец.).

Прыстаць з нажом да горла — назойліва патрабаваць.

Прамачыць горла — трохі выпіць.

Стаяць папярок горла — вельмі замінаць.

У горла не лезе — зусім не хочацца есці.

З горла лезе (разм., неадабр.) — вельмі многа мець чаго-н.

На ўсё горла (разм.) — з усёй сілы (спяваць, крычаць).

Па горла (разм.) — Надта многа.

Работы па горла.

Яды хапае па горла.

Стаяць косткай у горле (разм., неадабр.) — не даваць спакою, перашкаджаць.

|| прым. гарлавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)