прагра́ма, ‑ы, ж.

1. План дзейнасці, работ і пад. [Вулай:] — Становішча такое, што цэх ледзь укладваецца ў праграму. Шыцік. // Спец. План дзейнасці, заданне для аўтаматычнай выканання на станку, машыне і пад. Праграма для электроннай вылічальнай машыны.

2. Дакумент, у якім выкладзены асноўныя задачы і мэты, намечаныя партыяй, грамадскай арганізацыяй і пад. Праграма КПСС. □ У «Маніфесце» намечана ў агульных рысах праграма дзеянняў пралетарыяту. «Беларусь».

3. План, парадак правядзення чаго‑н. Праграма работы з’езда.

4. Сукупнасць нумароў, твораў, якія выконваюцца на канцэрце, у цырку, перадаюцца па радыё, тэлебачанні і пад. У праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак. // Друкаваны ўказальнік нумароў, п’ес, выканаўцаў (у канцэрце, спектаклі, радыёперадачы і пад.). Бегла кідаючы позірк на прозвішчы артыстаў у праграме,.. [Казанцаў] спыніўся на адным. Васілевіч.

5. Кароткі змест курса таго ці іншага прадмета, які вывучаецца ў навучальнай установе. Праграма па гісторыі. Праграма па геаграфіі. // Сукупнасць дысцыплін, якія выкладаюцца ў навучальнай установе, на факультэце, курсе. Праграма сярэдняй школы. Праграма матэматычнага факультэта.

6. Тэма, сюжэт музычнага твора.

[Ад грэч. programma — распараджэнне, аб’ява.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мяць, -і, ж.

1. Здольнасць захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні, вопыт, а таксама сам запас уражанняў, якія захоўваюцца ў свядомасці.

Добрая п.

Урэзацца ў п.

Вылецець з памяці (забыцца). Гаварыць на п. або па памяці (не гледзячы ў тэкст). Выкінуць з памяці (забыць). Дацца ў п. (запомніцца). Падарыць што-н. каму-н. на п. (каб помніў). Не ў п. (пра тое, што не помніцца). На памяці чыёй або пры памяці чыёй ці за чыю п. (у перыяд жыцця каго-н., калі ён сам быў сведкам чаго-н.). Дайсці да памяці (апрытомнець). Прыйсці на п. (успомніцца). Кароткая п. у каго-н. (хутка забывае; звычайна пра таго, хто не хоча помніць, успамінаць што-н.). Курыная п. (вельмі дрэнная; разм., жарт.). П. машыны (перан.: пра запамінальнае ўстройства вылічальнай машыны).

2. Успамін пра каго-, што-н.

Ён пакінуў у нас добрую п. пра сябе.

Захоўваць п. пра якую-н. падзею.

3. Тое, што звязана з памерлым (успаміны пра яго, пачуцці да яго і пад.).

Прысвяціць манаграфію памяці свайго настаўніка.

Ушанаваць п. нябожчыка ўставаннем.

Вечная п. каму-н. (пажаданне, каб доўга, вечна помнілі каго-н. памерлага).

Без памяці

1) без прытомнасці.

Хворы быў без памяці;

2) вельмі моцна (разм.).

Бегчы без памяці;

3) ад каго-чаго. У захапленні (разм.).

Ён без памяці ад дзяўчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ячэ́йка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.

1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. □ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.

2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.

3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.

•••

Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.

Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.

Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)