агра́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

1. Сілай адабраць у каго‑н. маёмасць, грошы; абрабаваць. Разам з тым [Гамыра] займаўся і бандыцтвам, выходзячы на дарогу. Аграбіў аднаго доктара, падманам заклікаўшы яго да «хворага». Колас. // Выкрасці чужую маёмасць. Аграбіць кватэру, магазін.

2. Забраць, абрабаваць паборамі; абабраць.

3. перан. Пазбавіць духоўных сіл; апустошыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамясціць волакам; паступова перанасіць вялікую колькасць чаго‑н. або ўсё, многае. Перацягаць бярвенне. Перацягаць усе дровы ў павець. // і чаго. Разм. Аднесці, занесці паступова вялікую колькасць чаго‑н. каму‑н. «Ох І зарабляе, кажуць, гэта Піперманіха сёлета! Колькі ёй людзі сала ды круп перацягалі». Крапіва.

2. Паступова выкрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. З пушчы панадзіўся воўк і ўсіх авечак перацягаў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выцягнуць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Павыцягваць калы з плота. Павыцягваць шуфляды са стала. □ У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножан шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан. Пахілка сам ледзь не згарэў, а дзяцей з полымя павыцягваў... Савіцкі.

2. Выцягнуць уперад, працягнуць — пра ўсіх, многіх. Многія мужчыны павыцягвалі шыі, баючыся што-небудзь прапусціць. Броўка.

3. перан. Разм. Выбавіць, дапамагчы выйсці з цяжкага становішча ўсім, многім. Павыцягваць людзей з бяды.

4. Разм. Выкрасці ўсё, многае. [Пранцісь:] Злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Думаючы, раздумваючы, прыйсці да якога‑н. рашэння; здагадацца зрабіць што‑н.; выдумаць. Думалі, думалі хлопцы, як выкрасці кажух. Нічога не прыдумалі, як толькі расперазаць яго і лёгенька сцягнуць. Колас. Маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. // Стварыць што‑н. у думках, вынайсці. Прыдумаць мелодыю. □ Сцяг сама Галіна пашыла і на ім лозунг, які прыдумалі разам усе, вось тут жа на бярвенні каля клеці. Галавач. — Гэта — праект новай міны. Наш Сёмка прыдумаў. Брыль. Восень пакуль — не прыдумаеш лепшай. Мележ.

2. Выдумаць тое, чаго не было на самай справе. — Ты хаця не прыдумай чаго. — Нашто мне прыдумваць, калі гэта праўда. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)