спаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.

1. Абмыць, змыць (гразь, бруд і пад.). Ён [паэт] можа перуны выкрасаць з яснага неба, ліўнямі смугу спаласкаць, вясёлкай раку вычарпаць, травамі, дрэвамі заспяваць. Бялевіч.

2. безас. Разм. Пра стан змучанасці, змардаванасці пры паносе. Яго так спаласкала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сечы, -секу, -сечаш, -сеча; -сечам, -сечаце, -секуць; вы́сек, -кла; -сечы; -сечаны; зак., што.

1. Ссячы ўсё, знішчыць.

В. лес.

2. Выбраўшы, ссячы.

В. жардзіну.

3. Секучы, дастаць, выняць або вырабіць.

В. кавалак лёду.

4. Выразаць з каменя ці на камені.

В. надпіс.

В. бюст.

5. Здабыць ударам па крэмені, выкрасаць.

В. іскру.

|| незак. высяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. вы́сечка, -і, ДМ -чцы, ж. (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

запалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць, загарэцца. Запаліць лямпу. □ Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да кнота Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей. // Наўмысля падпаліць. — Нашу вёску запалілі! — заплакаў хлопец. Чорны. // таксама без дап. Падпаліць паліва (у печы). Запаліць у печы.

2. перан. Выклікаць у каго‑н. уздым пачуццяў, энергіі і пад.; натхніць. Расказаць пра.. [Кліма] трэба з пачуццём, каб запаліць сэрцы ўсіх салдат. Жычка.

3. перан. Прымусіць з’явіцца, узнікнуць (пра пачуццё, настрой і пад.). Жывы, новы, яскравы агеньчык запаліла вясна ў сэрцы хлебароба. Бялевіч. Выкрасаць каменем іскры патрэбен спрыт, а запаліць агонь у сэрцы чалавека паэтычнымі творамі — спрыту мала, патрэбна гарэнне самога паэта. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкло, ‑а, н.

1. Цвёрды празрысты матэрыял, які атрымліваецца шляхам плаўлення і спецыяльнай хімічнап апрацоўкі кварцавага пяску з дабаўленнем некаторых іншых рэчываў. Бутэлечнае шкло. Каляровае шкло.

2. Тонкі ліст ці выраб, прадмет іншай формы з гэтага матэрыялу. Аконнае шкло. Лямпавае шкло. □ Адна фортка ў акне знята з крукоў і стаіць з пабітым шклом пры сцяне. Чорны. Віцінг сядзеў на заднім сядзенні, пазіраючы, як на ветравым шкле, перад тварам шафёра, гойдаецца, падскоквае на гумавай нітачцы Санта-Клаус — пацешны, чырванатвары гномік. Асіпенка. // зб. Посуд, мастацкія вырабы, упрыгожанні з гэтага матэрыялу. Гісторыю, Славу І сэрца народа Я ўбачыў і вызнаў На выстаўцы шкла! Гілевіч. // зб. Асобныя кавалкі такіх вырабаў; асколкі чаго‑н. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў.

3. перан.; чаго або якое. Пра тое, што сваёй празрыстасцю, лёгкасцю, крохкасцю і пад. нагадвае такі матэрыял. Глядзяцца — адбітыя ў завадзяў шкле — З нябёс у люстраную плошчу, Красу сваю бачаць, блакіт свой. Але Я воблакам тым не зайздрошчу. Куляшоў. Вятры і сонца струны павялі, На шкле азёр намецілі надрэзы, А заадно да горнаў кавалі Прыйшлі, каб іскры выкрасаць з жалеза. Калачынскі.

•••

Аптычнае шкло — выпуклае або ўвагнутае шкло ў аптычных прыладах; лінза.

Арганічнае шкло — сінтэтычны моцны празрысты матэрыял, падобны на звычайнае шкло; шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы і быце.

Бемскае (багемскае) шкло — аконнае шкло, якое адрозніваецца ад звычайнага вялікімі памерамі лістоў, чысцінёй і таўшчынёй.

Вадамернае шкло — шкляная трубка, злучаная з закрытай пасудзінай для непасрэднага назірання за ўзроўнем вады ў ім.

Венецыянскае шкло — мастацкая, галоўным чынам дутая пасуда, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстры і пад. вырабы, вытворчасць якіх пачалася з канца 13 ст. у Венецыі.

Люстранае шкло — тоўстае, паліраванае з двух бакоў шкло, якое скарыстоўваецца для вырабу люстраў, абсталявання вітрын і пад.

Павелічальнае шкло — лінза, якая дае павялічанае адлюстраванне прадмета.

Прадметнае шкло — шкляная пласцінка, на якой размяшчаюцца зрэзы тканак, мазкі крыві і пад. для вывучэння пад лупай або пад мікраскопам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)