няпо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Запоўнены чым‑н. не да краёў, не да верху. Пачак быў ужо распячатаны і няпоўны. Чарнышэвіч. Здаравенны фельдфебель, мардаты, вусаты,.. з няпоўным кухлем у руцэ, узбіўся з ботамі на стол, пайшоў па ім... Брыль.

2. Які праяўляецца не ў поўнай меры. Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі [партызаны] вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў.. Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Лынькоў. Мне здаецца і шчасце маё будзе няпоўным, калі я пакіну школу. Шамякін.

3. Які не дасягнуў пэўнай нормы, мяжы, неабходных памераў. Па небе павольна плыў няпоўны месяц. Шамякін. // Які не мае поўнага камплекту, саставу; не ўвесь. Няпоўная калекцыя. □ Брыгада няпоўная — пяць хлопцаў. Адам незадаволены. Нядзведскі. // Які не з’яўляецца вычарпальным. Няпоўная інфармацыя. Няпоўнае азнаямленне. □ — Па няпоўных дадзеных.. [з Арэхаўкі] пайшло ўжо ў лясы сем чалавек. Шамякін. // Не закончаны, не завершаны да канца. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. Творчы партрэт Бірылы будзе няпоўным, калі мы не скажам аб працы яго ў класічным рэпертуары. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссіве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ссівеў (пра валасы). Прысядуць [інваліды], цыгаркі закураць, У кут пастаўляўшы кіі, Ссівелыя бровы патураць, Успомняць: грымелі баі. Ляпёшкін. // З такімі валасамі (пра чалавека). На палубе два рудакопы сталі, Каля іх ссівелая жанчына. Зарыцкі. Падняў акуляры ўгору Ссівелы хірург вусаты: — Вам кім даводзіцца хворы? Нядзведскі. / Пра галаву. — Куды там мне, — паківаў ссівелай галавою стары. Ваданосаў. // перан. Які набыў колер сівізны. Сягоння сад, пад месяцам ссівелы, Не распачаў звычайную гамонку. Дзяргай. Узнімаецца бераг-скала. Да яго прыліпае імгла, І таежны ссівелы мох Да халоднай скалы прысох. Хведаровіч. // перан. Які даўно існуе, вельмі старажытны. Грымеў навальнічны харал, І плечы сутульваў Ссівелы Урал, І Волга ўспаміны гайдала. Барадулін. Аб ім [старым] толькі пеўнікі На кірхах ссівелых бязгучна крычаць. Калачынскі.

2. у знач. наз. ссіве́лы, ‑ага, м.; ссіве́лая, ‑ай, ж.; Той (тая), хто ссівеў, мае сівыя валасы. Сумненні, радасці, часамі беды З усіх канцоў трывожнае Зямлі На самую святую плошчу свету І юных, і ссівелых прывялі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць чаго‑н. куды‑н.; высыпаць. Андрэй, як і Алёша, расцёр на далоні колас, прадзьмуў зерні і ўсыпаў у рот. Лобан. Маці знайшла торбу і ўсыпала ў яе з гарнец бульбы. Якімовіч.

2. што. Пакрыць усю паверхню чым‑н. сыпучым. Снег усыпаў зямлю. □ Апалыя лісты ўсыпалі сцежкі і мокрую траву. Грахоўскі. // перан. З’явіцца на паверхні чаго‑н. у вялікай колькасці. Гракі ўсыпалі ўсё ржышча, і яно здавалася жывым, нібы рухалася. Хомчанка. Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў.

3. каму. Разм. Пабіць або вылаяць каго‑н. [Ян:] — От здыму папругу ды як усыплю, то навучышся і сеяць і са старэйшымі гаварыць. Чарнышэвіч. // Узяць пад арышт. — Што з ім [Іванам] рабіць? Мо паклікаць участковага, хай усыпле сутак пятнаццаць? — ні то папытаў, ні то прапанаваў вусаты дзядзька Мікалай. Місько. // Нанесці ўдар па ворагу. [Мірановіч] успамінаў апошні свой бой, і тады то дакараў сябе, што не ўбярогся, то адчуваў задаволенасць, што ўсё ж немцам усыпалі і што ён сам падбіў танк... Марціновіч.

•••

Усыпаць бярозавай кашы каму — тое, што і даць бярозавай кашы (гл. даць).

Усыпаць гарачых (бізуноў) — пакараць каго‑н., адсцябаць, выхвастаць.

усыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да усы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)