бажо́к, бажка, м.

1. Памянш. да бог.

2. Статуэтка, якая ўвасабляе бажаство.

3. Разм. іран. Пра чалавека, які выклікае захапленне ў каго‑н. Здаралася, ля дзядзькі аказваўся прыгожы і чысценькі піжончык — гэткі бажок вуліцы..; бажок касавурыўся на дзядзькаў мех і, крывячы рот, усё адсоўваў ад яго свае райскія туфлі і штонікі. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Багаві́ца ’багіня, бажаство’ (Касп.), ’багіня; нейкая хвароба’ (Др.-Падб.), ’багіня (?) або назва нейкай хваробы’ (Гарэц.: «Багавіца цябе ведае!»). Вытворнае ад прыметніка богавы ’божы’. Як назва хваробы, гэта табуістычнае (эўфемічнае) утварэнне: хваробы часта называюць «божымі» (параўн. рус. бо́жья хвароба’, гл. Фасмер, 1, 184; чэш. božec, ням. Gewalt Gottes ’эпілепсія’, параўн. БЕР, 1, 61).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тро́йца, ‑ы, ж.

1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.

2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тыта́н1бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.

Тыта́н2 ‘хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).

Тыта́н3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тыта́н 1, ‑а, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа, а таксама нашчадак волатаў.

2. перан. Чалавек вялікага таленту, надзвычайнае розуму. Які віхар воплескаў заўсёды раздаваўся, калі ў прэзідыуме паказвалася гэта магутная фігура тытана чалавечай мыслі [А. М, Горкага]. Купала. Ф. Энгельс, характарызуючы выдатных дзеячаў эпохі Адраджэння, назваў іх тытанамі па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці. Алексютовіч.

[Грэч. titanos.]

тыта́н 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, цвёрды метал серабрыста-белага колеру, які шырока выкарыстоўваецца ў караблебудаванні, ракетнай і авіяцыйнай тэхніцы.

тыта́н 3, ‑а, м.

Вялікі кіпяцільнік асобай канструкцыі. — А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́ць ‘сумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2-3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątk ‘д’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бог, -а, мн. багі́, -о́ў, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — вярхоўная ўсемагутная істота, якая стварыла свет і кіруе ім.

Старажытнарымскія багі.

2. (з вялікай літары). У хрысціянстве: трыадзінае бажаство, творца і ўсеагульны сусветны пачатак — Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы.

3. перан. Выдатны спецыяліст у якой-н. справе.

Б. электразваркі.

Божа збаў (разм.) — ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах.

Дай (не дай) бог (божа; разм.) — пра пажаданні чаго-н.

Крый бог (разм.) — ужыв. як засцярога ад чаго-н., як забарона рабіць што-н. небяспечнае.

Напрамілы бог (разм.) — што ёсць сілы, вельмі прасіць аб чым-н.

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) (разм.) — ужыв. як пажаданне пазбаўлення ад чаго-н. непрыемнага.

Памагай бог (разм.) — пажаданне поспеху, удачы ў працы, добрай справе.

Як бог дасць (разм.) — як прыйдзецца.

Як у бога за пазухай (разм.) — без асаблівага клопату, пры поўным забеспячэнні.

|| прым. бо́жы, -ая, -ае і бо́жы, -ая, -ае, бо́скі, -ая, -ае і бо́скі, -ая, -ае.

Боскае стварэнне.

Божая кароўка — жучок чырвонай або жоўтай афарбоўкі з чорнымі кропкамі.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ігра́. Рус. игра́ ’ігра’, дыял. ’гулянне моладзі’, ’урачыстасць’, ’вяселле’, ’скокі, танцы’, укр. гра, ігра́, польск. gra, уст. igra ’тс’, в.-луж. hra ’тс’, н.-луж. gra, igra ’тс’, чэш., славац. hra ’ігра, забаўка, пацеха’, ’жарт’, славен. ígra ’ігра’, серб.-харв. и̏гра ’тс’, балг. игра́ ’ігра, пацеха’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. игра ’пацеха, танец’, ’ігра’, ст.-бел. игра ’ігра, забава’ (Скарына). І.‑е. сувязі не зусім ясныя. Магчыма. прасл. *jьgra мела рытуальнае і сакральнае значэнне. Сінкрэтычнасць семантыкі слав. слова і збліжэнне са ст.-інд. yájati ’шанаваць бажаство’, грэч. ἅγιος ’свяшчэнны’ даюць падставу для такога меркавання (Патабня, РФВ, 6, 1881, 3, 150–153). Тапароў (Этимология, 1977, 15–17), вяртаючыся да этымалогіі Патабні, звязвае *jьg‑ra з ідэяй сакральнай адзначанасці і шанавання, прызнаючы, аднак, фанетычныя цяжкасці ўзвядзення слав. слова да і.-е. *i̯ag‑ ’рэлігійнае шанаванне’. Семантычную і фармальную аргументацыю гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 8, 208–210. Іншыя супастаўленні: ст.-інд. éjati, tjati ’рухацца’ (Бернекер, 1, 422; Траўтман, 103), літ. áikštytis ’капрызіць, дурэць’, áikštis ’прыхамаць’, лат. aîstîtiês ’крычаць, шумець’, ст.-ісл. eikinn ’дзікі, люты, моцны’ (Фасмер, 2, 116), ст.-інд. iṅgati ’рухацца’ (Махэк₂, 181). Згодна з найбольш прынятай версіяй, пачатковае значэнне ’рух у танцы, скокі’ (Слаўскі, 1, 331–332). Скок (1, 711) прыводзіць у якасці семантычнай паралелі ст.-в.-ням. spilōn ’жвава рухацца’ — ням. spielen ’іграць’. Прапанова Ланта аб сувязі з гняздом рус. ерзать выклікае пярэчанні семантычнага і фармальнага характару (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 209).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йца1 ‘Сёмуха’, у хрысціянскай рэлігіі ‘трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ): Сёмуха ці Тройца у нас тры дні (Сержп. Прымхі), Siomucha albo Świataja Trójca ‘тс’ (Пятк. 3), Trýeǐca ‘тс’ (Арх. Вяр.). Тро́іца ‘свята на другі дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас., Ян.); сюды ж тройцова́ць ‘святкаваць Сёмуху’ (ТС), тро́йцын дзень ‘Сёмуха’ (круп., Сл. ПЗБ), Trójeckije dziedý ‘тс’ (Пятк. 3). Ст.-бел. тройца, троица ‘Бог у трох іпастасях; Сёмуха’ (ГСБМ). У аснове ст.-слав. троица — калька з грэч. Τριάς, якое з τρεῖς; ‘тры’ (Фасмер, 4, 104). Да тры, трое, гл.

Тро́йца2 ‘кампанія з трох чалавек’ (ТСБМ), ‘лік тры’ (Нас.): Boh trójcu lùbić (Пятк. 2), ‘трое суб’ектаў’: робляць па трэйко дзеля того, каб тут была тройца: мужык, жонка і дзеці (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. дыял. сʼвата́ три́йцʼа ‘траіх неразлучных сяброў’ (Арк.), чэш. trojice ‘тры асобы’, славен. trojíca ‘тс’, серб. тро̏йца ‘тс’, балг. трои́ца ‘тс’, макед. тројца ‘тс’, у ваколіцах Салуні truica ‘трое людзей’ (Малэцкі, Słownik). Паколькі ў большасці славянскіх моў фармальна адрозніваюцца назвы, якія суадносяцца з тройца1 і тройца2, мяркуецца, што формы з нерэлігійным значэннем з’яўляюцца больш старажытнымі ў некаторых мовах, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 397; Скок, 3, 300; Арол, 4, 105.

Тро́йца3, ‘канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’ (Шмярко, Кіс.). Параўн. укр. трі́йка ‘тс’, рус. тро́йца ‘тс’, чэш. trojka, trojačka ‘тс’. У аснове назваў лічэбнік тры (гл.), што характарызуе будову лістка з трыма пласткамі (ЕСУМ, 5, 643; Махэк, Jména, 121), гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)