ру́пны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і руплівы. «Такі ўжо рупны, — падумаў Бяньчук пра Васіля, — не паспеў адаспацца з дарогі і, глядзі, у заработках ужо». Гроднеў. Рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. Рупная праца беларускіх перакладчыкаў.. добра сведчыць пра творчую сталасць нашай літаратуры. У. Калеснік. Дзякуй рупным рукам, што заўжды ў мазалях, без якіх каласам не звінець у палях! А. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.
2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руйнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
Ператвараць у руіны; разбураць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, нішчаць людзей. В. Вольскі. Бывае і так, што руйнуе Плаціну вада; у гэтую пору Струяцца апошнія хвалі І сохне няшчасны ставок. Багдановіч. // Ліквідаваць, знішчаць. А лепш за ўсё гаіла .. [Зосіны] душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тры́зна, ‑ы, ж.
1. У старажытных славян — заключная частка пахавальнага абраду, якая суправаджалася ваеннымі гульнямі, спаборніцтвамі, а таксама вячэрай па нябожчыку. Пры спальванні і насыпанні кургана праводзілі так званыя трызны — урачыстае развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні або спаборніцтва. Штыхаў.
2. Пахавальны і памінальны абрад, памінкі па нябожчыку. Калі памёр Каліна, зрабілі дзеці па ім памінкі — трызну і пахавалі яго ў зямлі, паклаўшы туды яго лепшыя і найпатрэбнейшыя рэчы. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Тое, што і імкнуцца (у 1 знач.). Жоўтыя хвалі з белым накіпам бурліва імкнуць і імкнуць у далячынь. Пестрак. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Багдановіч. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці. Колас.
2. Распасцірацца, цягнуцца ў якім‑н. напрамку. Ад плошчы, праз мост, угару імкнуў праспект. Карпаў.
3. што. Накіроўваць рух, цягнуць куды‑н. Галіны распасцёрты, дрэва Свой стан імкне ў блакіт пусты... Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цары́ца, ‑ы, ж.
1. Жан. да цар.
2. Жонка цара.
3. перан.; чаго. Тая, што пануе, першынствуе дзе‑н., перавышаючы ўсіх якімі‑н. якасцямі. Усё жыццё сваё табе ахвярую; будзь ты ўладарніцай душы маёй, царыцай песень маіх! Бядуля. / у вобразным ужыв. Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца. Багдановіч.
•••
Царыца палёў — пяхота. Былі ў гэтым яго настроі і адчай, і заліхвацкасць, і нецярплівасць бывалага франтавіка, якому яшчэ давядзецца паваяваць, і не дзе-небудзь, а ў царыцы палёў — пяхоце. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цярпе́нне, ‑я, н.
1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.
2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.
•••
Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́на, ‑ы, ж.
Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́ць, ‑і, ж.
1. Пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго‑н. ад дажджу, непагоды. І застукалі дзве сякеры — двое [салдат] калолі, а трое насілі дровы пад павець. Хомчанка. Пад павець пачалі насіць мяхі з цэментам, згружаць цэглу. Лупсякоў.
2. Памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы; дрывотнік. Ралан, даючы ключ, загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.
3. перан. Тое, што навісае, утвараючы падабенства павеці. Узняла парасоны дрэў Фергана, над асфальтам навісла павець прысад. Русецкі. Над галавой — дубоў павець, Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ако́ліца, ‑ы, ж.
1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.
2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)