па..., прыстаўка.

I. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў і абазначае: 1) закончанасць, завяршэнне дзеяння, напрыклад: паставіць, пабіць, пакінуць, пабудаваць, паклікаць, паказаць; 2) пачатак дзеяння, напрыклад: паехаць, паляцець, пакаціць, папаўзці; 3) абмежаванасць працягласці дзеяння, напрыклад: папісаць, пакамандаваць, пагуляць, пасядзець, пакрычаць; 4) набыццё большай ступені якой‑н. якасці, уласцівасці, напрыклад: пачырванець, пабялець, пахарашэць, пасталець; 5) няпэўную працягласць, паўторнасць дзеяння (часта з адценнем непаўнаты, невялікай меры дзеяння), напрыклад: паглядваць, пакурваць, пакрыкваць, пагойдваць; 6) ахоп дзеяннем, станам усіх, многіх асоб або пашырэнне дзеяння на ўсе, многія аб’екты, напрыклад: памерзнуць, пападаць, пахавацца, пакасіць (усе сенажаці), пакалоць (усе дровы); 7) у спалучэнні з прыставачнымі дзеясловамі (звычайна незакончанага трывання) абазначае: а) распаўсюджанне дзеяння на ўсе, многія аб’екты, напрыклад: паабіваць (яблыкі з дрэва), павыносіць (мэблю з хаты), паналаджваць (станкі), парассяляць (студэнтаў па кватэрах); б) утварэнне дзеяння ўсімі, многімі асобамі, напрыклад: паабмарожвацца, павысяляцца, падалучацца, панакрывацца; в) празмернасць дзеяння, напрыклад: панакупляць (рознай дробязі), папахадзіць (доўга, многа), папахварэць (доўга); г) абмежаванасць меры дзеяння, напрыклад: павыжынаць, павыядаць.

II. Ужываецца для ўтварэння прыметнікаў і надае ім наступныя значэнні: 1) які адносіцца да кожнага з указаных прадметаў, напрыклад: пагалоўны, падэкадны, пагадзінны, памесячны; 2) які адпавядае чаму‑н., напрыклад: падаходны, пасільны; 3) які адносіцца да часу пасля чаго‑н., напрыклад: пасмяротны, парэформенны; 4) які знаходзіцца, размешчаны ўздоўж, каля чаго‑н., напрыклад: пагранічны, паморскі, паволжскі.

III. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў: а) у спалучэнні з прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напрыклад: па-новаму, па-руску, па-нямецку; б) у спалучэнні з прыналежнымі займеннікамі ўтварае прыслоўі са значэннем: у адпаведнасці з чыім‑н. жаданнем, меркаваннем, напрыклад: па-мойму, па-твойму, па-нашаму.

IV. Утварае назоўнікі са значэннем блізкага размяшчэння ўздоўж чаго‑н., напрыклад: пагранічча, памор’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз... (а таксама раза... і рас...), прыстаўка.

А. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх імён абазначае:

I. Адасабленне, раз’яднанне.

1. Перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго: а) рух у розныя бакі з аднаго пункта, напрыклад: разбрыдацца, разбягацца, разлятацца, раз’язджацца; б) размеркаванне, накіраванне ў розныя бакі, напрыклад: разводзіць, развозіць, разліваць, раскватароўваць, раскласці, рассылаць, рассяляць; в) рассейванне ў розных напрамках, напрыклад: распыляць, распырскваць, рассейвацца.

2. Парушэнне цэласнасці: а) адасабленне аднаго ад другога, напрыклад: разлучацца, разнімаць, раз’ядноўваць; б) раздзяленне на часткі або раздрабненне, напрыклад: раздрабняцца, разжоўваць, разменьваць (грошы), размолваць, разразаць, раскроіць; в) разбурэнне, напрыклад: разбіваць, разбурацца, развальвацца, размалаціць, рассыхацца; г) разбаўленне, напрыклад: разводзіць (фарбу).

II. Пашырэнне: а) пашырэнне па паверхні, напрыклад: раскінуцца, распасціраць, распластацца, рассцілаць, расцягвацца (на многія кіламетры); б) выхад за свае межы, пашырэнне на сумежную прастору, напрыклад: разлівацца, расплывацца, рассесціся; в) павелічэнне ў аб’ёме, расшырэнне, напрыклад: разбухаць, раздавацца, разношваць, распухнуць, расшыраць.

III. Паўнату праяўлення дзеяслоўнай прыкметы: а) інтэнсіўнасць дзеяння, працэс дзеяння, напрыклад: разадзецца, разбалецца, разбурчацца, раскарміць, раскачацца; б) стараннасць дзеяння, напрыклад: разведваць, разглядваць, распытваць, расшукваць; в) ахоп дзеяннем усяго аб’екта або суб’екта дзеяння, напрыклад: разаткаць, размалёўваць, расфарбавацца.

IV. Давядзенне дзеяння да атрымання выніку, напрыклад: разаграваць, разахвоціцца, разбудзіць, разверадзіць, развесяліцца, разжаліцца, раззлаваць, размочваць, распальваць, распесціць.

V. Знішчэнне таго, што ўзнікла ў выніку раней утворанага процілеглага дзеяння: а) адасабленне таго, што было злучана ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: развязаць, развярстаць, размацоўваць, распаяцца, расшываць; б) ажыццяўленне дзеяння ў адваротным напрамку, напрыклад: разгінаць, размотваць, раскручваць, расплятацца, распростваць, расціскацца; в) вызваленне ад чаго‑н., напрыклад: разгрузіць, раздзявацца, разуючыць, раскаваць, распакоўваць, распрагаць, распячатваць, рассядлаць, расшпільваць; г) знішчэнне стану, узнікшага ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: разбраніраваць, размагніціцца, размініраваць, раскансерваваць, рассакрэціць; д) спыненне дзеяння, напрыклад: разлюбіць, расчаравацца.

Б. Разм. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні прыметнікаў абазначае: а) вышэйшую ступень якасці, напрыклад: развясёлы, разудалы, распракляты; б) наяўнасць чаго-небудзь, што распасціраецца ў розных напрамках, напрыклад: развілісты, разгалісты, разлапісты, раскідзісты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́сь, усяго́, м.; уся́, усёй, ж.; усё, усяго́, н.; мн. усе́, усі́х; займ. азначальны.

1. Вызначае што‑н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб’ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. □ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас. Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі. Паўлаў. Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны. Купала. // толькі мн. (усе́, усі́х). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з’яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. □ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі. Хведаровіч. За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін! Куляшоў. Усе на лузе, ад малога да вялікага. Ваданосаў. // Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры. Чорны. Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам. Чарнышэвіч. Са з’яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў. Ракітны. // Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. □ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні... Бачыла.

2. у знач. наз. усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. □ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі. Ус. Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць. Чорны. // усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. □ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву. Кулакоўскі. [Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы... Кучар. // у знач. вык. Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё. М. Ткачоў. // у знач. наз. усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. □ Падалі снеданне. Усе селі за стол. Юрэвіч. Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана. Колас. Нізкі пералаз — усім дарога. Прыказка. // усё, усе́. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша. Чарот. // Р усі́х. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх. Гіст. бел. сав. літ. Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле. Гілевіч.

3. толькі ў Н. Скончыцца, зрасходавацца цалкам. Соль уся. □ — Рыс ужо ўвесь, — сказала .. [маці] бацьку. Маўр.

4. у знач. вык. усё. Разм. Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. □ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся. Якімовіч. — Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун. Ракітны.

5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога‑н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка гл. затычка.

Ад усяго сэрца гл. сэрца.

Валіць усё ў адну кучу гл. валіць.

Ва ўсе лапаткі гл. лапатка.

Ва ўсёй (сваёй) красе гл. краса.

Ва ўсіх адносінах гл. адносіны.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Вось (табе) і ўвесь сказ гл. сказ.

Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі) гл. выматаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

З усімі анёрамі гл. анёры.

З усіх канцоў гл. канец.

З усяго свету гл. свет.

Ісці на ўсё гл. ісці.

І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Мераць усіх (усё) на адзін аршын гл. мераць.

На ўсе вякі гл. век.

На ўсе жылы; з усіх жыл гл. жыла.

На ўсе лады гл. лад ​1.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

На ўсім гатовым гл. гатовы.

На ўсю іванаўскую гл. іванаўскі.

Не ўсе дома ў каго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»... Корбан.

Ну, вось і ўсё! гл. вось ​2.

Па ўсім відаць гл. відаць.

Па ўсіх правілах гл. правіла.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

Перш за ўсё гл. перш.

Скарэй за ўсё гл. скарэй.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Увесь у каго — пра падабенства да каго‑н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату. Шамякін.

Увесь час гл. час.

Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата]. Зарэцкі. Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста. Корбан. Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго! Мележ.

Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю. Бяспалы. Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце. Бядуля.

Усе козыры ў руках гл. козыр.

Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно. Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно. А. Александровіч.

Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы. Скрыган.

Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (гл. работа).

Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там? Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні. Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула. Ермаловіч.

Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў. Скрыган.

Усё страчана — пра што‑н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.

Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць. Чорны. Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка. Барадулін.

Усімі сіламі гл. сіла.

Усіх масцей гл. масць.

Усяго добрага гл. добры.

Усяго найлепшага гл. найлепшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)