упільнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Наглядаючы, пільнуючы, усцерагчы ад каго‑, чаго‑н. У Сцешыцах так: калі вечарынка — гароды не ўпільнуеш. Пташнікаў. — Сёння.. [Вайтовіч] мяне біць будзе, што не ўпільнаваў кароў, — раптам загаварыў пра сваё гора Грыша. Пальчэўскі. // перан. Дагледзець, ахаваць (ад непрыемнасцей, шкоднага ўздзеяння). Схіліў перад.. [Марынай] галаву, гатовы пачуць крык мацярынскага болю, папрокі. Яна магла спытаць: чаму я не ўпільнаваў яе сыноў. Шамякін.

2. Усачыць, не ўпусціць з-пад увагі. [Хлопчыку] хацелася хоць раз упільнаваць, як буслы нясуць з-за лесу ў дзюбе сявеньку з дзіцем. С. Александровіч. [Клава:] — Калі ты выязджаў — я не ўпільнавала. Я хацела цябе правесці, ды прыйшоў гэтая назола — Ясь. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастая́ць, ‑стаю́, ‑стаі́ш, ‑стаі́ць; зак.

1. Стаяць некаторы час. Кравец пастаяў хвілін з пяць і пачаў чагосьці шукаць у прырэчным чароце. Чорны. — З тыдзень яшчэ восень пастаіць. Якімовіч. Пастаяў [Макарчык] у парозе і раптам пасунуўся да мяне. Адамчык.

2. за каго-што. Абараніць, засцерагчы ад чаго‑н.; ахаваць каго‑, што‑н. Пастаяць за волю. □ — А ты не клапаціся, мы то ўжо адзін за аднаго пастаім. Лынькоў. Селянін Багушэвіча — пакутнік, пакутуе і селянін Купалы, але ў той жа час ён гатовы пастаяць за сябе, нават пайсці на смерць дзеля сваёй свабоды. Навуменка.

3. заг. пасто́й(це). Ужываецца ў значэнні: пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся). — Пастойце! — гукнуў Панця і рушыў следам. Кулакоўскі. — Гэй, ты, пастой! — настойліва паклікаў Отта Штрайх сівога чалавека. Лынькоў. // Ужываецца для перадачы нязгоды. — Ты нездаволены, як бачу, Але пастой, Міхал, даслухай, Тагды ты ўжо глуздом парухай. Колас.

•••

Пастаяць галавой за каго‑, што‑н. — абараніць каго‑, што‑н., не шкадуючы свайго жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)