шафра́н, ‑у, м.

1. Культурная расліна сямейства касачовых з лінейным вузкім лісцем і сінявата-фіялетавымі кветкамі; крокус.

2. зб. Высушаныя рыльцы кветак гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як вострая прыправа, як фарбавальнік харчовых прадуктаў у аранжава-жоўты колер, а таксама прымяняюцца ў парфюмерыі. Масла было такое духмянае і прыгожае з выгляду, што кабеты суседскія, пабачыўшы яго, казалі маёй маме: — Не хочаш праўду сказаць, ты яго шафранам падфарбоўваеш. Дубоўка.

3. Гатунак яблыкаў. Празрысты наліў, васковы шафран, зялёная пуцінка, рабрыстая буйная антонаўка, цёмна-чырвоная «цыганка» і іншыя гатункі яблык.. так густа ўсыпалі галіны, што амаль кожную з іх падтрымлівала падпора. Шамякін.

[Араб. za'frān.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́мпа, ‑ы, ж.

1. Прыбор для штучнага асвятлення з дапамогай электрычнага току, спальвання газы, нафты і пад. Настольная лямпа. □ На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. Колас. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся ўгары ад сціснутага паветра, міргалі. Васілевіч.

2. Прылада для асвятлення або награвання спецыяльнага прызначэння на розных вытворчасцях. Паяльная лямпа. Шахцёрская лямпа.

•••

Катодная лямпа — устарэлая назва электроннай лямпы.

Кварцавая лямпа — электрычная лямпа ў выглядзе невялікага балона з кварцавага шкла для атрымання ультрафіялетавых прамянёў, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і інш.

Лямпа дзённага святла — разнавіднасць люмінесцэнтнай лямпы, якая выпраменьвае святло, падобнае на дзённае.

Лямпа напальвання — электрычная лямпа, крыніцай святла якой з’яўляецца свячэнне напаленай токам тугаплаўкай, звычайна вальфрамавай ніці.

Неонавая лямпа — крыніца аранжава-чырвонага святла, якое выпраменьваецца ў выніку электрычнага разраду паміж электродамі ў неоне, якім запоўнена лямпа.

Электронная лямпа — вакуумная прылада для атрымання або ўзмацнення электрамагнітных ваганняў, якая прымяняецца ў радыётэхніцы, тэлемеханіцы і пад.

Электрычная лямпа — тое, што і лямпа напальвання.

[Фр. lampe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)