Азе́л ’марока’, азеліваць марочыць’ (Бяльк.), азяляць ’марочыць, спакушаць’ (Нас.), азяліццаадурэць, як выпіўшы зелля’ (Арх. Бяльк., Нас.), азяленне ’ап’яненне’ (Гарэц.), азяліць ’затлуміць, ап’яніць’ (Яўс.), азяліцца зелле (Гарэц.). Параўн. озелить ’зачараваць зеллем’, озел ’вядзьмарства’ (Дабр.). Беларускае новаўтварэнне ад зелле (Мартынаў, SlW, 65). Гл. Фасмер, 3, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Дурэць некаторы час. А хлопец.. [Іванка] быў жвавы, любіў падурэць. Кухараў. Як добра тут спыніцца, збочыць, І пагуляць, і падурэць. Кірэенка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адурэць — пра ўсіх, многіх. — Накіраваць бы вас гной вазіць, а то вы тут падурэлі ад суму, — стрымліваючы ўсмешку, прамовіў Васіль. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здурнець, здурэць, адурэць, адурнець, звар'яцець / пра старых: здзяцінець; ашалець, ачмурэць, ачумець, рэхнуцца (разм.) □ страціць розум, выжыць з розуму, звіхнуцца з розуму, з'ехаць з глузду

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ап'янець, сп'янець, сп'яніцца, выпіць, падвыпіць, падпіць, напіцца, упіцца, перапіць, перапіцца, спіцца; ахмялець, захмялець, насмактацца, нажлукціцца, налізацца, налыкацца, насцябацца, насцёбацца, набрацца, перабраць, звіцца, акасець, адурэць (разм.) □ набрацца гарэлкі, узяць чарку, заліць вочы, наступіць на корак, быць на ўзводзе

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)