разго́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з разгонам (у 2 знач.); які бывае пры разгоне (у 2 знач.). Разгоністая хада. Разгоністы галоп. □ Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы. Быкаў. // Моцны, хуткі. Разгоністы вецер. Разгоністая хваля.
2. Шырокі, з вялікім разгонам (у 3 знач.); размашысты. Асветленая безліччу ліхтароў, узнікла перад вагонамі разгоністая камяніца вакзала. Шынклер. [Павел] стаяў непадалёку, безуважна ўзіраўся ў разгоністае палатно шашы, у разлегласць палёў і сасновых пералескаў. Вышынскі. // Залівісты, працяглы (пра голас, брэх і пад.). За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоністы моцны, але не вельмі выразны голас. М. Стральцоў.
3. З вялікімі прамежкамі паміж літарамі (пра почырк, друк).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.
1. Паставіць поруч або ў адно месца. Саставіць вінтоўкі ў піраміду. □ Сажнуць сярпамі з жонкай жытні клін, Збяруць снапы, саставяць іх у бабкі. Корбан. Міхась туды [у куток пуні] саставіў старыя калоды. Б. Стральцоў. // Прыставіць, падставіць адно да другога. Умомант саставілі [хлопцы] адзін к аднаму сталы, як на вяселлі, і паселі наўкруга. Мурашка.
2. Атрымаць што‑н. цэлае, злучыўшы, змацаваўшы асобныя часткі. Саставіць поезд. □ [Гаварушка:] — Таксама навука — як разбіты гаршчок саставіць. Лобан. // Атрымаць (сумесь, раствор і пад.), перамяшаўшы якія‑н. рэчывы. Саставіць лякарства.
3. Зняць што‑н., пастаўленае наверх. Саставіць са стала на падлогу.
•••
Саставіць ураўненне — запісаць умову задачы ў выглядзе ўраўнення, якое змяшчае шукаемую велічыню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штора́з, прысл.
Кожны раз. Колькі светлых пачуццяў падымаецца ў душы, калі чытаеш.. творы [Чорнага], штораз адкрываючы ў іх усё новыя скарбы. Вітка. [Міколка] ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынах і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: — Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Лынькоў. // З кожным разам, раз ад разу. — Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Колас. Чорны дым над полымем уздымаецца штораз вышэй. Брыль. // Вельмі часта; вельмі хутка. [Доктар] пацепваў высокімі пляч[а]мі, штораз папраўляў на носе акуляры. М. Стральцоў. Толькі сілы слабеюць штораз, Штохвіліны цяжэй усё дыша [конь]. Гэтак блізка жаданы папас, Але смерць за папас яшчэ бліжай. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.
Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. і без дап. Спытаць яшчэ раз; зноў звярнуцца з тым жа пытаннем. [Надзя] не паверыла адразу словам, перапытала. Галавач. Ад прыкрасці Мікола аж крактануў .. і перапытаў у Нічыпара: — Значыць, не адпусціш? Б. Стральцоў. — Як, як вы кажаце? — перапытаў.. [Ян], падступаючы бліжэй да бравага фельчара. Чорны. Бацька ў такіх выпадках.. пяць разоў перапытае, потым адкажа. Бажко. — Што ж з Якушом пасля зрабілі? — З Якушом? — перапытаў дзед. — Пакаралі. Скрыган.
2. Апытаць усіх, многіх; спытаць пра ўсё, многае. Мы.. усе хаты абышлі, усіх людзей перапыталі, ці не бачылі цябе дзе часам... Васілевіч. [Барановіч:] — Якое каму дзела, хто з кім жаніцца ці за каго замуж ідзе. Дык не, усё перагавораць, усё перапытаюць, да ўсяго дакапаюцца. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.
1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.
2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.
3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́дпіс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падпісваць — падпісаць (у 1 знач.).
2. Прозвішча, напісанае ўласнаручна пад якім‑н. тэкстам, малюнкам, карцінай і пад. для пацвярджэння свайго аўтарства або згоды з чым‑н. Гэта была... заява. Кароткая. «... Прашу прыняць мяне і ўвесь мой інвентар у калгас». Тады — подпіс: «Ждановіч Міхаіл Селівестравіч». Брыль. Паставіўшы подпіс і дату, Алік прачытаў напісанае ўсё з пачатку. Кулакоўскі. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.
3. Надпіс над чым‑н., пад чым‑н. [Чыкуноў:] — Прыйдзецца і схему [канструкцыі] перачарціць, і подпіс зрабіць іншы. Васілёнак. У думках [Рыгор] перагарнуў старонкі падручніка, усплыў у памяці і малюнак з подпісам. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасве́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прасвяціць.
2. Свяціцца праз што‑н. Сонца прасвечвае між ствалоў сосен. В. Вольскі.
3. Віднецца праз што‑н. У адным месцы праз страху прасвечвала неба. М. Стральцоў. Праз рэдкую бародку прасвечваў раздвоены падбародак. Пестрак. // перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра якое‑н. ўнутранае пачуццё, стан, якасць і пад.). Вочы, здавалася, яшчэ больш запалі, пацямнелі, твар паблажэў, але на ім выразна прасвечвала незвычайнае хваляванне і радасць. Алешка.
4. Прапускаючы праз сябе святло, здавацца празрыстым. Часам .. [рука] засланяе святло лучыны, і тады мне здаецца, што пальцы прасвечваюць наскрозь. Асіпенка. / Пра што‑н. вельмі старое, парванае. [Жанчыну] непакоіла тое, што пачаліся дажджы, ноччу ў шалашы было холадна і вільготна, ён сям-там пачаў прасвечваць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыміры́ць, ‑міру, ‑мірыш, ‑мірыць; зак., каго-што з кім-чым.
1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж кім‑н. Смерць можа часова прымірыць нават самых заўзятых ворагаў... Ваданосаў. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма — усё намагалася палагодніць, прымірыць усіх з Ганнаю. Мележ. // перан. Згладзіць супярэчнасці паміж чым‑н.; узгадніць што‑н. з чым‑н. Прымірыць навуку і рэлігію багасловы неаднойчы спрабавалі. «Полымя». Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была самая патаемная і самая душэўная думка. М. Стральцоў.
2. Прымусіць памяркоўна аднесціся да каго‑, чаго‑н. Мы асабліва не заўважаем бегу часу і ўсё хочам прымірыць нас ранейшых з намі цяперашнімі. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́зніца 1, ‑ы, ж.
1. Непадабенства, адрозненне ў чым‑н. [Мальгрэта:] — Я ж казала ўжо, Хвядоска, У нас між горадам і вёскай Аніякай розніцы. Крапіва. Малевіч падыходзіць да рэчкі і, таксама як я, садзіцца на беразе. Розніца толькі ў тым, што я сяджу на абрыве, спусціўшы ногі над вадой, а ён прылёг пад адхонам. Брыль.
2. Велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі. А прызнацца, у нас не вялікая розніца: год пятнаццаць... Хадзем, дай руку, спадарожніца. Вялюгін.
•••
Якая розніца? — ці не ўсё роўна?
ро́зніца 2, ‑ы, ж.
Спец. Продаж паштучна або невялікімі колькасцямі. Здавалася, Індыя, згаладаўшыся за стагоддзі па металу, паглынае яго цяпер вялікімі і малымі кавалкамі, оптам і ў розніцу. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)