мэ́бля, ‑і, ж., зб.

Прадметы абстаноўкі памяшкання. Два сталы, пісьмовы і звычайны,.. ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. Выходзячы, Міша не стрымаўся і заглянуў праз прыадчыненыя дзверы ў цесна застаўлены мэбляй пакой. Карпюк.

•••

Мяккая мэбля — мэбля, у якой тыя часткі, што прызначаны для сядзення або ляжання, зроблены на спружынах або набіты чым‑н. мяккім.

[Фр. meuble.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мяк, мякла; незак.

1. Рабіцца мяккім, менш цвёрдым; размякаць.

2. Рабіцца вялым, расслабленым. Хлопец хоча перавярнуцца, ды раптоўны боль забівае яму дух, ён адразу мякне. Карпюк.

3. перан. Прыходзіць у стан душэўнай дабрата, чуласці, спагадлівасць. Бацька, хоць не прызнаваўся, Ды таксама трохі мяк, Калі часам даставаўся З-за сынка ўвагі знак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерво́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае павышаную ўзбуджальнасць. Нервозны чалавек.

2. Звязаны з раздражненнем, узбуджанасцю нерваў. Нервозны настрой. // Які выражае, выдае нервознасць, узбуджанасць, раздражненасць. Нервозны смех, брудныя словы невядомай жанчыны, кінутыя .. [Луізе] у твар, балюча кальнулі ў сэрца. Шашкоў. Віктар ледзь не давіцца нервозным смехам. Карпюк.

3. Неспакойны, трывожны. З некаторага часу Астранамічны інстытут жыў нейкім нервозным, узбуджаным жыццём. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нетаро́пкі, ‑ая, ‑ае.

Які ўсё робіць не спяшаючыся, з развагай; няспешны. Калгасам кіраваў той жа Рыгор Швед, аднак гэта быў цяпер ураўнаважаны, нетаропкі чалавек, сталы сем’янін. Хадкевіч. // Уласцівы таму, хто не спяшаецца, хто робіць усё няспешна. У калідоры пачуліся нетаропкія крокі, шапаценне прарызіненых плашчоў, гутарка. Карпюк. З хлява далятала нетаропкая гаворка і звон малака аб вёдры. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правасла́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да праваслаўя. Праваслаўныя малітвы.

2. Які вызнае праваслаўе. — Ну, бо, кажуць, ёсць беларусы праваслаўныя і католікі, — далей разважыла [жонка]. Карпюк. / у знач. наз. правасла́ўны, ‑ага, м.; правасла́ўная, ‑ай, ж. [Саўка:] Хоць вы [Хімка] і праваслаўная, але за католікам замужам... у касцёле вянчаліся... Гурскі. Поп вырачыў на мяне спалоханыя вочы. — Дык .. [Казік] не праваслаўны? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працверазі́ць, ‑цверажу, ‑цвярэзіш, ‑цвярэзіць; зак., каго.

Зрабіць цвярозым. Свежае паветра .. [Косцю] працверазіла, ён быў поўны злоснай рашучасці. Карпюк. // перан. Зрабіць здольным цвяроза разважаць аб чым‑н., вызваліць ад ілюзій. Рыканне кароў працверазіла хлапчукоў, вярнула з непралазных джунгляў у свае альховыя кусты. Пальчэўскі. Мабыць, Славіку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, і такое простае імя як бы працверазіла яго. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымайстрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Разм.

1. Прыладзіцца, размясціцца дзе‑н. Каму ўрачы не дазвалялі выходзіць з палат, тыя прымайстраваліся на вокнах, каб хоць здалёк зірнуць на героя. Дудо. Сяляне паселі каля плота, іншыя прымайстраваліся на бярвенні. Чорны.

2. Уладкавацца куды‑н., атрымаць якое‑н. месца, пасаду. Некалькі чалавек нават прымайстраваліся на працу ў горадзе. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які раздражніўся, стаў хваравітым ад якога‑н. раздражняльніка. Раздражнёная скура.

2. Які знаходзіцца ў стане раздражнення (у 2 знач.). Яшчэ здаецца, што хлопцы злыя і раздражнёныя: гыркаюць адзін на аднаго, пашляюць, чхаюць, шморгаюць насамі. Карпюк. [Надзя:] — Я так тады старалася! .. А вы ўзялі і паехалі.. І Вася прыйшоў раздражнёны, злы. Шашкоў. // Які выяўляе раздражненне. Раздражнёны голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да свінні (у 1 знач.). Свіное сала. Свіны статак. // Прызначаны для свіней. Свіная ферма. Свіная бульба. // Прыгатаваны, зроблены з мяса ці скуры свінні. Свіная тушонка. Свіныя катлеты. // Такі, як у свінні; маленькі, заплыўшы (пра вочы). З-пад калматых броваў пазіралі маленькія свіныя вочкі. Карпюк.

•••

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы гл. сабрацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скляпе́нне, ‑я, н.

1. Дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавання. Гатычная архітэктура сабора робіць моцнае ўражанне сваёй манументальнасцю, смеласцю формы, вышынёй скляпенняў. Мележ. Хутка я апынуўся ў змрочнай зале з нізкім скляпеннем. Карпюк. // перан. Небасхіл. Нябёсаў сіняе скляпенне, Хутчэй дажджынку ім [травінкам] пашлі. Матэвушаў.

2. Падвальнае памяшканне. У скляпеннях і на гарышчах будынкаў заселі аўтаматчыкі і кулямётчыкі. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)