бракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.

1. Прызнаваць што‑н. недабраякасным, заганным. Бракаваць тавар. // Адмаўляцца ад каго‑, чаго‑н., адвяргаць што‑н. [Маі:] — Ну дзякаваць і.. [Сяргею Пятровічу] і ўсім, што не бракуюць цябе [Касю]. Дубоўка.

2. безас. Неставаць, не хапаць; быць у недастатковай колькасці. Праўда, у.. [Аксёна Верамеевіча] бракавала ведаў, але Гаруноў амаль не заўважаў гэтага. Дуброўскі. [Лішчыкаву] патрэбен быў час на гаворку аб жыцці-быцці, а ў лётчыкаў на вайне часу бракавала. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бутафо́рыя, ‑і, ж.

1. Прадметы абстаноўкі ў спектаклі (мэбля, зброя, пасуда і інш.), а таксама штучныя прадметы, выстаўленыя на вітрынах магазінаў замест сапраўдных. [Артысты] самі майстравалі ўсю бутафорыю, дапамагалі шыць адзенне, развучвалі песні і танцы. Сяргейчык.

2. перан. Падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект. Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна [Іна] аказалася для яго бутафорыяй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Моцна і працягла крычаць. — Ура, Таня! Ура! — лямантавалі дзяўчынкі, бегаючы па беразе. Скрыпка. — Лаві, лаві яго [зайца]! — лямантавалі хлопчыкі. Рылько. /Пра жывёл, птушак. Раз’юшаны сабака лямантаваў на падворку. Арочка.

2. Галасіць па кім‑н., над кім‑н.; моцна плакаць. Уся ў слязах, маці білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. Карпаў. Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́рыцца, ма́рыцца; незак.

1. Уяўляцца, здавацца ў думках. Мне марыцца: Нібыта той дарогаю З адвечнасці вярнуліся гады... Кляшторны.

2. безас. Аб жаданні або мажлівасці марыць. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка! З. Астапенка.

мары́цца, мару́ся, мо́рышся, мо́рыцца; незак.

1. Таміцца, мучыцца. [Тэкля:] Хай размятуць вас віхуры крутыя, Каб не марыліся нашыя дзеці, Каб не стагналі ў няволі старыя! Глебка.

2. Зал. да марыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мацяры́нства, ‑а, н.

1. Стан жанчыны-маці ў перыяд цяжарнасці, родаў і кармлення дзіцяці. Закон аб ахове мацярынства. // Стан, абавязкі і правы маці ў адносінах да дзяцей.

2. Пачуццё да дзяцей, уласцівае жанчыне-маці; уласцівае маці ўсведамленне кроўнай сувязі яе з дзецьмі. Я запомніў толькі .. [Машу], тую шчаслівую ўсмешку і вочы, поўныя гордай радасці мацярынства. Брыль. Смутак па мацярынству даўно парадзіў у Галі пагарду да жанчын, якія не жадаюць мець дзяцей. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

Апытанне падследнага, сведкі і пад. для высвятлення чаго‑н., атрымання патрэбных звестак аб кім‑, чым‑н. Выклікаць на допыт. □ Допыт вёў Гнядкоў і рабіў гэта паважна, па ўсіх правілах. Шамякін. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. // Разм. Настойлівае падрабязнае распытванне. Тут, вядома, пачаліся допыты: як і што, дзе быў, чаму загуляўся так позна? Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́днасць, ‑і, ж.

1. Адзінства, згуртаванасць. Так у жорсткіх баях за камуну Непарушная еднасць расла. Глебка. Нашу эпоху можна назваць эпохай вялікай еднасці .. славянскіх народаў. «Полымя». // Непадзельнасць, неразрыўнасць. Еднасць партыі з народам. □ Андрэй адчувае еднасць з польскімі рабочымі ў Беластоку, да якіх ён прыехаў па заданню партыі папярэдзіць аб правакатары. Хромчанка. // Адпаведнасць, узгодненасць. Балада «Да дня» [М. Танка] вызначаецца еднасцю формы і зместу. У. Калеснік.

2. Агульнасць, супольнасць. Еднасць інтарэсаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нападзе́нне, ‑я, н.

1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.

2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Афіцыйнае пасяджэнне, якое робіцца з мэтай абмеркаваць якія‑н. пытанні. Вытворчая нарада. Міжнародная нарада. Нарада камандзіраў. □ Кіраўнікі чыгуначнай партарганізацыі сабраліся на нараду. Новікаў. // Удзельнікі такога пасяджэння. Узняўся тлум, загаварылі ўсе разам, ажывіліся мужчыны, нарада разбілася на групы. Дуброўскі.

2. Сумеснае абмеркаванне якога‑н. пытання. Сямейная нарада. □ [Дзеці] аб нечым шушукаліся ў калідоры. Відаць было, што ў іх ідзе нейкая сур’ёзная нарада. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)