прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.
1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.
2. і без дап. Сеяць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змагчы зрабіць што‑н. своечасова, у тэрмін. За свае дваццаць шэсць год.. [Кастусь Каліноўскі] ўспеў зрабіць многае. С. Александровіч. І посуд Алеся прыбрала, І ўспела схадзіць на раку. Калачынскі. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. час. Малако ўспее за дзень скіснуць. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Брадзнік:] — Няма калі чакаць, бабуля.. Дадому трэба дабірацца.. — Даедзеце шчэ, успееце. Кандрусевіч.
•••
Не ўспець (што‑н. зрабіць) як... — тое, што і не паспець (што‑н. зрабіць) як... (гл. паспець 2). [Жанчына:] — Вы яшчэ і падняцца не ўспееце, як .. [гаспадар] можа вярнуцца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штармавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да шторму; які з’яўляецца штормам. Штармавы вецер. □ — Званілі ад аператыўнага. Давалі штармавое папярэджанне, — нясмела зазначыў Цвёрдахвалаў. Алешка. // Такі, які бывае ў час шторму. Штармавое надвор’е. □ Апошнія паўгода ішлі бурна і імкліва. Яны нагадвалі штармавы акіян, які бушаваў вакол. Ракітны. // Які выкарыстоўваецца ў час шторму, служыць для барацьбы са штормам. Туга нацягцутыя штармавыя канаты на прамдэку, на ўнутраных лесвіцах пагойдвалася ў такт шалёнай калыханцы. Лынькоў. // Для якога ўласцівы частыя штормы. Ды не меркнуць паўночныя зоры, Караблі не мяняюць свой шлях, Штармавое Балтыйскае мора, На тваіх багатырскіх грудзях. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гумо́р, ‑у, м.
Душэўны стан, настрой. Марынка адразу заўважыла, што Вера не ў гуморы і таму ўвесь час маўчыць, нават не азірнецца. Шыцік. Дырэктар быў у добрым гуморы — сход прайшоў так, як ён і разлічваў, без бурных размоў. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкла́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Перанясенне на больш позні час; адтэрміноўка. І яшчэ была адна прычына, што таксама казала за адклад: сёння якраз прыйшоў ліст ад Алёнкі. Колас. Адклад не ідзе на лад. Прыказка. З адкладу няма ладу. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпа́свіць, ‑пасу, ‑пасеш, ‑пасе; ‑пасём, ‑пасяце, ‑пасуць і ‑пасу, ‑пасвіш, ‑пасвіць; ‑пасвім, ‑пасвіце, ‑пасвяць; пр. адпасвіў, ‑пасвіла; заг. адпасі; заг.
1. Правесці, на пасьбе пэўны час. Адпасвіць сваю чаргу.
2. каго. Адкарміць на падножным корме. Адпасвіць цялят на канюшыне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адысе́я, ‑і, ж.
Кніжн. Блуканні і падарожжы, звязаныя з рознымі перашкодамі і прыгодамі; апавяданне пра гэтыя прыгоды. Неяк здарылася так, што закончыўшы сваю паўночную адысею і прыехаўшы ў Мінск, не бачыліся мы са «старым» даволі доўгі час. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здаравя́ка, ‑і, м. і здаравя́к, ‑а, м.
Разм. Чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы. Парады даваў суседскі хлопец, каржакаваты, шыракаплечы здаравяка. Б. Стральцоў. У гэты час дзверы расчыніліся, і на парозе з’явіўся плячысты здаравяк у студэнцкай куртцы. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зірка́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і зіркасты. Зіркатая сіняя страказа села на.. сцяблінку і ў той жа час пырхнула. Хомчанка. Абвёў [дзед Сапрон] усю грамаду не зусім зіркатымі вачамі, сказаў яшчэ: — Э-эх, многа чаго помню!.. Лёс такі наш. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
браняві́к, ‑невіка, м.
Бронеаўтамабіль, прызначаны для разведкі, аховы і сувязі. Вестка пра смерць камандзіра дайшла да нас у той час, калі мы ўбачылі браневікі. Карпюк. Карэкціроўшчык сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месца знаходжання браневіка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)