распалі́цца, ‑палюся, ‑палішся, ‑паліцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна нагрэцца ад агню, жару, спёкі. Праз некалькі хвілін чыгунная печ гудзела на ўсю хату, а бляшаная труба распалілася аж дачырвана. Шашкоў. І хоць час быў яшчэ ранні, усё вакол паспела ладна пагрэцца. Асабліва распаліліся рэйкі, — гэта адчувалася нават праз абутак. Васілёнак.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, разгарэцца. Дровы распаліліся.
3. перан. Моцна ўзрушыцца, расхвалявацца; разгневацца. Гендарсан распаліўся да таго, што гатовы быў сам біць мужыкоў. Чарнышэвіч. Лявон яшчэ больш распаліўся і, рвануўшы рукі ўніз і наперад, абшчапіў Ціханава тулава тугім абручом. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца сіратой, траціць сваіх бацькоў; быць сіратой. І вось — Алеся сірацее. Таўбін.
2. перан. Жыць гаротна, цяжка, быць пазбаўленым сувязі з блізкімі. Самі вы [партызаны] гаротна сірацелі, Каб зямля не ведала сіроцтва. Лось. // Пусцець, трацячы каго‑, што‑н. Сірацее хата без гаспадара. // Быць у адзіноце, мець самотны выгляд. Восень брала сваё. За акном сірацеў маладзенькі клён. Гаўрылкін. Нарэшце Лявон дайшоў да хмызняку, за якім разбягаўся папар, шарэла бязлюдная шаша і сірацеў адзінокі грузавік. Хадановіч. Кволасць і знямога .. адчуваліся ва ўсім: у слабым зіхаценні ўжо халаднаватага марыва, у самотным іржышчы, што млява сірацела на сонцы. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спада́ць, ‑ае; незак.
1. Незак. да спасці.
2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.
3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў чэрствым, страціў першапачатковую мяккасць. Жалезны стол, счарсцвелы хлеб і томік Гейнэ на стале. Вялюгін. Хлопцу, занятаму ядою, Счарсцвелы аржаны праснак, Што праганяў ён сырадоем, Напамінаў знаёмы смак Святога матчынага хлеба З салодкім смачным малаком. Аўрамчык. // перан. Які стаў бяздушным, нячулым. Старое, счарсцвелае за доўгія гады жыцця сэрца [Параскі] нібы памаладзела і соладка калацілася. Сабаленка.
2. Зацвярдзелы, агрубелы. Вясна... Пачарнелі сляды На счарсцвелым зімовым снягу. І цурочкі бурлівай вады На пратораны шлях павязуць. Хведаровіч. Між камення выбівалася на .. [вуліцы] ўлетку нямоглая трава, а за тратуарамі, на счарсцвелых грудках, яна бралася нават цэлымі лапікамі, кусцістымі і густымі. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фло́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да флоту, належыць яму; прызначаны для флоту. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел 14 пяхотных дывізій (42 палкі), 17 флоцкіх экіпажаў і караблі Чарнаморскага флоту. «Помнікі». У час грамадзянскай вайны я сустракаў шмат маракоў з Балтыкі, з многімі з іх сябраваў, ведаў некалькі былых флоцкіх афіцэраў. Сяргейчык. // Уласцівы, характэрны для флоту, прыняты на флоце. [Сын] прыязджаў заўсёды нечакана, пад вечар, мажны, лабасты, у цёмным касцюме і ў чорнай флоцкай фуражцы, якую ўжо колькі год насіў пасля службы. М. Стральцоў.
2. у знач. наз. фло́цкі, ‑ага, м. Той, хто служыць ва флоце; марак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шляхе́тны, ‑ая, ‑ае.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — дваранскі, дваранскага паходжання. Апанас Сажалка, малады ў той час прадзед Міхася Сажалкі, лепшага друга і памочніка Сапегі, не зважаючы на свой шляхетны род, любіў бадзяцца з простымі валачобнікамі. Паслядовіч.
2. Уст. Знешне вытанчаны, высакародны, з вялікім пачуццём годнасці. Шляхетны тон. □ За ўсіх адказаў Змітрок Барташэвіч, саракагадовы халасцяк са шляхетнымі манерамі. Б. Стральцоў. // Які адпавядае існуючым нормам маралі. І не прыйшоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Колас. // Выхаваны, сумленны, высакародны. Шляхетная дзяўчына.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мане́ра, ‑ы, ж.
1. Спосаб дзеяння, прыём. Тое, што мы завём подзвігам, — для.. [М. Багдановіча] натуральная манера мысліць і жыць. М. Стральцоў. Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта, і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Колас. // Звычка, прывычка. — Што за манера з госцем праз зачыненыя дзверы размаўляць? Новікаў.
2. Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс творчасці. Пісьменнік [К. Чорны] прынёс у літаратуру свае тэмы, арыгінальную манеру пісьма. Лужанін.
3. толькі мн. (мане́ры, ‑пер). Знешнія формы паводзін, спосаб трымацца. Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігентны чалавек.. Непасрэдныя і сяброўскія манеры гэтага чалавека выклікалі мяне да шчырасці. Карпюк. [Язэп] чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак., на каго-што.
1. Кінуўшыся, напасці на каго‑н. Сабака накінуўся на чалавека. □ Паліцыя пакінула падворкі, з нагайкамі накінулася на людзей. Пестрак. Аднекуль зверху на буслоў накінуліся два буйныя драпежнікі. Самусенка.
2. Пачаць раптам папракаць, лаяць каго‑н. — Вечна ты не верыш! — накінулася на.. [Ахметку] Люся. — І не сорамна табе? Даніленка. — А вы што стаіце. .. Годзе абіваць бокі, — накінулася раптам на ўсіх разгневана Малання. Мележ.
3. Пачаць з азартам, прагнасцю што‑н. рабіць. Накінуцца на кнігі. Накінуцца на ежу. □ Андрэй з нейкай лютасцю накінуўся на работу. Шахавец. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласка́цца, палашчуся, палошчашся, палошчацца; незак.
1. Купацца, мыцца шумна, пырскаючыся. Дзеці ўвесь дзень палошчуцца ў рацэ. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае, узмахваючы крыламі (пра птушак). [Куры] паласкаліся ў пяску, у градах, у крапіве, ля плота... Пестрак.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Калыхацца, удараючыся аб што‑н. з плёскатам. Палошчуцца хвалі аб каменны мол, і яхта на хвалях — як лялька. Дудар.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапятацца на ветры. Кавалак.. брызенту, нібы на развітанне былым спадарожнікам Міхася, доўга яшчэ мігатліва паласкаўся над кузавам. Б. Стральцоў. Побач з брыгадай палошчацца на ветры палатно чырвонага сцяга. Галавач.
4. Зал. да паласкаць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пахавання (у 2 знач.). Пахавальны абрад. Пахавальная працэсія. Пахавальны звон. // Які скарыстоўваецца на пахаванні, прызначаны для пахавання. Ціха напяваючы пахавальны марш, байцы падымаюць нябожчыка. Глебка. // Які выконвае абрад пахавання, арганізуе пахаванне. Пахавальнае бюро. □ З грузавіка выйшлі трое ў такіх жа мышастых мундзірах, якія былі і на тых, што ляжалі на паляне. Гэта прыехала пахавальная каманда. Чыгрынаў.
2. у знач. наз. пахава́льная, ‑ай, ж. Разм. Паведамленне з дзеючай арміі пра смерць, гібель ваеннаслужачага. Бацьку забралі ў салдаты, і прыйшла ў пачатку сорак пятага на яго пахавальная. Б. Стральцоў. [Аня:] — Атрымала маці пахавальную, а нас пяцёра каля яе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)