маро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; незак.

1. каго-што. Моцна ахалоджваць; прымушалі, мерзнуць, зябнуць. Вада марозіла рукі так, што аж дубянелі кончыкі пальцаў. «Звязда». // Нішчыць холадам, марозам. Марозіць прусакоў.

2. што. Замарожваць што‑н., каб захаваць надалей. Марозіць яблыкі.

3. безас. Пра марозную, халодную пагоду. Хоць снегу ўжо не было, але марозіла моцна. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; ‑стаімся, ‑стаіцеся; заг. настойся; зак.

Разм.

1. Доўга, многа пастаяць; правесці доўгі час стоячы. [Пеця] добра настаяўся ў калідоры, перш чым адважыўся прыадчыніць дзверы і зазірнуць у клас. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і настояцца. [Маці:] — Леташняя [настойка] яшчэ. Так настаялася ўжо, што проста чысты спірт. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. пабярог, ‑берагла, ‑берагло; зак., каго-што.

1. Не растраціць, прыберагчы, захаваць. Паберагчы грошы. Паберагчы прадукты.

2. Аднесціся з увагай, асцярожнасцю да каго‑, чаго‑н., праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. Паберагчы дзіця. Паберагчы здароўе. □ Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павідне́ць, ‑ее; зак.

1. безас. Стаць відней, пасвятлець. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Як быццам трохі павіднела — дрэвы ўжо так шчыльна не абступалі хлопца, некранута-чысты снег, здавалася, свяціўся сам па сабе. Шахавец.

2. Стаць відным, бачным. Павіднела ля лесу поле, за ракой парадзеў туман. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падва́жнік, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў паравых і інш. машынах у выглядзе стрыжня з дзяржаннем для рэгуліроўкі сілы або хуткасці руху чаго‑н.; рычаг. Васіль зайшоў у [паравозную] будку і таргануў падважнік свістка. Шынклер.

2. Тоўстая жэрдка, пры дапамозе якой прыпадымаюць цяжары. [Астаповіч] налёг грудзьмі на падважнік і так раскалыхваў абкапаны навокал корч. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм. Падсцерагчы, высачыць каго‑, што‑н. [Балук:] — І Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу. Колас. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаштава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што, чаго і з дадан. сказам.

1. Паспытаць яду, піццё на смак, гатоўнасць і пад. Пакаштаваць святочны пірог. □ — А цяпер, — выціраючы вусы, сказаў Раман Дзянісавіч, — пакаштуем, што нам прыгатавала маці... Хадкевіч.

2. перан. Спазнаць на ўласным вопыце. Так, Мартын Ягоравіч, пакаштаваў ты гора, — перапыніў яго Злобіч. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасіве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пасівеў, стаў сівым. Лявон Амелька, маладжавы чалавек, але пасівелы ўжо, быў сур’ёзны і па натуры спагадлівы. Чарнышэвіч. Сярод пасажыраў вылучаўся адзін дзядзька — з сівенькай бародкай кліночкам, з пасівелымі невялікімі вусамі. Пестрак. Над студнямі як стаялі, так і стаяць пасівелыя ад моху асверы, задраўшы ўгору свае дзюбы-вочапы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патра́ва, ‑ы, ж.

1. Знішчэнне, псаванне травы, пасеваў і пад. жывёлай. [Павал:] — Вы думаеце, калі я не ўспеў прыбраць усяго свайго аўса, калі я трохі запазніўся з аўсом, дык думаеце, я так і пакінуў на патраву вашым коням, каб вы іх павывалаквалі!? Чорны.

2. Абл. Страва, яда. Незайздросная патрава: Бульба ды куцейка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераадзе́ць, ‑адзену, ‑адзенеш, ‑адзене; зак.

1. што. Зняўшы адно, надзець што‑н. іншае. Пераадзець касцюм. // каго. Адзець у іншую вопратку. Бядуючы і вохкаючы, Валодзева маці хутка пераадзела нас у сухое, перавязала маю руку. Якімовіч.

2. кім або ў каго. Адзець каго‑н. з мэтай маскіроўкі так, каб нельга было пазнаць. Пераадзець мужчыну жанчынай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)