бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

Разм.

1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.

2. толькі мн. (бразго́ткі, так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.

3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.

4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’я́ва, ‑ы, ж.

1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.

2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».

3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.

•••

Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Прыняць нерухомае, устойлівае становішча; прымацавацца. Дэталь добра замацавалася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пастаянным, трывалым, устойлівым. Навыкі замацаваліся. Дружба замацавалася.

3. Трапіўшы куды‑н., застацца там, зрабіўшы сваё становішча трывалым, надзейным. У Тэнгры чалавек прыйшоў, каб тут павек замацавацца. Дубоўка.

4. Утрымацца на занятай пазіцыі, арганізаваўшы абарону. Група, як кажуць ваенныя, асядлала.. дарогі і.. замацавалася. Кулакоўскі.

5. Застацца за кім‑, чым‑н., зрабіцца прыналежнасцю каго‑, чаго‑н. (пра назву, імя, мянушку і пад.). Так і замацавалася за Лішкам.. мянушка, так і заставалася за ім больш за год. Пальчэўскі. Паступова сярод духавенства галоўную ролю пачаў адыгрываць епіскап горада Рыма, за якім замацавалася назва папа рымскі. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рага́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн.так; ж.

1. Прыстасаванне для перагароджвання доступу куды‑н. у выглядзе некалькіх накрыж збітых калоў, прымацаваных да доўгага бруса. [Людзі] усхапіліся з зямлі, падмялі пад сябе вартавых, .. раскідалі калючыя рагаткі і ў адзін момант зніклі ў густым хмызняку. Лынькоў. // перан.; звычайна мн. (рага́ткі, так). Перашкода, замінка. Рагаткі царскай цэнзуры. Бюракратычныя рагаткі.

2. Рагулька з прывязанай да абодвух яе канцоў гумкай для кідання. Страляць з рагаткі. □ У .. [Кастуся] рагатка ёсць, зручная такая, з жоўтай гумы... Рылько.

3. Палка з развілінай для падтрымання якіх‑н. прадметаў. Падбеглі [мужчыны] бліжэй, убачылі .. кацёл, падвешаны на дзвюх нізкіх рагатках. Кулакоўскі.

4. Уст. Жалезны нашыйнік з доўгімі вастрыямі ўнутры, які надзявалі на шыю каму‑н. як пакаранне за правіннасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, каму, з дадан. сказам і без дап.

Папракаць каго‑н., выказваць неадабрэнне, нездавальненне за што‑н. Глядзеў [Звераў] на трапяткі сонечны зайчык.. і ўпікаў сябе за тое, што схлусіў урачу. Алешка. Так, так, Паліна больш за ўсіх будзе ўпікаць.. [Ніне], што ў апошні час не пісала і нават у час канікулаў не наведалася дамоў. Сіўцоў. І хоць дзеду Мікалаю ўжо ішоў восьмы дзесятак — .. ён, і не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. [Яраш:] — Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцягну́цца, уцягнуся, уцягнешся, уцягнецца; зак.

1. Прасунуцца ў вузкую адтуліну. Нітка ўцягнулася ў іголку.

2. Прыняць удзел у чым‑н. [Сымон] пакрысе ўцягнуўся ў гаворку і нарэшце сам пачаў гаварыць гладка і цікава. Чорны. Вера шмыгнула да сваіх кароў. Не хацелася ёй адказваць на кпіны, каб не ўцягнуцца ў пустую балбатню. Гаўрылкін.

3. перан. Паступова прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго‑н.; асвоіцца з чым‑н. Уцягнуцца ў работу. □ [Павел Іванавіч:] — Канешне, на першых часах нялёгка будзе, але пачнеш вучыцца, уцягнешся, і ўсё стане на сваё месяца. Кулакоўскі. Часам.. бывае так, што от чалавек нясе ношку, і хоць яна нялёгкая, аднак уцягнецца і нясе. Сабаленка.

4. перан. Прыахвоціцца да чаго‑н. Так уцягнуўся Анціп у гарэлку — рады няма, — казаў Архіп Архіпавіч. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цалкі́, ‑оў; адз. няма.

Абл.

1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.

2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.

3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяпле́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца, рабіцца цёплым, больш цёплым. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Чорны. Як дзьмухне [хлопчык] некалькі разоў на рукі, дык адразу ажываюць пальцы, цяплеюць далоні. Бядуля. // перан. Станавіцца дабрэйшым, лагаднейшым; ласкавець. — Вы бачылі Леніна?.. — Ціха ў хаце. У дзеда цяплеюць і вочы, і сэрца. Арочка. Па меры таго, як .. [Гендарсан] чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў. Чарнышэвіч. // безас. Пра адчуванне душэўнай цеплыні, ласкавасці, якое агортвае каго‑н. Смяялася .. [Галіна] так залівіста, так прыемна звінеў яе .. галасок, што ў хлопца цяплела на душы. Навуменка. У Паўла цяплела на сэрцы ад Машынага спачування. Гроднеў.

2. безас. Пра наступленне цёплага, больш цёплага надвор’я. Днём хоць і цяплела, аднак тэмпература вышэй чым мінус дваццаць — васемнаццаць не падымалася. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дво́е, дваі́х, дваі́м, дваі́мі, ліч. зб.

Два.

Ужыв.:

а) з назоўнікамі мужчынскага або агульнага роду, якія абазначаюць асобу.

Засталося д. сірот;

б) з асабовымі займеннікамі ў мн. л.

Нас было д.;

в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот.

Бегае д. парасят.

Д. дзяцей;

г) з множналікавымі назоўнікамі.

Д. саней.

Д. нажніц.

Д. акуляраў.

Д. штаноў.

Д. сутак;

д) з некаторымі назоўнікамі, якія абазначаюць парныя прадметы.

Д. ботаў.

Д. рукавіц.

Абуць д. панчох;

е) без назоўнікаў, калі абазначае асоб мужчынскага і жаночага полу.

Сядзелі д.: хлопец і дзяўчына.

На сваіх дваіх (разм., жарт.) — пехатой.

За дваіх (працаваць, есці і пад.) — так, як могуць двое.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)