вымага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Дамагацца чаго‑н. прымусам, сілай, пагрозамі; настойліва патрабаваць. Вымагаць грошы.

2. чаго, са злучн. «каб» і без дап. Патрабаваць. Вымагаць да сябе ўвагі. Работа вымагае ўмення. □ Радасць працы вымагае, каб усё тое, што добра зроблена, было заўважана і адзначана. Чорны. Садзяцца госці, ды не зразу,.. Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да надарвацца (у 1 знач.).

2. перан. Рабіць што‑н. праз меру; старацца з усіх сіл. На рабоце.. [Антон] не надрываўся, са станцыі прыходзіў рана. Ракітны. // Крычаць з усіх сіл. Ля тэлефоннага апарата надрываўся карэктар. Мехаў. // Гучаць з вялікай сілай. Над гарадком гула, надрывалася сірэна супроцьпаветранай трывогі. Лынькоў.

3. Зал. да надрываць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каржакава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Нізкі, з тоўстым сукаватым ствалом (пра дрэва). Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Колас.

2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каранасты (пра чалавека, яго постаць). [Міхей] быў малы супроць сваёй жонкі, але каржакаваты, з сілай у кожным вузле цела — галава ў лобе шырокая, у плячах ёмкі, хаця плечукі прыўзнятыя. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілко́м, прысл.

Разм. Сілай; супраць волі; гвалтам. У поўдзень сястра і санітаркі заўважылі, што.. [Наталля Пятроўна] хворая, і сілком адаслалі яе дадому. Шамякін. Маці ледзь не сілком упіхнула Сцёпку ў аўтобус. Жычка. Дзяўчыну звязалі і сілком прывялі да князя. Дуброўскі. // Праз сілу, цераз сілу, з цяжкасцю. [Ганначка] цяжка дыхала, але ішла і ішла, сілком перастаўляючы свае ацяжэлыя боцікі. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які валодае магічнай, звышнатуральнай сілай. Чарадзейнае зелле. □ Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Сяркоў.

2. Незвычайны па сіле ўплыву, уздзеяння; які захапляе, чаруе. [Міхась Чарот] мне неяк прызнаваўся, што гэтая жанчына мела над ім нейкую чарадзейную ўладу. Рамановіч. Слова ў літаратурным мастацкім творы — гэта чарадзейны знак. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпіцэ́нтр, ‑а, м.

Спец. Вобласць на паверхні зямлі, непасрэдна размешчаная пад ці пад ачагом разбуральных сіл (землетрасення, выбуху і пад.). Эпіцэнтр землетрасення. Эпіцэнтр ядзернага выбуху. // перан. Кніжн. Месца, дзе з найбольшай сілай праяўляюцца якія‑н. з’явы, падзеі. Паэту ёсць чым захапляцца І ёсць па кім раўняць хаду, Калі ён прагне набліжацца У эпіцэнтр народных дум. Свірка.

[Ад грэч. épi — на, над, пры і лац. centrum — акружнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарва́цца, -ву́ся, -ве́шся, -ве́цца; -вёмся, -вяце́ся, -ву́цца; -віся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разарвацца, утварыўшы дзірку.

Мяшок прарваўся.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зламацца пад напорам чаго-н.

Плаціна прарвалася.

Прарвалася яе крыўда (перан.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Лопнуць, даўшы выхад адкуль-н. чаму-н.

Нарыў прарваўся.

4. Сілай пракласці сабе шлях адкуль-н.

П. з акружэння.

|| незак. прарыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. прары́ў, -ы́ву (да 2 і 4 знач.).

|| прым. прарыўны́, -а́я, -о́е (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раскруці́цца, -ручу́ся, -ру́цішся, -ру́ціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Развіцца (пра што-н. звітае, скручанае).

Вяроўка раскруцілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца (пра што-н. скручанае).

Пакунак раскруціўся.

3. Вызваліцца ад чаго-н. наматанага, накручанага.

Раскруцілася цэлая шпулька нітак.

4. Пачаць круціцца з узрастаючай хуткасцю, сілай (разм.).

Кола раскруцілася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў дыяметры ад кручэння, свідравання.

Адтуліна раскруцілася.

6. перан. Дабіцца поспеху ў якой-н. справе, стаць вядомым, папулярным (разм.).

|| незак. раскру́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце́, пруць; пёр, пе́рла; пры; незак. (разм.).

1. Ісці, рухацца.

Прэ пасярэдзіне дарогі.

2. Ісці, рухацца куды-н., не лічачыся з перашкодамі, з забаронай.

Куды прэш напралом!

3. каго-што. Гнаць, выганяць.

П. чужога сабаку з двара.

4. каго-што. Валачы (што-н. цяжкае, грувасткае).

П. мяшок бульбы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). 3 сілай выходзіць вон, праяўляцца.

Карані пруць з зямлі.

Злосць з яго так і прэ.

6. што. Прагна есці.

Прэ як не ў сябе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уско́чыць, -чу, -чыш, -чыць; зак.

1. на каго-што. Скокнуўшы, апынуцца дзе-н.

У. на лаўку.

2. Хуткім рухам падняцца з месца.

У. ад спалоху.

3. у што. Скочыць у сярэдзіну чаго-н.

У. у лодку.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раптам з’явіцца, узнікнуць (пра прышч, нарыў і пад.).

На лбе ўскочыў гузак.

5. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды-н.

Байцы ўскочылі ў горад.

6. у што. Трапіць куды-н. выпадкова.

У. у яму.

|| незак. уска́кваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)