арке́стр, ‑а, м.

1. Сукупнасць музычных інструментаў, што ўдзельнічаюць у выкананні музычнага твора; калектыў музыкантаў, якія сумесна выконваюць музычны твор. Сімфанічны аркестр. Духавы аркестр. Зводны аркестр. Аркестр цымбалістаў. □ Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы, Невялікі аркестр, а выгляд сталы. Лужанін.

2. Месца перад сцэнай у тэатры, дзе знаходзяцца музыканты.

[Ад грэч. orchēstra — пляцоўка перад сцэнай у старажытнагрэчаскім тэатры.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

армату́ра, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць прылад і прыстасаванняў для якога‑н. апарата, машыны, канструкцыі. Арматура паравога катла. // Камплект прадметаў для абсталявання электрычнага асвятлення. Асвятляльная арматура.

2. Сталёвы каркас жалезабетонных збудаванняў, а таксама сукупнасць металічных частак, якія ўводзяцца ў які‑н. матэрыял, у якое‑н. збудаванне, каб павялічыць іх трываласць.

[Ад лац. armatura — узбраенне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ветэра́н, ‑а, м.

1. Стары, бывалы воін. Ветэран грамадзянскай вайны. Ветэран палка. □ Лялькевіч павярнуўся і ўбачыў аднаго з ветэранаў, з тых партызан, якія прыйшлі ў лес разам з ім, у самым пачатку вайны. Шамякін.

2. Чалавек, які даўно працуе ў якой‑н. галіне. Ветэран навукі. Ветэран рабочага руху.

[Лац. veteranus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льніца, ‑ы, ж.

1. Разм. Свабода, незалежнасць. З раніцы да позняга вечара ішло ваеннае вучэнне, скончылася вольніца. Мікуліч. Падлеткі, што непрыкметна для саміх сябе станавіліся юнакамі, любілі вольніцу. Навуменка.

2. Гіст. Беглае насельніцтва, пераважна прыгонныя сяляне, якія асядалі на ўскраінах Маскоўскай дзяржавы і дамагаліся сваёй незалежнасці. Казацкая вольніца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Тое, што і абход (у 1, 2 знач.).

2. Тое, што і абыходак (у 1, 3 знач.). «Спатканне» — адзін сярод тых вершаў Танка, якія, вырасшы на глебе падпольнай літаратуры і фальклору, самі ўвайшлі ў вусны мастацкі абыход працоўных былой Заходняй Беларусі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.

Разм. Узяць задатак пад якую‑н. службу, работу пры дагаворы з кім‑, чым‑н. Запрадацца замежнай разведцы. // Поўнасцю падпарадкавацца каму‑н. за якія‑н. выгады. — Не трэба нам і настаўнік, што за аб’едкі з панскага стала запрадаўся панам з душою! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зды́мак і зні́мак, ‑мка, м.

Адбітак каго‑, чаго‑н., атрыманы шляхам фатаграфавання. Зрабіць здымак. Рэнтгенаўскі здымак. □ Нехта з прысутных навёў на касманаўтаў фотаапарат. Пазней, пасля адлёту карабля, гэты здымак абляціць усе газеты свету. Шыцік. — А вось якія мае мыслі: я хачу навучыцца рабіць фатаграфічныя знімкі, хачу купіць апарат. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блізня́ты, ‑нят; адз. блізня і блізнё, ‑ніці, Т ‑нём, н.

Дзеці адной маці, якія нарадзіліся адначасова. Па вуліцы ішлі Хведаравы дзяўчаткі-блізняты. Паўлаў. / у перан. ужыв. Вясною неяк бачыў зводдаль Два азярцы ў цішы лясной. Такія роўныя абодва, Нібы блізняты між сабой. Гілевіч. Нясмелы і няўмелы — блізняты. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лія́на, ‑ы, ж.

Павойная кустовая або дрэвавая расліна, пашыраная, галоўным чынам, у трапічных і субтрапічных лясах. Амаль кожны курган пакрыты расліннасцю: шыпшыннікам, крушынай і вольхай, за якія ахвотна чапляюцца жывучыя парасткі ліян. Самуйлёнак. Там бразільскі лес, ліяны, Тут дыван зялёны прэрый. Іх ад сіні акіяну Аддзяляюць Кардыльеры. Крапіва.

[Фр. liane.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лучо́к, ‑чка, м.

Назва розных інструментаў, прыстасаванняў ці іх частак, якія па форме нагадваюць лук. Лучок смычка. Свідравальны лучок. □ На сярэдзіне касся замацоўвалася драўляная ручка. Найбольш пашыраная назва яе — лучок. «Помнікі». Толькі Раман не кідаў пілы: спачатку рэзаў лучком, тады стаў бензапілой, гэтай зімой перайшоў на электрапілу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)