прапрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.
1. Працаваць некаторы час. Пяцьдзесят год прапрацаваў бядак на фабрыцы, павялічваючы багацці яе ўладара. Пшыркоў. Больш дзесятка год прапрацавала.. [жанчына] на Калінаўшчыне і была добра знаёма і Камлюку і Струшню. М. Ткачоў.
2. што. Падрабязна вывучыць што‑н., усебакова азнаёміцца з чым‑н. Прапрацаваць творы класікаў марксізма-ленінізма. □ Часта, здаўшыся на просьбы студэнтаў, .. [Колас] адмяняў лекцыю і, узяўшы з аўдыторыі слова самастойна прапрацаваць чарговы раздзел з падручніка, чытаў новае апавяданне ці толькі што напісаны абразок з «Сымона-музыкі». Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тало́н, ‑а, м.
1. Кантрольны лісток, які дае права атрымаць што‑н. Талон на харчаванне. Талоны на бензін. □ Дровы па талонах камунгаса разбіраліся жыхарамі Калінаўкі. М. Ткачоў.
2. Частка якога‑н. дакумента, якая аддзяляецца ад яго або, наадварот, застаецца пасля аддзялення. // Асноўная частка каштоўнай паперы (акцыі, акрэдытыва і пад.).
•••
Адмацавальны талон — дакумент, які пацвярджае, што хто‑н. зняты з партыйнага (камсамольскага) уліку ў партыйнай (камсамольскай) арганізацыі.
Прымацавальны талон — дакумент, які дае права стаць на ўлік у другой арганізацыі (партыйнай, камсамольскай).
[Фр. talon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.
1. Зрабіць вострым. Пасля абеду бацька заткнуў сякеру за пояс і з парога кінуў: — Я ў вёску, да Базыля. Навастрыць трэба. Курто.
2. перан. Зрабіць больш адчувальным. Аўгіння Цітаўна прыўзняла галаву, навастрыла слых. М. Ткачоў.
•••
Навастрыць вушы — пачаць уважліва прыслухоўвацца; насцеражыцца. Максімка раскрыў галаву і навастрыў вушы, бо яму цяпер не відно было, што робяць маці з дзядзькам. Сабаленка. Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам.. Гнеды навастрыў вушы, зафыркаў. Якімовіч.
Навастрыць лыжы — сабрацца, намерыцца ўцячы, пайсці адкуль‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазаклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Закласці, змясціць куды‑н. усё, многае. Пазакладаць бялізну ў пральную машыну. // Пра часткі цела. Ахрэм, як і Даніла, пазакладаў рукі ў рукавы свайго кажуха. Баранавых.
2. Адзначыць закладкай патрэбныя старонкі ў кнізе.
3. Закласці чым‑н. усю паверхню прадмета. Пазакладаць сталы кнігамі.
4. Закрыць, загарадзіць чым‑н. усё, многае. Пазакладаць вокны мяшкамі з пяском.
5. Пакласці аснову, пачаць будаўніцтва чаго‑н. Пазакладаць фундамент дамоў.
6. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў многіх месцах. — Хлопец, табе што, вушы пазакладала?.. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Скоры, хуткі, імклівы. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Краўчанка. // Вёрткі, спрытны. — Чаго гарланіш! У баі быў бы такі прыткі — не лямантаваў бы цяпер. М. Ткачоў. — А тут за сцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія. Галавач.
2. перан. Які прагне хутчэй дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н. Да навукі прыткі [дзед], З тэхнікай дружыў. Зуёнак. — Ого, які прыткі! Можа праліцца кроў! Лепш не пачынаць [біцца]! — заўважыў нехта. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пялёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Суцэльны покрыў (туману, дажджу, снегу, дыму і пад.), які завалаквае, зацягвае што‑н. з усіх бакоў. І вось цяпер.. [снег] адразу шчодра заслаў зямлю сваёй пушыстай пялёнкай. М. Ткачоў. Лёгкі марозік зацяг[в]аў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Колас.
2. Прасцінка для ўкручвання, спавівання грудных дзяцей. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла што-небудзь для дзіцяці. Шамякін.
•••
З пялёнак — з ранняга дзяцінства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́яць, ‑вею, ‑вееш, ‑вее; зак., што.
Разнесці ў розныя бакі (ветрам); пусціць па ветры. Ветрык развеяў туман, перастала імжыць. П. Ткачоў. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Федасеенка. // перан. Рассеяць, знішчыць, разагнаць. Развеяць трывогу. □ Пачуўся ўсплёск, успыхнула злосць у душы рыбака, а злосць гэтую развеяў звонкі дзявочы смех. Брыль. Каб як-небудзь развеяць сумны настрой, Максім спытаў у Сяргея: — Як табе тут жывецца ў горадзе? Машара. Нясмелы агеньчык развеяў паўзмрок, і хата зноў стала пустой і ціхай. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
талко́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Разумны, кемлівы; дзелавіты. [Апейка:] — Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Мележ. І калгасныя справы .. [Васіль] павёў так, што хутка стаў вядомы як здольны, талковы рахункавод. Васілевіч. — Канечне, — гаварыў дзед Нічыпар, — старшынёй трэба выбраць чалавека пісьменнага, талковага. П. Ткачоў. // Змястоўны, разумны, дзелавы. Талковы даклад. □ [Тарасевіч:] — А як трэба нашай прамысловасці разумная, удумлівая парада вучонага-эканаміста, талковая рэкамендацыя. Арабей.
2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы (пра думкі, словы і пад.). Звычайна паліцэйскія былі альбо п’янчугі, альбо людзі тупыя, не здольныя вымавіць ніводнага талковага слова. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
харчава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. харчавацца і харчаваць.
2. Паступленне і засваенне пажыўных рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці жывога арганізма.
3. Тое, чым хто‑н. харчуецца; характар, якасць ежы. Дыетычнае харчаванне. □ Жывуць яны багата, бо як ні кажы, а харчаванне амаль нічога не каштуе, і Зося не пакрыўджана. Лупсякоў.
4. Прыпасы прадуктаў. Сяляне дзяліліся з народнымі мсціўцамі харчаваннем, адзеннем. «Звязда». [Доктар:] — Ён [Янка] і яшчэ двое юнакоў састаў з харчаваннем прывезлі ў Маскву. П. Ткачоў.
•••
Грамадскае харчаванне — сістэма забеспячэння насельніцтва харчаваннем праз сталовыя, рэстараны, закусачныя і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапту́н, ‑а, м.
1. Той, хто шэпча (у 1 знач.) або шэпчацца з кім‑н. Аднак Кірыла не ўсіх пераканаў, чуліся галасы шаптуноў: Калі ты такі порсткі, дык ідзі сабе, а нам і дня хопіць, не гарыць. Гурскі. [Гудкевіч:] — Гэй, шаптуны! Годзе спрачацца. Языкі за зубы — пад’язджаем да вёскі. М. Ткачоў.
2. Той, хто займаецца даносамі, тайна паклёпнічае, распаўсюджвае якія‑н. чуткі. [Харытон:] — Ды хіба ж аб гэтым варта каму хваліцца? І сярод парабкаў шаптуны ёсць. Бажко.
3. Знахар, чараўнік. Фэлька не прызнаваў ні дактароў, ні шаптуноў. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)