разбо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).

2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.

3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.

•••

На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.

1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.

2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уратава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Разм. Уберагчыся ад небяспекі, гібелі, знішчэння; выратавацца. [Бавылёк] яшчэ не ведаў, што яму рабіць, як уратавацца ад бяды. Якімовіч. Я не спадзяваўся ўратавацца ад пагоні і рыхтаваўся прыняць бой. Шамякін. Байцы ўцякалі, каб уратавацца, але, пакінуўшы акопы, траплялі яшчэ ў большую небяспеку. Марціновіч. // Унікнуць чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, перабраўшыся ў «Маладняк». Лужанін. Грыбоў яны назбіралі і нават ад таго першага, вялікага дажджу ўратаваліся шчасліва, схаваўшыся хто ў кабіне, а хто пад машынаю. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад церці.

2. у знач. прым. Размяты, растоўчаны на парашок, у дробную аднародную масу. Цёртыя фарбы. Цёртая салома. □ А маці ўсё чакала, перасыпала цёртым самасадам сынавы кашулі і цёмна-сіні касцюм. Б. Стральцоў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Які многа бачыў у жыцці; бывалы, вопытны. Многія з выхаванцаў, што паступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі. Як чалавек цёрты, развіты, садоўнік разбіраўся ў людзях, меў падыход да іх. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́макнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вымак, ‑кла; зак.

1. Стаць вымаклым; змяніцца якасна ў выніку вымочвання ў вадзе. Іржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.

2. Загінуць, прапасці ад празмернай вільгаці (пра пасевы). [Рыгорыха:] — А як жыта? [Загароўская:] — Так, нічога, а туды пад Ганчароўку ці не ўзышло ці вымакла. Гурскі.

3. Стаць зусім мокрым; прамокнуць. Вымакнуць па пояс. Вымакнуць да ніткі. □ Аднаго дня быў дождж і мы вымаклі на полі, прыбеглі да гаспадыні ў хату і распалілі грубку. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць ​1.

2. у знач. прым. Раскрыты, адкрыты (пра вочы). Аляксандра Пятроўна ляжала з расплюшчанымі вачыма, намагалася заснуць, але не магла. Каршукоў.

расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць ​2.

2. у знач. прым. Плоскі, прымяты. П адагнаў лодку, .. глянуў на Марусава з-пад казырка мокрай, расплюшчанай шапкі. М. Стральцоў. // Расціснуты, раструшчаны. На падлозе расплюшчаная каробка тэлефона, раструшчаны нагамі тынк. Навуменка. У руцэ ў мяне расплюшчаная ліпкая цукерка, загорнутая ў бліскучую паперку. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́льня, ‑і, ж.

1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.

2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схаладне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Азябнуць; змерзнуць. Схаладнець на марозным ветры. // Стаць халодным. Як снежная гурба, зямля схаладнела. Грачанікаў.

2. Адчуць холад пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Коля зірнуў уніз і на імгненне схаладнеў ад страху. Быкаў. Брала злосць на сябе, Лагацкі адчуў нечакана, што ўвесь схаладнеў. М. Стральцоў. / у безас. ужыв. Схаладнела ў грудзях.

3. перан. Стаць суровым, строгім. [Вораг] зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Быкаў.

4. безас. Пахаладаць. Пад раніцу схаладнела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́са, ‑ы, ж.

1. Прадмет, прызначаны для ўпрыгожвання каго‑, чаго‑н. Кожны раз хата-пяцісценка .. сустракае мяне абновамі і ўкрасамі. Б. Стральцоў. На ўзвышку .. стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы пад садам сваю чатырохкантовую вежу, аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Колас.

2. перан.; чаго. Той, хто (або тое, што) з’яўляецца гордасцю чаго‑н., упрыгожвае што‑н. А дуб — лясоў украса, На ім калышуцца вякі. Бажко. Не мог фельчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачан ужо болей не вернецца. Ён быў упэўнены, што пані вернецца назад. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)