працэ́с, ‑у, м.
1. Паслядоўная змена якіх‑н. з’яў, ход развіцця чаго‑н. Літаратура — заўсёды працэс, і на яе развіццё ўплывае нават тое, што супярэчыць яе асноўнаму напрамку... Навуменка. Хацелася мець здымкі такія, якія адлюстроўвалі б увесь працэс працы на агародзе і ў садзе. Сабаленка. // Сукупнасць паслядоўных дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнага выніку. Тэхналагічны працэс. □ Цярпліва тлумачыў дзед Петрыку працэс рамонтных работ. Шынклер.
2. Актыўнае развіццё хваробы. Запаленчы працэс. □ Кансіліум выявіў у Давіда адкрыты працэс сухотаў. Машара.
3. Спец. Парадак разбору судовых спраў. Грамадзянскі працэс. // Разбор справы судом. Паказальны судовы працэс. □ Працэс пачаўся з апытання абвінавачаных. Ліс. У перапоўненай вялізнай зале Ідзе працэс над бандаю забойцаў. Гілевіч.
•••
Спаборны судовы працэс (спец.) — парадак разгляду судовых спраў, пры якім разбор справы адбываецца пры ўзаемным удзеле бакоў.
У працэсе чаго — у ходзе, у час здзяйснення чаго‑н.
[Ад лац. processus — цячэнне, ход.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Разваліцца, разбурыцца. Печ развярнулася ад выбуху.
2. Павярнуцца, каб змяніць становішча або напрамак свайго руху. Жывіца зухавата развярнуўся. Паслядовіч. Машына дала задні ход, развярнулася і пайшла ў глыбіню лесу. Пальчэўскі.
3. Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. // Перафарміравацца ў буйнейшую баявую адзінку.
4. Прыняць пэўны парадак. Журавы развярнуліся ў клін. Брыль.
5. Разм. Павярнуцца, адвёўшы руку ўбок. Дзядзька Цімох развярнуўся ды як даў Лявону поўху — той ледзьве з ног не зваліўся. Дубоўка. // чым, з чым (звычайна з адмоўем, словамі «як», «толькі» і інш.). Пра наяўнасць прасторы для пэўных рухаў (пры рабоце). Там з касою не развярнуцца. □ Вялікая печ, ложак паўз сцяну, стол і канапа. Яны займалі ледзь не ўсю хату, пакідаючы праход у другую палавіну і месца, як развярнуцца вілачнікам. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Прывесці што‑н. у пэўны парадак. Калгасы адбудаваліся, упарадкавалі палі, аднавілі жывёлагадоўчыя фермы. Хадкевіч. Белай паперай заслалі [Валька і Тася] стол, упарадкавалі на этажэрцы кніжкі, яркую, радасную фіранку павесілі на акно. Мікуліч. У дзяжурным памяшканні Таня яшчэ раз агледзела ліхтарык, падрыхтавала зусім новенькія жоўтыя сцяжкі, упарадкавала куфэрак, які звычайна брала ў дарогу. Даніленка. // і без дап. Навесці парадак дзе‑н. [Марына] упарадкавала ў хаце, узяла серп на плячо. Кавалёў. // Уладзіць; вырашыць. Пакуль дырэкцыя ўпарадкуе справы на новым месцы, мы ўсе адпачываем пасля цяжкага падарожжа і знаёмімся з горадам. Сяргейчык. // і каго. Давесці да ладу, уладкаваць. [Кажамяка:] А ўжо ж, як упарадкую дачку, дык трэба будзе заглянуць. Гурскі.
2. Добраўпарадкаваць. Упарадкаваць гарадскія кварталы. □ [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Трэба спачатку ўпарадкаваць дарогу, тады не будзе такога становішча. — Добра, я падумаю, пашукаю выйсця, — згадзіўся Бедыкоўскі. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязла́ддзе, ‑я, н.
Разм. Адсутнасць або парушэнне ладу, парадку ў чым‑н.; беспарадак. Бязладдзе гукаў. □ Мітусіліся па цэху людзі, — кожны нешта рабіў, нешта некуды нёс. Няўжо ў гэтым бязладдзі і мітусні быў пэўны парадак, няўжо ўсё гэта нехта прадумаў і спланаваў, нехта гэтым кіруе?.. Краўчанка. Тут [ля штаба] было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі стомленыя. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абслу́га, ‑і, ДМ ‑слузе, ж.
1. Сістэма сродкаў бытавога абслугоўвання насельніцтва; сервіс. На вышыні абслуга там: Швейцар, парадак строгі, Стаяць каля салідных дам Бульдогі, мопсы, догі. Зарыцкі.
2. Службовы персанал, які займаецца абслугоўваннем каго‑н. [Бусла] даглядалі ўсе сёстры... Уся абслуга бальніцы наведвала яго кожны дзень. Пестрак.
3. Баявы разлік гарматы і пад. Абслуга гарматкі збянтэжана прыпала да зямлі... Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.
1. Паправіць, прывесці ў парадак адзенне і пад., пацягнуўшы ўніз. [Жэнька] глянула з замілаваннем на сваю ляльку Ганульку, якая спала побач з ёю, абцягнула на ёй сукенку. Крапіва.
2. Туга нацягнуўшы, абшыць, абабіць што‑н. тканінай і пад. Абцягнуць скурай крэсла.
3. Апусціць, адцягнуць. Бялізна абцягнула вяроўку.
4. Абвесці што‑н. чым‑н.; абгарадзіць. Абцягнуць агарод дротам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задарма́, прысл.
Разм.
1. Бясплатна, дарма. Адразу кідалася ў вочы, што чалавек, які жыве тут [у шалашы], любіць парадак і не задарма есць панскі хлеб. Колас. // Вельмі танна, за малую плату. Як ні шкада было, прадаў скрыпку, амаль што задарма. Сяргейчык.
2. Без падставы, дарэмна. Ніякавата, відаць, стала [жанчыне], што задарма ўпікнула чалавека. Скрыган. // Дарэмна, без патрэбы. — Пераапраніцеся, таварыш камісар.. Навошта задарма жыццём рызыкаваць? Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбіра́льня, ‑і, ж.
1. Пакой, у якім адзяваюцца, прыводзяць у парадак свой знешні выгляд. // Памяшканне ў тэатры, дзе акцёры грыміруюцца і адзяваюцца перад прадстаўленнем. Акцёрскія прыбіральні.
2. Памяшканне для адпраўлення натуральных патрэб, мыцця і пад. — Абмінуў хлеў, бачу — прыбіральня, а ля яе — ход на двор. М. Ткачоў. Умываліся над парашаю, бо ўмывальнікі знаходзіліся ў прыбіральні і трэба было чакаць, пакуль адамкнуць камеру. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычаса́ны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прычасаць 1.
2. у знач. прым. З расчасанымі, прыведзенымі ў парадак валасамі. [Пятро] быў паголены, прычасаны, і .. Люба ўжо без агіды пазірала на яго. Марціновіч. А цяпер [Рыгора] — не пазнаць: чысценькі, беленькі, у новым гарнітуры, у чорным капелюшы, у манішцы. Прычасаны, прыгладжаны, гасцінны, далікатны! Гартны.
прычаса́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прычасаць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рытуа́л, ‑у, м.
1. Сукупнасць абрадаў, якія суправаджаюць рэлігійны акт.
2. Выпрацаваны звычаем ці ўстаноўлены парадак выканання чаго‑н.; цырыманіял. Гэта была дзівосная пагулянка. Нават з захаваннем марскога рытуалу: без закускі, так, як заведзена гэта, кажуць, у маракоў, мы выпілі па чарцы каньяку і заспявалі песню ... Скрыган. Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Караткевіч.
[Ад лац. ritualis — абрадавы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)