Ізра́на ’рана’, ’раней часу’ (Нас.). Рус. дыял. изра́на, ст.-рус. изра́нья ’рана, з самага ранку’. І‑ можна тлумачыць як пратэзу; параўн. зранку, зрання. Аднак не выключана, што бел. слова ўзыходзіць да ст.-рус. изранья, зафіксаванага з XIII ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таямні́ца, ‑ы, ж.

1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы. Куляшоў. Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства. Пташнікаў. Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова. Юрэвіч. // Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець. Кірэенка. [Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама. Краўчанка. // Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы. Мележ. І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны. Шчарбатаў. Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Быкаў.

2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася. Карпюк. [Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан. Якімовіч. Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наза́д нареч., в разн. знач. наза́д; (на прежнее место или в прежнее положение — ещё) обра́тно; (о движении — ещё) вспять;

азірну́цца н. — огляну́ться наза́д;

вярну́цца н. — верну́ться наза́д (обра́тно);

закла́сці ру́кі н. — заложи́ть ру́ки наза́д;

ты́дзень (таму́) н. — неде́лю (тому́) наза́д;

павярну́ць н. — поверну́ть наза́д (вспять);

павярну́ць ко́ла гісто́рыі н. — поверну́ть колесо́ исто́рии вспять;

брацьсло́ва н. брать сло́во обра́тно (наза́д);

крок напе́рад, два кро́кі н. — шаг вперёд, два ша́га наза́д

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уе́сціся I сов.

1. (впитаться) въе́сться;

фа́рба ўе́лася ў матэ́рыю — кра́ска въе́лась в мате́рию;

2. вре́заться, въе́сться, впи́ться;

вяро́ўка ўе́лася ў це́ла — верёвка вре́залась (въе́лась, впила́сь) в те́ло;

3. перен., разг. (запечатлеться) вре́заться;

ко́жнае яго́ сло́ва так і ўе́лася мне ў сэ́рца — ка́ждое его́ сло́во так и вре́залось мне в се́рдце;

у. ў ко́сці (пячо́нкі) — осточерте́ть, въе́сться в печёнки

уе́сціся II сов., разг. привы́кнуть к еде́; нача́ть хорошо́ есть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́гут ’глушэц’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. когут ’цецярук’. Перанос назвы пеўня на іншую птушку (ЕСУМ, 2, 489). Што датычыць назвы пеўня, то ўкр. когут, відаць, запазычана з польск. kogut. Бел. когут выклікае рад сумненняў. Па-першае, слова зафіксавана толькі ў адной крыніцы. Па-другое, форма кагут (Мат. Гом., 190) выведзена няправільна. Параўн. ілюстрацыю «Ва ўсіх дварах быў чуваць спеў кагутуноў». Значыць, можна толькі гаварыць аб зыходнай форме кагутун, якая ўтварылася ад дзеяслова кагутаць. Такім чынам, эвентуальнае бел. когут ’певень’ было таксама польскага паходжання. Польск. kogut у сваю чаргу разглядалася як запазычанне з чэш. kohout, славац. kohút. Мясцовая назва Kochutouo ў Вроцлаўскай буле 1245 г. сведчыць не толькі супраць пазнейшай чэшскай крыніцы, але і на карысць еднасці чэшска-сілезскага арэала, адкуль слова магло пазней распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны Польшы. Лінгвагеаграфія слова дэманструе няпэўнасць праславянскай рэканструкцыі. Параўн. Слаўскі, 2, 328; Басай–Сяткоўскі, SFPS, 7, 23–24; Папоўска–Таборска, SFPS, 8, 60. Нельга лічыць праўдападобнай гіпотэзу пра паходжанне kogut ад прасл. kokotъ (Атрэмбскі, Slavia, 20, 236; Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)