Тыта́н1 ‘бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.

Тыта́н2хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).

Тыта́н3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хром, ‑у, м.

1. Хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў.

2. Жоўтая, аранжавая, чырвоная ці зялёная мінеральная фарба (вокіс хрому або соль хромавай кіслаты).

3. Сорт мяккай тонкай скуры. Міхась сумеўся: было нязручна вось так адразу расчынаць гаворку пра хром, падэшвы, усцілкі. Асіпенка. Баўтрукоў не ішоў, а амаль бег да сцэны, суха шоргаючы рукавамі спартыўнага пінжака з карычневага хрому. Савіцкі.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эквівале́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Што‑н. раўназначнае, раўнацэннае, раўнасільнае чаму‑н., здольнае поўнасцю замяніць яго. Хімічны эквівалент. Механічны эквівалент цяпла. □ Даніну модзе на грэчаскія словы аддавалі некаторыя дзеячы праваслаўя шляхам замены сваіх славянскіх прозвішчаў грэчаскімі эквівалентамі. Жураўскі. Сорак, восемдзесят, сто дваццаць грамаў — чвэртка, палавіна, тры чвэрткі пайка, шэры наздраваты кавалак салдацкага хлеба быў такі фантастычна магутны эквівалент, што да зеніту яго, да поўнай вагі, цэны, здаецца, і не даходзілі. Брыль.

[Лац. aequivalens, aequivalentis — раўназначны, раўнацэнны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жале́за, ‑а, н.

1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.

2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.

3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

1. Вялікае прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі прадпрыемстваў, звязаных паміж сабой тэхналагічным працэсам або адміністрацыйна. Хімічны камбінат. Металургічны камбінат. Цэлюлозна-папяровы камбінат. // Аб’яднанне некалькіх прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці або прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Раённы прамысловы камбінат. Камбінат бытавых паслуг.

2. Адна з форм капіталістычнай манаполіі — аб’яднанне розных прадпрыемстваў з мэтай вядзення канкурэнтнай барацьбы.

3. Аб’яднанне навучальна-выхаваўчых устаноў розных ступеней (напрыклад, інстытута і тэхнікума, дзіцячых яслей і сада) пры заводах, прадпрыемствах. Вучэбны камбінат.

[Ад лац. combinatus — злучаны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Забяспечыць патрэбным абсталяваннем — інструментамі, прыладамі, механізмамі; прыстасаваць для чаго‑н., пад што‑н. Школа абсталявала майстэрні, фізічны і хімічны кабінет. □ Моладзь абсталявала залу для спектакляў. Самі зрабілі сцэну, прыбудавалі касірскую будку. Чарнышэвіч. // Набыць абстаноўку; мэбляваць. Нарэшце працавіты гаспадар абсталяваў сваю кватэру, Набыў карціны, дываны, парцьеры. Корбан. // Арганізаваць, зрабіць што‑н. Друкарню абсталявалі ў невялічкім драўляным аднапавярховым доме ў кватэры Міхала Воранава. Гурскі. Але калі зайшла гаворка, дзе абсталяваць радыёпункты ў трактарных брыгадах, прыйшлося задумацца. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́месь, ‑і, ж.

Не галоўны, дадатковы элемент у складзе чаго‑н.; дамешак. Ачысціць насенне ад прымесей. □ Прымесь дуба ў лясах поўначы БССР складае ўсяго 0,2–0,4%. Прырода Беларусі. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі. Шыцік. // перан. Разм. Дадатак да чаго‑н. Даследчык устанаўлівае, што гэта была ў сваёй аснове беларуская літаратурная мова XVI ст. з прымессю да яе стараславянскіх і чэшскіх слоў. Алексютовіч. Прымесь гаркаватага скепсісу адчувалася дзе-нідзе ў творах [паэта]. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сурма́1хімічны элемент’, ’чорная фарба для валасоў, броваў і пад.’, сурмі́ць ’фарбаваць сурмой’ (ТСБМ). Праз рус. сурьма ’тс’ з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. sürmä ’сурма’ ад sür ’фарбавальнік’, тат. sørmä ’сурма’; гл. Фасмер, 3, 809 (з літ-рай). У народнай мове не распаўсюджана, параўн. іншыя назвы: антымон ’сурма’ (Некр. і Байк.), антымонія ’тс’ (Ласт.), параўн. таксама анцімонія, гл.

Сурма́2 ’старажытны народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы’ (ТСБМ), су́рма ’духавая труба’ (ЭШ), ’морда’ (Сл. рэг. лекс.), сурма́ч ’сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме, трубач’ (ТСБМ), ст.-бел. сурма ’духавы музычны інструмент’ (Ст.-бел. лексікон), сурмач ’трубач’ (там жа). Укр. сурма́, рус. сурна́ ’тс’, славац. surma, surmita ’труба пастухоў авец’. Бел. сурма запазычана ў сярэдзіне XVII ст. са ст.-польск. surma (XVI ст.), якое праз тур. surna з пярс. sūmāj ’святочная флейта’ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 480; Брукнер, 526; SWO, 714.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бор 1, ‑у, М у бары; мн. бары, ‑оў; м.

Стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Векавы бор. Цёмны бор. □ Верасы пад лісцем спалі, Бор зялёны гнуўся, Недзе пелі ў цёмнай далі Журавы ды гусі. Купала. Бягу думкай у край далёкі, У лес цёмны, у бор высокі. Цётка.

•••

Карабельны бор — высокі, прыгодны для суднабудавання, сасновы бор.

бор 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, які ўваходзіць у састаў многіх мінералаў. Бор і яго спалучэнні прымяняюцца ў ядзернай тэхніцы, а таксама ў медыцыне і сельскай гаспадарцы.

[Ад лац. borax.]

бор 3, ‑а, м.

Стальны свердзел, які ўжываецца ў зубалячэбнай справе.

[Ад ням. Bohrer — свердзел.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыта́н 1, ‑а, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа, а таксама нашчадак волатаў.

2. перан. Чалавек вялікага таленту, надзвычайнае розуму. Які віхар воплескаў заўсёды раздаваўся, калі ў прэзідыуме паказвалася гэта магутная фігура тытана чалавечай мыслі [А. М, Горкага]. Купала. Ф. Энгельс, характарызуючы выдатных дзеячаў эпохі Адраджэння, назваў іх тытанамі па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці. Алексютовіч.

[Грэч. titanos.]

тыта́н 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, цвёрды метал серабрыста-белага колеру, які шырока выкарыстоўваецца ў караблебудаванні, ракетнай і авіяцыйнай тэхніцы.

тыта́н 3, ‑а, м.

Вялікі кіпяцільнік асобай канструкцыі. — А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)