вы́жыць 1, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; зак.

Застацца жывым пасля цяжкай хваробы, ранення і пад. Хворы выжыў. □ Таполі абламала [бура] голле, паздзірала кару, але таполя выжыла — шуміць во і шуміць. М. Стральцоў. Марылін Манро нейкім цудам пашанцавала выжыць у гэтым пекле эксплуатацыі, нажывы і бізнесу. Новікаў.

•••

Выжыць з розуму — страціць памяць, здольнасць усведамляць.

вы́жыць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; зак., каго-што.

Прымусіць пакінуць свой дом, месца працы і пад.; выгнаць адкуль‑н. Выжыць з хаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым, як камень. Дыхнула сцюжа, і за якія-небудзь суткі зямля закамянела, а рэчку закавала ільдом. Хомчанка. Закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Грахоўскі.

2. перан. Знямець, застыць. Пан Пшыбыльскі .. сеў побач з жонкай і таксама, як і яна, надзьмуўся і закамянеў. Шынклер. Марына не запомніла ні слоў, ні твараў. Сэрца закамянела, і яна не плакала. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́нкі, ‑аў; адз. няма.

Абл. Ранішняя пасьба жывёлы летам у гарачую пару. Маці толькі і клопату з.. [каровай], што выгнаць на ранкі. Б. Стральцоў. Пасвіў .. [дзядзька Алесь] толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня. Кулакоўскі. // Знаходжанне жывёлы ў хляве ў паўдзённы час пасля ранішняй пасьбы. Тым часам пара і выганяць каровы з ранкаў, і Паўліха ідзе рыхтаваць Чэсіку торбу. Васілевіч. Сёння ўжо каровы прыгналі на ранкі, а Віктара ўсё яшчэ няма. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.

2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад драць.

2. у знач. прым. Разадраны на кавалкі. [Шпалеры] звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. М. Стральцоў.

3. у знач. прым. Зношаны да дзірак, падраны. Дранае адзенне. □ Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Быкаў.

4. у знач. прым. Здробнены на тарцы. Курловіч еў .. [бліны] з лоем і хваліў за смак, прызнаваўся, што надта любіць увосень бліны з дранай неляжалай бульбы і пшанічнай мукі. Дуброўскі. / Пра стравы. Драныя аладкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. забраў, ‑ла, ‑ло; зак.

Разм.

1. Брыдучы, зайсці далёка. [Тварыцкі] не даглядзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. — Добрую сухастоіну знайсці нялёгка: аж пад Пугачову грыву забрылі. М. Стральцоў.

2. Брыдучы, зайсці куды‑н. выпадкова, мімаходам. Ніхто не заглядвае, мабыць, сюды, Не кратае хмызу, зарослых дарожак, Хіба забрыдзе калі лось малады, Зашоргае лісцем асыпаным вожык. Ляпёшкін. З хаты Тарэнта бачыць увесь свой хутар, кожнага чалавека, які забрыдзе на яго зямлю. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набу́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад набухнуць.

2. у знач. прым. Які стаў гатовым да таго, каб распусціцца, прарасці. Набухлыя пупышкі. Набухлае насенне.

3. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. На стук з сянец .. [Валька], не пытаючыся, адкінула кручок і штурханула плячом набухлыя дзверы. Б. Стральцоў.

4. у знач. прым. Які павялічыўся ад прыліву крыві, малака. Моцныя, чырвоныя, з набухлымі венамі рукі... [Карчава], сплёўшыся пальцамі, важна ляжалі на стале перад ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыкры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Не пакрыты зверху. На лузе заўсёды з калгаснікамі медфельчар — загадчык медпункта. У яго аптэчка, бінты, ён часам пакрыквае на тых, хто працуе з непрыкрытай галавою. Лупсякоў.

2. Які не абараняецца, пакінуты без прыкрыцця. Непрыкрытыя рубяжы.

3. перан. Які адразу адчуваецца, якога відаць; яўны, відавочны. Непрыкрытая беднасць. Непрыкрытая эксплуатацыя. □ У .. [ветры] было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы густыя .. і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)