свя́та, ‑а, М свяце, н.
1. Урачысты дзень у гонар або ў памяць якой‑н. выдатнай падзеі, даты. Рэвалюцыйныя святы. □ Ленін нас да шчасця клікаў, Мы за Лекіным пайшлі, І Кастрычнік стаў вялікім, Лепшым святам на зямлі. Грахоўскі. // Нерабочы дзень або некалькі дзён запар з прычыны такіх падзей. — Што цябе падняло? — Свята ж сёння, Вольга Міхайлаўна. Шамякін. [Валя:] — На зімовыя канікулы я абавязкова прыеду, а на кастрычніцкія святы можа вы з татам выберацеся... Васілевіч. // Дзень або дні, што адзначаліся царквою ў гонар якой‑н. падзеі ці святога. [Свідзерскі:] — Хто ведае, якое сёння царкоўнае свята? — Дзень Андрэя-налівы, здаецца, — сказаў пажылы баец. Хомчанка.
2. Урачыстасць, наладжаная з якога‑н. поваду. Сямейнае свята. □ [Сцёпка:] — Мы вельмі рады, што прыйшлі вы па наш фэст, на наша маладое свята працы. Колас. У старога сёння свята, І гасцей не месціць хата. Гілевіч. // чаго або якое. Дзень гульняў, спаборніцтваў, забаў і пад. Свята песні. Студэнцкае свята.
3. Шчаслівы, радасны дзень, азнаменаваны якой‑н. прыемнай падзеяй, а таксама сама такая падзея. Вялікім святам для сям’і было паступленне Васі ў школу. «Звязда». У Ліпава пайсці з ім [дзядзькам]! божа! І хто ўстаяць прад гэтым зможа? Ды гэта ж — свята, ягамосці! Колас. А калі выпрасаваныя накрухмаленыя фіранкі, сурвэткі і абрусы займалі сваё месца, у хаты зусім ужо заходзіў парадак і свята. Васілевіч.
4. перан. Пачуццё задавальнення, радасці, асалоды, зведанае кім‑н., выкліканае чым‑н. У Варанецкага на душы было сапраўднае свята. Дуброўскі.
•••
Прастольнае свята — свята ў памяць царкоўнай падзеі ці святога, з якім звязана стварэнне дадзенай царквы.
Будзе і на нашай вуліцы свята — спадзяванне на лепшае ў будучым, на перамогу над кім‑, чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
варушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; незак.
1. каго-што. Дакранаючыся да чаго‑н., прыводзяць у рух. Ціхі вецер вее І траву варушыць. Астрэйка. // перан.; што. Выводзіць са стану спакою, узбуджаць. Словам дакорным маці боль несціханы варушыць. Глебка. А як яны варушылі, пераварочвалі сэрца, гэтыя салаўі. Васілевіч.
2. чым. Рухаць павольна, злёгку. На другім канцы стала, загарнуўшы кніжку, бязгучна варушыла губамі Наташа — вучыла верш. Шахавец.
3. што. Злёгку разграбаць; пераварочваць. Варушылі зерне, каб яно падсыхала, перавейвалі, сартавалі. Скрыган. Каржакаваты з абветраным тварам і пышнымі вусамі мужчына час ад часу варушыць суком падгарэлае паленне. Курто.
•••
Варушыць (круціць) мазгамі (галавою) — разважаць, абдумваць. З зямлёю клопат быў вялікі. Прыйшлося ездзіць да Хадыкі Ды варушыць і галавою Над гэтай справай грашавою. Колас.
Варушыць памяць — напамінаць аб кім‑, чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Паддацца знішчэнню, перастаць існаваць (звычайна пры якой‑н. катастрофе, няшчасці і пад.). У агні загінула ўся маёмасць. Пасевы загінулі ад засухі. □ Значная частка літаратурнай спадчыны Ф. Багушэвіча загінула. Шкраба. // Перастаць жыць, памерці насільнай смерцю. Загінуць смерцю героя. □ Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. Не судзі, доля, у прымах жыць і на чужой зямлі загінуць. З нар. // перан. Знікнуць, знішчыцца, прапасці. — Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою: — Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне і памяць пра мяне памрэ. Колас. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім — матчына каханне да сына, — усе іншыя радасці жыцця незваротна загінулі для яе. Мурашка.
•••
Загінуў, як рудая мыш — прапасці марна, нізашто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́мятка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Тое, што служыць напамінкам пра каго‑, што‑н. [Жанчына:] — Хаваю [дакументы]: мала што можа здарыцца. Не хачу, каб Людміла мяне ўпікнула, што не захавала памяткі аб бацьках. Васілевіч. Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала. // Разм. Успамін, памяць аб кім‑, чым‑н. Курортнікі фатаграфаваліся на памятку аб паўдні, звычайна, гуртам. Хомчанка. Незабудкі, рамонкі, мядункі Ты ірвала на памятку мне. Журба.
2. Кніга або лісток з кароткімі звесткамі пра што‑н., з кароткімі настаўленнямі на ўсякі выпадак. Усім камісіям былі раздадзены памяткі. У іх пералічваліся пытанні, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры праверцы. «Звязда». // Запіс таго, аб чым трэба помніць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памя́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад памя́ць.
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі, са складкамі, маршчынамі. У лодцы сядзеў чалавек у сіняй палінялай майцы і шэрым памятым капелюшы. Шашкоў. Пазаўчора з суседняй вёскі .. [людзям] перадалі зачытаную, памятую партызанскую газету. Шамякін. // Які страціў сваю першапачатковую форму ад удару, штуршка; пашкоджаны ўмяцінамі. Пад адхонамі валяліся памятыя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Карпаў. Там, на шырокіх дашчаных паліцах і ў вялізных плеценых карзінах, яшчэ можна было знайсці хлеб — праўда, пабіты і памяты. Якімовіч. // Прыбіты, прыгнуты, прытоптаны (аб раслінах). На тым месцы, дзе [людзі] селі на зямлю, асталася пасля іх толькі памятая трава. Чорны. // перан. Заспаны, са слядамі стомы; змораны, нясвежы (пра твар). Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́рці, патру, патрэш, патрэ; патром, патраце; пр. пацёр, ‑церла; заг. патры; зак., каго-што.
1. Падушыць, памяць. Пацерці ягады.
2. безас. Прыціснуўшы, нанесці пашкоджанні каму‑н., пашкодзіць што‑н. Даўгулевічу крыху пацерла бакі, парвала левае крысо пінжака, а Караткевіч выпусціў борт, адарваўся, яго ледзь не падмяла другая машына. Гурскі.
3. перан. Разм. Прынесці шмат непрыемнасцей; змучыць, змардаваць. Колькі яму [напарніку] можа быць? Пэўна, не больш дзевятнаццаці, а ўжо жыццё пацерла. Грахоўскі.
4. і без дап. Церці некаторы час. Раманенка пацёр далоняй скроню. Шамякін. [Міхал] падняў з-пад ног сякеру, яшчэ чамусьці пацёр ёю аб жывот і раптам, размахнуўшыся, кінуў на жонку. Чорны. Валодзька падхапіўся з пасцелі, пацёр кулакамі вочы. Гамолка. — Няхай яны сабе ваююць, а мы сваё будзем рабіць, — пацёр ад задавальнення рукі Вайтовіч. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́мнік, ‑а, м.
1. Архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў знак ушанавання памяці якой‑н. асобы або падзеі. Пасярод плошчы узвышаўся помнік У.І. Леніну. Хадкевіч.
2. Збудаванне на магіле з граніту, мармуру і пад. ў памяць памёршага. Тут жа, побач, над брацкай магілай стаіць помнік. Бялевіч. [Хлопцы] зрабілі невялікую труну і на магіле паставілі помнік. Навуменка.
3. Прадмет матэрыяльнай культуры мінулага. Недалёка ад плошчы ўбачыў драўляную царкву, цікавы помнік народнага ўмельства. В. Вольскі.
4. Твор старажытнай пісьменнасці. Літаратурныя помнікі гэтага часу [канца 17 і 18 стст.] нешматлікія. Івашын. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.
5. перан. Тое, што напамінае аб чыіх-небудзь справах. [Алеся:] — Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак. і незак.
1. што. Зняць (знімаць) віну за што‑н.; прабачыць (прабачаць). Усё магу дараваць, а хлусню — ніколі. Асіпенка. Крытык! Родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва.
2. што. Вызваліць (вызваляць) ад якога‑н. абавязацельства. Дараваць доўг.
3. што. Падарыць (дарыць). Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала.
4. заг. дару́й(це), часта ў знач. пабочн. Ужываецца пры звароце да каго‑н. для папярэджання аб чым‑н. ці для выражэння просьбы прабачыць у чым‑н. Даруйце, я затрымаўся. □ — Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян, — лагодна заўважыў Лабановіч. — Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Колас.
•••
Дараваць жыццё — памілаваць засуджанага да пакарання смерцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.
1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.
2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.
3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.
4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.
5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяго́ння і сёння, прысл.
1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.
2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.
•••
Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)