про́бліск, ‑у, м.
1. Бляск або святло, якое раптоўна з’явілася сярод цемры. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.
2. перан. Кароткачасовае, слабае праяўленне чаго‑н. (пачуцця, свядомасці і пад.). Пробліск надзеі. Пробліскі радасці. □ І зноў Марына не ўбачыла ніводнага пробліску спагады на тварах .. ворагаў. Шарахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́ўны, ‑ая, ‑ае.
Роўны, без рэзкіх пераходаў (аб рухах, гуках і пад.). Шырокі і плаўны круг зрабіў самалёт над полем. Краўчанка. Саша плаўнаю хадою пайшла да дзвярэй. Пестрак. У вялікай рэстараннай зале іграў аркестр, а сюды даляталі толькі прыглушаныя, плаўныя гукі, якія танулі ў вясёлым гармідары. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фрак, ‑а, м.
Парадны мужчынскі сурдут, звычайна чорнага колеру, з выразанымі спераду поламі і вузкімі доўгімі фалдамі ззаду. А колькі было бегатні, пакуль гурткоўцы раздабылі старую папоўскую расу або чорны хвастаты фрак для гарадскога дарэвалюцыйнага паніча. Краўчанка. Выходзіць у чорным фраку кіраўнік хору кампазітар Рагоўскі. Мядзёлка.
[Фр. frac.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чака́, ‑і, ДМ чацэ, ж.
Дэталь, якая замацоўвае ўзрывальнік ручной гранаты для засцярогі ад нясвоечасовага выбуху. Рыгор узяў паданы Арэшкам канец шнура, прымацаваў яго да чакі ўзрыва[льніка]. Краўчанка. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўварвалася. Яўген, не выцягнуў чаку. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́яцца, ‑веюся, ‑веешся, ‑ваецца; зак.
1. Разысціся ў розныя бакі ад павеву, подыху ветру. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Краўчанка. // перан. Знікнуць, прапасці, рассеяцца. — Цьфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Таццяны, і страх яе развеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі. Колас. Жонкі, якая не магла яму парадзіць ні сына, ні дачкі, .. [Аўгуст Эрнеставіч], аднак, не пакінуў. З гадамі крыўда растварылася, развеялася ў жыццёвых клопатах. Навуменка.
2. Разм. Адысці ад якіх‑н. думак, перажыванняў. — А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць. Краўчанка. Удзень Міхась хадзіў на работу. Хадзіў, каб паслухаць людзей, развеяцца ад хатняй нясцерпнай тугі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зруб, ‑а, м.
Сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвення або брускоў, злучаных у чатырохвугольныя вянкі. Калодзежны зруб. □ З вуліцы я завярнуў на агарод к новаму зрубу ў чатыры вянкі. Каваль. Адзін зруб быў ужо выведзены аж пад кроквы, відаць, чалавек спяшаўся, каб да зімы ўсяліцца ў новую хату. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́пань, ‑і, ж.
Спец. Прыбярэжная частка ракі, агароджаная змацаваным бярвеннем для затрымкі і сартавання сплаўнога лесу, а таксама і сама агароджа. [Васіль] сышоў з кручы да самай вады і так па беразе пайшоў да запані, дзе ўдалечыні чарнеў буксір. Краўчанка. Дружу з халоднай рэчкай быстраю, — Плыты да запані ганяю. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збо́льшага, прысл.
Разм. У асноўным, у галоўных рысах. Праз які тыдзень атрад збольшага быў укамплектаваны. Краўчанка. — Не бойся, — пачаў .. [незнаёмы] і, хвалюючыся, пераскокваючы з аднаго на другое, збольшага расказаў пра сябе. Сачанка. // Не ў поўную меру, часткова. Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
афекта́цыя, ‑і, ж.
Незвычайная ўзрушанасць, штучнасць у манерах, паводзінах, прыўзнятасць у мове. Калі аднойчы на пасяджэнні бюро райкома ўстала пытанне аб замене старшыні ў заняпалым калгасе «Маяк», .. [Сцяпан Апанасавіч] папрасіў слова і без усякай асаблівай афектацыі сказаў, што калі б члены бюро даверылі яму, ён паехаў бы туды працаваць. Краўчанка.
[Лац. affectatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вадапо́й, ‑ю, м.
1. Месца на рацэ, возеры, дзе пояць жывёлу, куды прыходзяць піць звяры. А з гушчару сцежкаю глухою Падыходзіць нехта к вадапою. Бялевіч.
2. Паенне жывёлы вадою. Надыходзіла паўдня. Час быў гнаць каровы на вадапой... Чарот. Даяркі спяшаліся на фермы, конюхі выводзілі на вадапой коней. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)