углы́б, прысл. і прыназ.
1. прысл. Углыбіню, унутр. Не паспее паплавок дакрануцца паверхні, як адразу штопарам ідзе ўглыб. Місько. [Хмялеўскі:] — Ласі сустракаліся, а цяпер няма. Сышлі ўглыб. Чарнышэвіч. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Я стаў на фурманцы, каб вышэй зірнуць, і ўбачыў, што гэты малады зараснік цягнецца ўглыб ад дарогі на некалькі кіламетраў. Чорны. // перан. У сутнасць чаго‑н. Пошук паэта пайшоў углыб. Лойка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «углыб» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на кірунак у глыбіню або ўнутр чаго‑н. Лес палье [дождж] — Глядзі, й дубок Новы выкіне сучок. Пусціць воды Долу ўглыб І палезе ўгору грыб. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.
2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.
3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.
4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.
5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.
2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шука́льнік, ‑а, м.
1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.
2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і шчацінне. Толькі дзік, Адзін-адзіны, Той, з кім заяц балбатаў, Хібы ўсе прыкрыў шчацінай Ад брушыны да хрыбта. Калачынскі. Жыў у Старобіне анучнік Шмуіл. Яго ведала ўся наша акруга, а ў Арабінаўцы — кожны падлетак, бо Шмуіл за анучы, шчаціну і ўсякае іншае шмуцце даваў, акрамя мыла, дзёгцю, яшчэ і цукеркі ды мятныя пернікі. Кулакоўскі. Пятровіч толькі ўключыў электрабрытву, каб спляжыць сівую шчаціну са свайго твару, як пачуўся званок. «ЛіМ». А з перавулкаў — жандары — Коні, шаблі, хрып, крык, Плямы раз’юшаных каркаў, Шчаціна ўздыбленых пік. Лойка. Падводы ж зрабілі круг, пераехалі цераз ручай і выбраліся на грэбень узгорка, парослага густой шчацінай маладога сасонніку. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
града́, ‑ы́; мн. гра́ды (з ліч. 2, 3, 4 грады́), град; ж.
1. Палоска зямлі, спецыяльна прыгатаваная для вырошчвання агародніны, кветак. Рабіць грады. Града агуркоў. Палоць грады. Паліваць грады. □ Зелянее многа град. Тут — цыбуля, памідоры, Морква, рэпа і салат. Муравейка. У агароднай брыгадзе высаджвалі з парнікоў на грады расаду капусты. Бялевіч.
2. Ланцуг невысокіх гор, узгоркаў. Сонца было ўжо зусім нізка над градою узгоркаў. Брыль. Граду раскалоўшы клінам, Пераліваецца водамі Ля скал Енісей. Калачынскі.
3. Мноства аднастайных прадметаў, размешчаных у адзін рад. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на каменне. Шамякін. // Паласа лесу. [Пархвен] мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.
2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.
3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.
4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парасо́н, ‑а, м.
1. Прыстасаванне для засцярогі ад дажджу і сонца ў выглядзе замацаванага на палцы складнога каркаса, абцягнутага матэрыялам. Сыпаў дождж, і над галовамі людзей раскрываліся чорныя парасоны. Арабей. Каля домікаў стаялі плеценыя крэслы і столікі пад вялікімі каляровымі парасонамі. Шамякін. // Тое, што па форме нагадвае такое прыстасаванне. Спускаліся ў паветры белыя парасоны парашутаў. Лынькоў. Над дзюнамі над соннымі сасонкі — парасонамі. Вялюгін. Сінее ў далечы загон, Рака між вольх пятляе, Нябёс блакітны парасон Вісіць шатром над краем. Матэвушаў.
2. Стрэшка над чым‑н.
3. Спец. Суквецце з некалькіх кветак на кветаножках, якія разыходзяцца прамянямі ад верхавіны сцябла. З першай кветкі На другую, Праляцеўшы трохі, — скок! Парасон яе прыгнула, Запусціла хабаток [пчолка]. Калачынскі.
[Фр. parasol.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяці́ла, ‑а, н.
1. ДМ ‑е. Нябеснае цела, якое выпраменьвае святло ў касмічную прастору або свеціць адбітым святлом. Сонца ж агніста паблісквае. Я шчодрасць свяціла цаню. Калачынскі. Мы вырваліся ў незямныя высі, Зірнулі ў твар нязведаных свяціл, І нашы мары з яваю зрасліся, Як пара дужых сакаліных крыл. Матэвушаў.
2. ДМ ‑у; чаго або якое. Чалавек, які набыў вялікую вядомасць у пэўнай сферы дзейнасці, праславіў навуку або культуру сваім талентам. [Кастусь:] — «Современник» чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча — Дабралюбаў. Караткевіч. [Мікола:] — Вось дзівак! Ты пабачыш, якая там абарона будзе. Я чуў, што ўжо ідуць перагаворы з самымі лепшымі адвакацкімі свяціламі Варшавы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.
спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)