прыпёк 1, ‑у, м.

Прыбаўка ў вазе хлеба пасля выпечкі ў параўнанні з вагой затрачанай мукі.

•••

Збоку прыпёку гл. збоку.

прыпёк 2, ‑у, м.

Моцная спёка, гарачыня ад сонца. І бярозавы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам. Бялевіч. // (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «на»). Месца, дзе асабліва моцна прыпякае сонца. Прыжмурыўшы вочы, сабака ляжаў на прыпёку пад сцяною хлеўчука і ляніва памахваў хвастом. Рылько. Густымі чорнымі плоймамі кружыліся і гулі на прыпёку мухі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўдня ​2; які бывае ў поўдзень ​2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.

паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўднёвы ​1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клясці́ся, клянуся, клянешся, клянецца; клянёмся, кленяцеся; пр. кляўся, клялася, ‑лося; незак., чым і без дап.

1. Даваць клятву, урачыста абяцаць што‑н.; прысягаць. Клянёмся мы — Радзімы чэсць і славу Цераз баі дастойна пранясём! Бачыла. Сумленнем кляўся чыстым ён, Жыццём ён кляўся чыстым, — Любіць свой край да скону дзён, Як любяць камуністы. Бялевіч. // Разм. Настойліва запэўніваць, пераконваць у чым‑н. Спірыдон кляўся і бажыўся, што куфэрак абы-каму не адкрыць. Асіпенка.

2. Разм. Сварачыся, праклінаць адзін аднаго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́мак, ‑мка, м.

1. Умацаванае жыллё феадала. На сцяне вісела літаграфія ў рамцы — сярэдневяковы, з вежамі і гатычным дахам, замак на беразе возера. Карпаў. Тут, на землях радзівілаўскіх, пакутуюць людзі, а за жалезнымі варотамі, за высокім валам, у змрочным замку Радзівіла адвечнае гора народа. Бялевіч.

2. Палац, вялікі памешчыцкі дом.

3. Уст. Назва некаторых турмаў, астрогаў. Амаль два месяцы прасядзелі яны ў Мінскія замку — так тады называлася гарадская турма. «Маладосць».

•••

Паветраныя замкі — неажыццявімыя, нязбытныя мары, фантастычныя планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

1. Разм. Змалаціць, перастаць малаціць, зрабіўшы норму або страціўшы сілы. [Пахілка:] — Не, братачка, я сваё адмалаціў. Шкадую толькі, што не ў пару паміраю. Савіцкі.

2. Адпрацаваць на малацьбе за доўг, паслугу.

3. перан. Разм. Моцна набіць, адлупцаваць каго‑н. [Катаржнік:] — І на стайні так адмалацілі — Ракам поўз дамоў, ісці не мог. Бялевіч.

4. перан.; што і без дап. Разм. Невыразна, у хуткім тэмпе прачытаць, выказацца; адбарабаніць. Даклад не прачытаў, а адмалаціў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрэ́гчыся, ‑прагуся, ‑пражэшся, ‑пражэцца; ‑пражомся, ‑пражацеся, ‑прагуцца; пр. запрогся, ‑прэглася і ‑праглася, ‑прэглася і ‑праглося; заг. запражыся; зак.

Разм.

1. Запрэгчы сябе ў што‑н.

2. Запрэгчы свайго каня, вала і пад. у што‑н. — Што, не запрагліся? Я так і знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? — .. [Юзік] узяў аброць у Тані.. Ён запражэ кабылу, і яны паедуць з усімі ў Карчаватку. Пташнікаў.

3. перан. Узяцца за цяжкую працяглую працу. — Запрогся ў воз — цягні, вязі! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саду. Садовая агароджа. □ [Алёша] чуў.. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. // Прызначаны для догляду саду. Садовы нож. Садовая піла.

2. Які расце ў садзе; культурны. Садовыя дрэвы. □ Садовых кветак, красак з поля Ахапкі! Поўныя збаны! Пакой у гэтакім убранні — Замры! Рукамі развядзі... Бялевіч. // Які знаходзіцца ў садзе. Садовая лаўка.

3. Які мае адносіны да садаводства, звязаны з ім. Садовы раён. Садовыя насаджэнні. Садовай справе вучыцца.

•••

Садовая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Перастаць гараваць, супакоіцца. Сэрца Лёнькі крыху ўцешылася.., бо.. [сабака] з’явіўся ў той момант, калі ён, пакрыўджаны Целякоўскім, збіраўся ў прочкі. Грамовіч. // Знайсці ў кім‑, чым‑н. для сябе ўцеху, задавальненне; абрадавацца. Учытаўся ў тыя байкі я і ўцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё тое, што акружае цябе. Бялевіч. Вестка аб тым, што прыйшоў новы старшыня з рабочых, з завода, мігам абляцела ўсе камунарскія кватэры і прымусіла занепакоіцца адных і ўцешыцца другіх. Барашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З чубам (у 1, 2 і 4 знач.). На прызбе чубаты салдат-гарманіст на ўвесь мах расцягваў трохрадку. Ставер. // Які формай нагадвае чуб (пераважна пра расліны). Зіна спынілася, прыслухалася. Дзесьці ўнізе, сярод чубатых вяршалін ні то кіпарысаў, ні то таполяў спяваў салавей. Лось. Цокат, грукат па дарозе, А з дарогі — пыл густы На бярозы, Вербалозы, На чубатыя кусты. Бялевіч.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чубаты шалфей. Чубатая чэрнець. Чубаты рабчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цькаўскі, ‑ая, ‑ае, н.

1. Які належыць бацьку. Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца. Купала. // Уласцівы бацьку. Паглядзіць на свайго сына Сцяпан, і напоўняцца яго вочы вялікай бацькаўскай радасцю. Кулакоўскі. // Набыты, спраўлены бацькам. [Ганцы] было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня. Чорны.

2. Звязаны з бацькаўшчынай, радзімай. Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... Самы ты вольны, край бацькаўскі наш! Кірэенка. На ім [гербе] — каронай залатой — Спляліся спелыя калоссі Бязмежных бацькаўскіх раўнін. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)