ізалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.

1. Адасобіць (адасабляць), аддзяліць (аддзяляць) ад навакольнага асяроддзя, абставін, умоў і пад. Дзверы не адчыняліся. Аўтаматычныя рэле пасля ўдару герметычна ізалявалі бібліятэку ад астатніх памяшканняў. Шыцік.

2. Змясціць (змяшчаць) асобна, пазбавіць (пазбаўляць) кантактаў з кім‑н. Ізаляваць злачынца. □ Пакуль хвароба не пашыралася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. — Я вас не арыштоўваў, а толькі ізаляваў на некаторы час. Чарнышэвіч.

3. Пакрыць ізаляцыяй (у 3 знач.). Ізаляваць электрычны провад.

[Ад фр. isoler.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сячны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Месяца (у 1 знач.). Пад месячным святлом іскрыўся іней, і звонкая цішыня стаяла над сусветам. Чарнышэвіч. // Асветлены Месяцам. Толькі аднаму Музыку Ноччу месячнай не спіцца. Танк.

2. Які працягвацца месяц. Месячны адпачынак. // Якому споўніўся адзін месяц. Месячныя шчаняты. // Які належыць за месяц. Месячная зарплата. Месячная пенсія. // Разлічаны на месяц. Месячны план. □ — Пакуль вы будзеце эксперыментаваць, мы месячны план завалім, — рэзка перабіў Булай. Шыцік.

3. у знач. наз. ме́сячныя, ‑ых. Разм. Тое, што і менструацыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.

2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.

3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.

4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; зак.

1. Абваліцца, сыплючыся. [Корзун] напэўна не спяшаўся — сляды былі акуратныя, нават у апошняй ямцы сценкі абсыпаліся не больш, чым у астатніх. Шыцік.

2. Пакрыцца, усеяцца мноствам чаго‑н. Зорамі абсыпалася начное неба. Чарнышэвіч. // перан. Разм. Займець многа дзяцей. А як падрос [Барыс] — дык і зусім у ярмо ўпрогся, дзецьмі абсыпаўся, галотай... Нікановіч.

3. Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). Лісце даўно абсыпалася з дрэў. Бядуля.

абсыпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да абсы́пацца.

2. Зал. да абсыпа́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэко́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

Найлепшы вынік, дасягнуты ў спорце, у працы і пад. Асаблівы поспех выпаў на долю юнака ў чырвонай майцы.. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік. У класе спрачаліся на тэму: што такое гераізм і ці з’яўляецца гераізмам рэкорд Алёшы Касцянка на камбайне? Шамякін. На кончыках пальцаў трэба было падымацца і апускацца дванаццаць разоў. Гэта лічылася рэкордам. Колас. // перан. Разм. Вышэйшая ступень праяўлення чаго‑н.

•••

Пабіць рэкорд гл. пабіць.

Ставіць рэкорд гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бесклапо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе клопату, турботы пра свае справы, паводзіны і пад. Ледзь не з першага дня Зіну акружыла самая гарачая хлапечая ўвага. Гэта часам рабіла яе бесклапотнай, легкадумнай. Шыцік. Толькі сляпы не ўбачыць, што .. [Дзіна] бесклапотная аж залішне. Навуменка. [Дамброўскі:] — Пан капітан залішне бесклапотны: У вас пад бокам тоіцца атрад... А вы спакойна седзіце ў палацах. Глебка. // Поўнасцю свабодны ад турбот. Бесклапотнае жыццё. □ Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Мележ. // Які выражае бесклапотнасць, бестурботнасць. Бесклапотны смех. Бесклапотная гамонка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́месь, ‑і, ж.

Не галоўны, дадатковы элемент у складзе чаго‑н.; дамешак. Ачысціць насенне ад прымесей. □ Прымесь дуба ў лясах поўначы БССР складае ўсяго 0,2–0,4%. Прырода Беларусі. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі. Шыцік. // перан. Разм. Дадатак да чаго‑н. Даследчык устанаўлівае, што гэта была ў сваёй аснове беларуская літаратурная мова XVI ст. з прымессю да яе стараславянскіх і чэшскіх слоў. Алексютовіч. Прымесь гаркаватага скепсісу адчувалася дзе-нідзе ў творах [паэта]. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпі́ска, ‑і, ДМ прыпісцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпісаць (у 1, 2 знач.) і прыпісацца.

2. Р мн. ‑сак. Тое, што прыпісана да чаго‑н., дададзена да чаго‑н., раней напісанага. У канцы апошняга ліста была Людзіна прыпіска: «Я прачытала. Я столькі перажыла, столькі зразумела...» Дуброўскі. Тады я здолею адправіць .. [пісьмо] назад, зрабіўшы адпаведную прыпіску наконт таго, чаму так здарылася, што яно распячатанае. Васілёнак. // Фальшывыя звесткі, прыпісаныя да афіцыйнага дакумента з карыслівай мэтай. Але рабочаму чалавеку нашы прыпіскі не патрэбныя. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэзі́дыум, ‑а, м.

1. Выбарны орган, які кіруе сходам або нарадай. Выбраць прэзідыум. □ Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік. // зб. Людзі, якія ўваходзяць у склад такога органа. Камсамолец узняў галаву, паглядзеў на наступнага «прасіцеля» і, пазнаўшы ў ім Бабрука, разгублена паглядзеў на прэзідыум сходу. Брыль.

2. Орган дзяржаўнай улады ў СССР, саюзных рэспубліках і некаторых сацыялістычных краінах. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.

3. Кіруючы орган некаторых арганізацыя і ўстаноў. Прэзідыум ЦК КПБ. Прэзідыум Акадэміі навук БССР.

[Ад лац. praesidere — сядзець наперадзе, старшынстваваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)