седлава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З седлавінай (пра каня).
2. Які мае форму сядла; выгнуты. Сям-там, як бы ля падножжа, да.. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў. Яблыня гэтая была седлаватай і аднабокай: відаць, нямала давялося ёй перанесці ўсякіх нягод. Кулакоўскі. // З упадзінай на носе. Гэта быў кашчавы, год пад семдзесят стары, з шырокім пукатым ілбом, седлаватым носам і з крутым падбародкам. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
седлаві́на, ‑ы, ж.
1. Прагіб у спіне жывёлін (пераважна ў коней). // Упадзіна на носе. На пераноссі, на самай седлавіне яго, рассыпаны кроплі, як на цецеруковым яйку, кроплі рабаціння. Баранавых.
2. Прадаўгаватая ўпадзіна паміж дзвюма высокімі вяршынямі ў горным хрыбце. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. // Участак дарогі з прадаўгаватым прагібам. Партызаны-сігнальшчыкі, якія спецыяльна былі выстаўлены ўсцяж усёй седлавіны дарогі, раз-пораз папярэджвалі. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Гармата, якая мае насцільную траекторыю стральбы і прызначаецца для паражэння далёкіх, адкрытых і хуткарухомых цэлей. Пушка вытыркнулася ствалом з-за куста і, уздрыгнуўшыся, грымнула. М. Ткачоў.
2. Апарат для лячэння сродкамі радыеактыўнага выпрамянення. Кобальтавая пушка.
пу́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Каробка (у 1 знач.). Ганна Сымонаўна ўзяла пушку запалак, чырканула. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Дабавіцца, далучыцца ў дадатак да чаго‑н. Сёння.. [Галя] нібы імянінніца, ды гады яе лічацца цяпер па класах, скончыла клас — год прыбавіўся. Якімовіч.
2. Павялічыцца, стаць большым (у памеры, сіле і пад.). Дзень прыбавіўся. Прыбавіцца ў вазе. □ — Цяпер у нас штат прыбавіўся. Тры даглядчыцы маем... Ракітны. / у безас. ужыв. За тры дні ягад прыбавілася. Шашкоў. Пад восень працы ў людзей прыбавілася. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамало́ць, ‑мялю, ‑мелеш, ‑меле; зак., што.
1. Змалоць нанава, іначай. Перамалоць вобмешку.
2. Памалоць усё, многае. Перамалоць усю пшаніцу. □ Крыламі махае дужы птах, — Адарвацца ж ад зямлі не можа: Хоць муку адвозяць на вазах, Ды не ўсё перамалоў ён збожжа. Непачаловіч.
3. перан. Разм. Паступова знішчыць, разбіць. — Усё, што перашкаджала жыць, перамалолі. Паслядовіч. Галоўнае ў тым, што мы перамалолі, знішчылі шмат жывой сілы і тэхнікі ворага. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пасунуцца (у 1, 3 знач.).
2. Перамяшчацца паціху ў якім‑н. напрамку; паволі рухацца. Павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся стары зубр да ручая, абрываючы па дарозе маладыя парасткі з дрэў. В. Вольскі. І па меры таго, як усё далей на захад адступаў фронт, услед за ім пасоўваўся і шпіталь. Васілевіч. Павольна наша фурманка пасоўвалася наперад, парушаючы цішыню наваколля. М. Ткачоў.
3. Зал. да пасоўваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ценны, ‑ая, ‑ае.
1. Разм. Вартасцю ў сто рублёў; сторублёвы. Соценны білет. / у знач. наз. со́ценная, ‑ай, ж. Ларывончык палез у кішэню, дастаў новенькую соценную і працягнуў яе Алімпе. Сабаленка.
2. Які складаецца са ста адзінак або які мае сто якіх‑н. адзінак. Пасярод стала, поруч з попельніцай, ляжала соценная пачка папярос. М. Ткачоў.
•••
Соценная вага — вага, на якой прадмет, што ўзважваецца, ураўнаважваецца ў сто разоў лягчэйшай гірай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Наезджаны, гладкі, роўны (пра дарогу, шлях). [Буйскі] шпарка ішоў па торнай дарозе на поўнач. Шамякін. Неўзабаве .. [Туравец і Шашура], выбраўшыся ўжо зноў на горны шлях, пад’ехалі да рэгуліровачнага паста. Мележ. Торная, выгладжаная палазамі санак, .. [дарога] зырка паблісквала перад вачамі, бура-рыжаватай істужкай бегла ў глыбіню лесу. М. Ткачоў.
2. перан. Адкрыты, даступны, шырокі (пра жыццёвы шлях). Свет расчынен вам [дзецям] прасторны, Зняты ўсе парогі, Каб пракласці шлях свой горны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зразуме́ла,
1. Прысл. да зразумелы (у 1 знач.).
2. у знач. пабочн. Вядома, канечне. Дакументы ў .. [парушальнікаў], зразумела, былі ў поўнай спраўнасці. Брыль.
3. у знач. вык. Ясна. І гэта зусім зразумела, Напісана чорным па белым: — Наш Ленін — свабода і мір, Працоўных усіх правадыр! Бялевіч. На.. плошчы.. салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю.. Усё гэта так зразумела і так проста. Лынькоў. / у безас. ужыв. — Так, зразумела, — быццам нешта падагульваючы ў сваіх развагах, прамовіў Камлюк. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лама́чча, ‑а, н., зб.
1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.
2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)